Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 2
Частка I
Аповеды
Цень і кароткі дзень
ОглавлениеДні кароткія, мутныя, халодныя. Цемра наплывае вельмі хутка. У такія дні добра пішуцца калядныя апавяданні, а душу грэюць успаміны.
Снежаньскім халодным днём хадзіла па Траецкім прадмесці ў Мінску каля музея Максіма Багдановіча – на галаве чорны капюшон ад байкі «НЕ смяротнаму пакаранню».
Раней у гэты час музей мне нагадваў домік з каляднай паштоўкі.
Ужо сцямнела, і ў некаторых музейных вокнах гарэла святло. У вокнах майго былога кабінета было цёмна.
Уявіла ў музеі свой прывід – цень дваццацігадовай даўніны. Прывіды застаюцца ў тых мясцінах, дзе мы перажывалі самыя моцны эмоцыі – так? Значыць, у музеі павінен жыць мой прывід. Неабавязкова для гэтага паміраць, за дваццаць гадоў чалавек так змяняецца, што ўжо і не пазнаць – ні ўнутрана, ні знешне.
Вось мой цень націскае кнопку званка службовага ўвахода. Адчыняе заўгас, які даўно ляжыць на Кальварыйскіх могілках. Заходжу, бяру ключы ад другога паверха і экспазіцыі. Падымаюся, на электрычным шчытку ўключаю адразу пяць тумблераў – запальваецца святло ва ўсіх пяці залах экспазіцыі. Заходжу. Экспазіцыя на месцы. Я правяраю захаванасць экспанатаў, як тады. Рэчы-рэліквіі, фотаздымкі. Браты Луцкевічы, Ластоўскі, слуцкі пас, Адам Багдановіч, Максім Багдановіч – усё, як было. Цёпла, пахне каваю і старымі кнігамі. З гардэроба па лесвіцы ўздымаецца экскурсія – дзеці.
Хадзіла па горадзе і ў думках парушала правіла: гісторыя не мае ўмоўнага ладу, а адпаведна ўсе развагі пра тое, «што было б, калі б», – бессэнсоўныя. Думала: ці магчыма было не звальняцца з музея Максіма Багдановіча? Можа, трэба было застацца? Можа, сваёй працай я магла б штосьці змяніць?
Але падзеі дваццаць гадоў таму развіваліся вельмі хутка, любая стабільнасць пачынаецца з нестабільнасці – ішло выцясненне са сферы культуры. Калі сыходзіла, думала, што вярнуся. Цяпер ведаю: не вярнуся. І няхай мой цень нікога не напалохае ў музеі, ён добразычлівы.
І яшчэ адна простая зімовая гісторыя трывожыць мяне… Пачатак 60-х гадоў. Пасля школы мая маці паступіла адразу ў Маскву ва ўніверсітэт, а дзве яе школьныя сяброўкі – не (з імі ўсё было ў парадку, яны паступілі праз год). Але першы год пасля школы яны засталіся ў Оршы. І пазнаёміліся з дактарамі, якія працавалі ў Копысі, ездзілі да іх зімой цягніком. Дактары сустракалі іх на станцыі на санях і везлі ў Копысь праз Дняпро – да цяпла, да печак з кафляй з чырвонай гліны з выявамі коцікаў. І ўсё, толькі гэтая карцінка: цягнік, мароз, сані, Дняпро, печка.
Хвалюе той момант, калі жывое жыццё ператвараецца ва ўспамін, а пасля ўсё знікае. Цяпер тут мост.
1 снежня 2015 года