Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 11
Частка I
Аповеды
Школа № 26
Камсамольскі білет і красоўкі
ОглавлениеУ 1983 годзе ў Гомелі на вуліцы Кожара ў доўгім доме, які называлі «Кітайская сцяна», адчынілі новую краму – спартыўныя тавары. Падчас адкрыцця я праходзіла побач; ішла ў кінатэатр «Юбілейны», зайшла ў новую краму, і – цуд – там прадавалі красоўкі! Бела- чырвоныя. Купіць красоўкі было рэальна, але грошай з сабою не мела. Пасля фільма зайшла дахаты – узяла грошы ў бацькоў, прыйшла ў краму – красовак ужо не было. У мяне характар такі, што ўвесь час на нешта нерэальнае спадзяюся – на працягу года хадзіла ў тую краму, чакала, што зноў будуць красоўкі. Марна.
У 1984 годзе тата паехаў на працу ў Славакію ў горад Нітру. На вясновыя канікулы мы з мамай сабраліся да яго ў госці. Мне аформлі замежны пашпарт, савецкі здалі ў АВІР. І перад самым ад’ездам даведаліся: камсамольскі білет трэба таксама пакінуць на тэрыторыі СССР, здаць яго ў Гомельскі абкам камсамола, у сейф. У абкамаўскім кабінеце з сейфам высветлілася, што камсамольскі білет нельга здаць так проста: няма пячаткі – адзнакі пра сплачаныя ўнёскі. Унёскі па 2 капейкі, плацілі іх кожны месяц, але пячаткі ставілі звычайна пасля, адразу за некалькі месяцаў. А ўжо вечар. Мы тэлефанавалі ў школу. Сейф з пячаткай пра выплату ўнёскаў знаходзіўся ў піянерскім пакоі. Выклікалі школьную піянерважатую, штампавалі білет, я зноў бегла ў абкам камсамола – і здавала камсамольскі білет з пячаткамі. Камсамольскі білет зачынілі ў сейфе, а мы паехалі ў Славакію.
Ехалі праз Чоп. Памятаю дэталі начнога пераезду праз мяжу – таямнічая малазразумелая змена колаў у вагонах. Мне здавалася вельмі важным адчуць сам пераход – з адной рэальнасці ў другую, той момант, калі заканчваецца нашая краіна і пачынаецца іншая. Іншая краіна як іншая планета. Зыркія пражэктары, узараная зямля на нейтральнай паласе. І вось наш вагон на новых колах коціцца праз цемру, але цемра гэта ўжо не нашая – іншая. Замежжа.
Нітра ўразіла – замкам, апельсінавым сокам, касцёлам, дзе стаялі на каленях людзі. І крамай, у якой мне адразу купілі дзве пары красовак – без чаргі ды блату.
Не памятаю, як вярталі камсамольскі білет пасля прыезду. Эпізод сцёрты з памяці, але вярнулі – факт.
У лютым 1991 года ў Вільні каля будынка парламента пабачыла слуп, на якім цвікамі былі прыбітыя камсамольскія і партыйныя білеты – так людзі развітваліся з важнымі дакументамі савецкага часу, з савецкім мінулым. У Вільні мы былі ў камадзіроўцы – працавалі ў архіве, жылі недалёка ад парламента. Некалькі дзён падыходзіла да гэтага слупа, думала, ці не прыбіць і свой камсамольскі білет – ён быў са мною. Вырашыла не прыбіваць, пачакаць, зрабіць гэта ў Беларусі, калі прыйдзе час. Час прыйшоў, не было такога слупа. Камсамольскі білет дагэтуль у мяне.
2014–2015