Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 5
Частка I
Аповеды
Школа № 26
Маньяк у доме «Палітпроса»
Оглавление«Дом палітпроса» – дом палітычнай асветы, скарочаны варыянт ад расейскага «дом политпросвещения». У часы развітога сацыялізму, якія пасля былі названыя часамі застою, кожныя два тыдні ў Гомелі нас са школы па вечарах вадзілі ў абавязковым парадку ў Дом палітпроса – на лекцыі пра міжнароднае становішча. Доўгімі восеньскімі вечарамі туды ж заганялі яшчэ шмат дзяцей з іншых гарадскіх школ. Зала вялікая, крэслы чырвоныя, мяккія. Лекцыі найнуднейшыя – пра сіянізм, пра амерыканскую ваеншчыну і барацьбу за мір у СССР. Чыталі лекцыі памятыя дзядзечкі з трыбуны – мала што разабраць было. І слухаць нецікава – тады прамовы з такім зместам ліліся з радыё, з тэлебачання, з газеты «Правда», якую нам даводзілася чытаць, рыхтуючыся да штотыднёвых палітінфармацый у класе. Быў набор словаў, які прагаворваўся як бы міма свядомасці, але… відаць, трапляў у падсвядомасць. Шум, ідэалагічны шум.
І вось у Доме палітпроса завёўся маньяк. Сэксуальны вычварэнец. Педафіл, якога вабілі дзяўчаты-падлеткі. Уваход у Дом палітычнай асветы быў бясплатны і не надта кантраляваўся. І маньяк даведаўся пра такую зручную пляцоўку, дзе шмат дзяўчат без бацькоў. І пачалося… Маньяк адсочваў ахвяру, ціхенька-спакойненька сядаў за спінай дзяўчынкі. І як толькі лектар пачынаў нудзець пра сіянізм і агрэсію, маньяк нахіляўся над вухам дзяўчынкі і пачынаў нашэптваць непрыстойнасці з назвамі ўсіх органаў і дзеянняў. Ахвяра сядзела ў мяккім крэсле паралізаваная ад немагчымасці нічога зрабіць. Лекцыя заканчвалася, маньяк сыходзіў. І мы ведалі, што кожны раз падчас лекцыі маньяк будзе ў зале. Паскардзіцца настаўнікам немагчыма, бо нават не ведалі, як сфармуляваць.
Маньяк быў брыдкі і даставучы. Але мы яго перамаглі. Перамога з’явілася вынікам супольных дзеянняў. Не памятаю, хто прыдумаў. Але ідэя была геніяльная: аб’ядноўвацца ў группы, глядзець на маньяка ва ўпор і абгаворваць яго, абсмейваць, перамагаючы страх. І гэтая публічнасць маньяка даканала – ён не здолеў быць аб’ектам кпінаў і знік з далягляду, прынамсі ў той дзень, калі прыходзіла на палітасвету наша школа № 26.
Цяпер ніяк не магу зразумець настальгіі па СССР, асабліва ў маладых людей, якія настальгуюць па тым, чаго не ведаюць, а калі нешта памятаюць – то пламбір па 20 капеек ды газіроўку па 3 капейкі. Згадваю доўгія нудныя прамовы, поўныя нянавісці да ўсяго свету, хлусню, аднастайнасць жыцця ды яшчэ шмат чаго брыдкага. Саветызацыя – гэта зло, адназначна.