Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 20

Частка I
Аповеды
Да сустрэчы ў Сінгапуры!

Оглавление

– Бамбёжка! – сказала Ленка.

Металёвыя абцугі ўздымалі ў паветра і ставілі на машыну кантэйнеры са смеццем. Кантэйнеры грукалі і ляскалі.

– Бамбёжка! – сказала Ленка. А Янка, лежачы ў ложку, уявіла цяжкі смурод, што распаўзаўся зараз ад кантэйнераў. Пасля іх на асфальце звычайна застаюцца мокрыя пляміны, якія высыхаюць за дзень, а вечарам зноў выразна адчуваецца пах новай працоўнай раніцы. І так штодня.

– Бамбёжка, – паўтарыла Ленка і пайшла на працу. Янка зноў заснула.

Янка прачнулася, калі паміж высокімі дамамі распаўзліся прыцемкі, канчаўся восеньскі дзень. Янка пасунулася на кухню, папіла вады з-пад крана, запаліла цыгарэту. Цыгарэта пакідала на вільготных вуснах непрыемны смак, і Янка заела яе малінавым сочывам. Па радыё перадавалі джазавую музыку. Думкі распаўзаліся, што тыя пляміны на асфальце, перад вачыма круціліся знаёмыя твары, дамы, вуліцы, парканы з перадвыбарчымі плакатамі. Усё круцілася, круцілася, але хвалявала не больш ад пустой пляшкі, пушчанай на рачныя хвалі.

Янка ўзяла кніжку, але чытаць не магла. Пачаўся дождж, яна сядзела і слухала яго нервовы рытм.

У дзверы пазванілі, гэта прыйшоў Жэнік.

– Ты адна? А дзе Ленка?

– Не ведаю… А дзе твой парасон?

– Які парасон?

– Ты без парасона? На вуліцы ж дождж.

– Які дождж?!

– Хіба не чуеш, як шуміць?

– Шуміць? Гэта галубы топчуцца па карнізе.

– Галубы ўжо спяць.

Аранжавая лямпа напаўняла пакой роўным нязыркім святлом. Дождж падаў за акном, буйныя кроплі біліся аб цынкавы карніз. Жэнік плюхнуўся на канапу і сказаў:

– Жыццё такое дурное…

– Жыццё дурное, – паўтарыла Янка. – Але апошнім часам у мяне пачынае ўзнікаць сумненне: ці гэта жыццё дурное, ці ўсё ж такі я дурная.

– Чаго?

– Мне нядаўна распавялі трагічную гісторыю пра каханне, я рагатала, не магла супакоіцца.

– Раскажы.

Жэнік выцягнуў з вазы засушаны гваздзік і па адным абдзіраў яго пачарнелыя пялёсткі.

– У гэтай дзяўчыны быў хлопец. Літовец. Вельмі разумны. Разбіраўся ў філасофіі, вучыўся ў політэхнічным інстытуце. Яны цалаваліся на вуліцы.

– Гэта ўжо натуралізм, – Жэнік выцягнуў з вазы яшчэ адзін засушаны гваздзік.

– Так, але гэта яшчэ не ўсё. Ёй казалі, што ў яго шмат «дзяўчат», але яна «не верыла».

– Чаму?

– Не ведаю. Аднойчы вечарам яна ішла па вуліцы і пабачыла, як ён у падваротні цалуецца з іншай дзяўчынай. Яна падышла і сказала па-руску: «Девушка, не верьте ему, он вас обманет!» А мужчына сказаў: «А, прывітанне, і ты тут?» Клас?

Жэнік засмяяўся і сказаў, што ва ўсім гэтым выразна праглядаюцца фальклёрныя матывы, што сюжэт гэты можа спакойна вандраваць ад адной трагічнай гісторыі да другой. Але ўсё роўна смешна.

Янка пайшла на кухню гатаваць каву. Пакуль грэлася вада, яна глядзела ў акно. Было цёмна, густы дождж барабаніў у шыбу. Двор быў пусты, белыя ліхтары свяціліся ў халодным змроку. Чорныя вадзяныя патокі несліся па асфальце да закратаванага люка. Вада каля люка віравала, у віры круцілася нешта белае, як падалося Яне, ануча.

«У кагосьці бялізну з балкона знесла», – падумала яна. Праз двор да тэлефона-аўтамата прабегла жанчына ў светлым плашчы. Можа, хуткую трэба выклікаць? Пры такім жахлівым надвор’і каму хочаш можа зрабіцца блага. На кухні пахла кавай. Жанчына ад тэлефона вярталася да свайго пад’езда. Каля люка яна крыху памарудзіла. Хацела пераскочыць? Кава закіпела, вылілася на пліту. Янка хуценька выключыла газ. І калі зноў глянула ў акно, жанчына знікла, толькі ў віры над люкам вада круціла нешта светлае. Дождж шапацеў, заглушаў усе іншыя гукі. Янка, якая заўсёды сумнявалася ў рэальнасці навакольнага свету, не знайшла ў гэтым здарэнні нічога дзіўнага. Разліла па філіжанках каву і панесла яе ў залу.

На сцяне была налеплена паштоўка: заснежаны пляж, мол, халоднае мора.

– Што гэта? – спытаў Жэнік.

– Мой любімы краявід.

Паштоўка вісела на сценцы даўно, таму ніхто ніколі не мог бачыць надпісу на яе адваротным баку. «Да сустрэчы ў Сінгапуры!» – было напісана там. Янка заўсёды помніла пра гэта; калі глядзела на любімы краявід, то паўтарала ў думках: «Да сустрэчы ў Сінгапуры… Да сустрэчы ў Сінгапуры…» Гэту фразу можна было прагаворваць на розныя лады, у залежнасці ад настрою.

– У мяне таксама ёсць любімы краявід, – гаварыў Жэнік. – Рэклама насовак: сонца заходзіць, а на скале стаяць чырвоныя сосны, пад імі чорныя цені. Ён у мяне дома ў кнігах ляжыць.

– Чаму ты яго не дастанеш?

– Навошта? Гэта ж толькі рэклама насовак.

Жэнік пайшоў, Янка зноў засталася адна. Яна стаяла з цыгарэтай каля акна на цёмнай кухні. Бачыла, як Жэнік выйшаў з пад’езда. Ліў дождж, а ён не зважаў на яго, як бы дажджу не было зусім. Бачыла, як Жэнік на хаду азірнуўся, глянуў на іх вокны, махнуў рукой і знік. Гэта было каля таго люка. Янка стаяла, глядзела на дождж, больш глядзець не было на што – двор быў зусім пусты. Свяцілі белыя ліхтары.

– Да цябе Жэнік прыходзіў, – сказала Янка Ленцы, калі тая вярнулася дахаты.

– Што ён хацеў?

– Не ведаю… А дождж яшчэ ідзе?

– Скуль ты ўзяла? Суха. А з Жэнікам мы ўсё роўна пабачымся заўтра.

– Магчыма.

Янка глядзела на свой любімы краявід: мора, мол, зярністы снег на пляжы. Яна падумала, што Ленка таксама не ведае таго надпісу на адваротным баку паштоўкі:

«Да сустрэчы ў Сінгапуры!..»

1989

Гняздо-2 (зборнік)

Подняться наверх