Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 18
Частка I
Аповеды
На вакзале
ОглавлениеЮрасю здавалася, што яго сустракаюць. Ён марудзіў на платформе, у падземным пераходзе пільна ўглядаўся ў твары людзей, што стаялі ўздоўж сцяны. І нават на аўтобусным прыпынку Юрась азіраўся, шукаючы некага вачыма.
Было холадна. Вецер гнаў сыпкі снег, намятаў гурбы. Круцілася, пералівалася рознакаляровымі агеньчыкамі ёлка на прывакзальным пляцы.
У кватэры Юрася сустрэў кіслы, застаялы пах нежылога памяшкання. І Юрась, не распранаючыся, кінуўся адчыняць форткі: «Хай сабе скразняк, абы не гэты пах», – думаў ён, ужо здымаючы пажоўклыя газеты з кніжных паліц. Уключыў у разеткі тэлевізар і халадзільнік і сеў задаволены ў крэсла. Нарэшце дома, праўда, ненадоўга, але ўсё ж такі… У сваёй кватэры Юрась адчуваў сябе вольным, ад чаго – сам толкам не ведаў.
У дзверы пазванілі. Юрась пайшоў адчыняць, але спыніўся. Відаць, нехта памыліўся. Каму трэба званіць у пустую кватэру? Але званілі доўга і настойліва, не адрываючы рукі. Юрась мусіў адчыніць. На парозе стаяла дзяўчына ў чорным футры.
– Праходзьце. Я сам толькі што прыехаў, яшчэ нічога да ладу не давёў, – тлумачыў ён, дапамагаючы ёй распрануцца, і ўсё не мог згадаць, што гэта за дзяўчына. Ён правёў яе ў залу, пасадзіў у крэсла, дзе толькі што сядзеў сам.
– Марыя Вітольдаўна памерла, – прамовіла дзяўчына.
– Гора якое! Калі? – сказаў Юрась толькі дзеля таго, каб нешта сказаць і выгадаць час, бо зусім не памятаў, хто такая Марыя Вітольдаўна.
– Сёння днём, – адказала дзяўчына і заплакала.
Юрась паківаў галавой: ён усё ж прыгадаў, што Марыя Вітольдаўна – яго швагерка, а дзяўчына, відаць, яе ўнучка Вера.
– Яшчэ сёння глядзела, як я шары на ёлку вешала, – гаварыла Вера скрозь слёзы. – Але, ведаеце, цяпер свята, дык усе крамы пазачыненыя і кантора гэтая… Вы, Юра, прыйдзеце заўтра?
– Я заўтра ад’язджаю. А то прыйшоў бы. Я магу зранку падысці да маёй цёці. Яна дакладна прыйдзе.
Юрасёва цётка жыла на другім канцы горада. Юрась адчуў, што, схадзіўшы туды, ён ужо зробіць добрую справу.
Вера пайшла. Але спакой быў парушаны. Юрась без мэты блукаў па кватэры, разглядаў змалку знаёмыя карціны на сценах, браў з паліц кнігі толькі для таго, каб паставіць іх на месца. Было прыкра і цяжка. Юрась падышоў да акна. Глядзеў, як вецер бесперастанна круціў дробны, сухі снег у чорным вечаровым паветры. У акне насупраць успыхнула ліхтарыкамі ёлка. «І мне трэба было б хоць якіх лапак у слоік паставіць. А то які ж Новы год, а тут яшчэ гэта… – думаў Юрась. – Я ж Марыю Вітольдаўну, можа, раз у жыцці бачыў – заносіў ёй вазоны, каб летам кветкі палівала». У памяці ўсплыла думка, якая калісь вельмі турбавала Юрася: «Чаму чалавек ніколі не можа адчуць ці хаця б уявіць чужое гора, боль? Ніколі. А калі ён прыходзіць, агортвае цябе, ты, адарваны ад усіх, застаешся з ім сам- насам, пазіраеш на свет, бы з глыбокай студні…»
Спаў мала і неспакойна, думкі пераліліся ў трывожныя сны: то бітыя вазоны з высыпанай зямлёю, то калядная каза бегала па кватэры і біла капытамі.
Раніцай пацішэла. Замятуха скончылася, паказалася сонейка. Юрась павольна ішоў ціхай старой вуліцай на ўскраіне горада, уздоўж аднапавярховых дамкоў з чырвонай цэглы. Пры яго набліжэнні з дрэў узляталі сініцы, атрэсваючы з папрыгінаных галін снег. Сняжынкі зіхацелі, пераліваліся на сонцы. Юрась усміхаўся, ён прыгадваў той час, калі ездзіў сюды кожны дзень пасля школы. Яго цётка вельмі любіла і пеставала катоў. У яе заўсёды было іх не менш як пяць, акрамя гэтага каля яе дома збіраліся прыблудныя і суседскія каты, якіх яна таксама час ад часу падкормлівала. А ўласна хатнія мелі на дзіва дагледжаны выгляд: тоўстыя, пухнатыя, з бліскучай поўсцю. Да цёткі яны не адчувалі ніякай удзячнасці: ні за сырызну, ні за супы, ні за цёплую печку. Юрась знаходзіў на печцы сабе пацеху: ён асцярожненька праводзіў рукой па тлустых каціных спінах, тады па хвастах, дакранаўся пальцам да вільготных насоў. Каты злосна пыхцелі, білі хвастамі, паказвалі вострыя кіпці з-пад пульхных падушачак на лапах.
– Юра, што ты робіш з маімі катамі? – крычала цётка.
– Што ж ты ім такім зробіш? – смяяўся Юрась.
Потым прыходзілі бацькі і забіралі Юрася, каты скручваліся ў клубок, вярталіся да звыклага спакою на цёплай печцы. З такімі ўспамінамі Юрась падышоў да цётчынага дома. Брамка была зачынена, і ён пагрукаў у акно. За фіранкаю мільгануў цень.
– Юра! А няўжо гэта ты? Зусім ты на мяне забыўся!
Цётка выбегла на двор, адчыніла брамку і пацягнула Юрася ў хату, не даючы сказаць слова.
– Сядай во сюды, да акенца, распавядай, – казала яна.
Юрась сеў, тужліва глянуў на заснежаныя дрэвы і прамовіў:
– Марыя Вітольдаўна памерла.
– Гора якое! А калі?
– Учора днём. Яшчэ зранку глядзела, як Вера шары на ёлку вешала, днём стала кепска – і ўсё.
Цётка ківала галавой.
– Ты пойдзеш да іх? – спытаў Юрась.
– А як жа я, Юра, пайду? Да мяне зараз госці прыйдуць. Я пірагоў напякла. Можа, і ты есці хочаш? – усхвалявалася цётка.
Юрась спакойна адказаў: «Хачу». І сам сабе падзівіўся, бо прыйшоў усё ж такі паведаміць аб смерці.
Яны селі за стол. Юрась зноў каля акна, а цётка насупраць.
– І калі ты, Юрась, скончыш свой інстытут?
– Яшчэ год вучыцца.
– А тады?
– А тады буду працаваць.
– А дзе?
– Хто ж ведае, куды накіруюць. А як, цётка, твае каты? Колькі іх у цябе?
– Тры.
– Нешта мала!
– А паглядзі якія.
На печы Юрась знайшоў толькі аднаго ката. Ён ляжаў выпрастаўшыся, як дарагі каўнер, і не падаваў ніякіх прыкмет жыцця. Юрась правёў рукою па яго спіне, па пухнатым хвасце, дакрануўся пальцам да носа. Патурбаваны кот злосна мяўкнуў, скруціў дугой хрыбціну.
– Юра, што ты яму зрабіў? – закрычала цётка, пачуўшы мяўканне.
– Хіба яму што зробіш?
Юрась саскочыў з печкі.
– Добра, я пайду. Вы, можа, усё ж такі сходзіце да Веры?
– А ты пойдзеш?
– Я ж сёння ад’язджаю.
На вакзале Юрась паспрабаваў уявіць, што яго праводзяць, але не здолеў.
1987