Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 9

Частка I
Аповеды
Школа № 26
Урок за зялёнай фіранкай

Оглавление

Лічылася, што ў школе, у якой мы вучыліся (а было гэта ў Гомелі на вуліцы Савецкай), – добры матэматык.

Урок алгебры ў нас пачынаўся наступным чынам: клас дзяліўся на два варыянты, кожны варыянт атрымліваў сваю задачу. Адначасова настаўнік выклікаў двух вучняў да дошкі, яны таксама атрымлівалі ўмовы тых жа задачаў. Вучні станавіліся з двух бакоў дошкі, а настаўнік, як кулісай у тэатры, захінаў іх светла-зялёнай фіранкай.

Часам да дошкі даводзілася выходзіць і мне. Так я апыналася за зялёнай фіранкай з аркушыкам паперы – з умовай задачы і белай крэйдай у руцэ. Упэўненымі рухамі з націскам запісвала ўмовы задачы на дошцы. Напрыканцы ставіла дзве паралельныя рыскі – раўняецца…

І ўсё. Ужо адпачатку, калі запісвала ўмовы задачы, я ведала, што мне яе не рашыць, бо зусім і абсалютна нічога не разумела ў алгебры. І ўсе гэта ведалі. Але мусіла заставацца за фіранкай і чакаць, калі выпрабаванне скончыцца.

Звонку, за фіранкай, дыхаў, перашэптваўся клас, – там хтосьці ведаў, як рашыць задачу, а нехта – не.

За зялёнай фіранкай, калі паглядзець угору, можна было бачыць над дошкай толькі партрэт матэматыка Лабачэўскага – вельмі падобнага на паэта Блока.

Час сыходзіў, і настаўнік адшморгваў фіранку, я заставалася стаяць перад усімі з нявырашанай задачай – толькі дзве рыскі пасля. Ніхто і не чакаў ад мяне іншага. Фінал быў вядомы адпачатку.

У класны журнал настаўнік ставіў мне кропку, аналаг самай нізкай адзнакі – адзінкі. Меркавалася, што здольная буду выправіць кропку на іншую адзнаку.

Можна спытаць – як я вучылася? Як скончыла школу? Мне дапамагла Каця – сяброўка-выдатніца і шахматыстка, з якой мы сядзелі за адной партай. Гэта Каця рашала за мяне задачы ў тых выпадках, калі гэта было магчыма – не за зялёнай фіранкай. На выпускных іспытах Каця зрабіла і свой, і мой варыянт кантрольнай. Толькі дзякуючы сяброўцы я атрымала атэстат і скончыла школу.

Калі віншавала Кацю з новым 2015 годам, сказала: «Жадаю паспяховага рашэння жыццёвых задач».

– Як ты сфармулявала! – адказала Каця.

І… у прынцыпе, тэкст не толькі пра жахі школьнага жыцця, гэта аптымістычны тэкст. Бо калі сам нечага не можаш і не ведаеш, то заўсёды ёсць той, хто ведае і дапаможа.

Жыццё штодня ставіць перад намі розныя задачы. І часам здаецца, што яны невырашальныя. Але гэта не так. Кожная задача мае сваё рашэнне. Калі мы рашэння не ведаем, тое зусім не значыць, што яго не існуе.

Гняздо-2 (зборнік)

Подняться наверх