Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 16
Частка I
Аповеды
Люстэркі
ОглавлениеСяброўкі, якіх выбіраем мы, сяброўкі, якія выбіраюць нас, сяброўкі, якіх для нас выбірае жыццё ці лёс.
Ёсць такія, якія ўвесь час «дастаюць», чапляюцца, лезуць, падстаўляюць эмацыйныя падножкі. Ёсць сярод іх і «змагары за праўду з мяшчанскім ухілам» (была такая фармулёўка ў 60-я гады). Гэта штосьці накшталт хатняга пракурора ці злоснага следчага.
Абвінавачваюць, вядуць бясконцыя блытаныя маналогі. Гнеўныя шукальніцы праўды. Гаварыць можна ўсё, што заўгодна. Галоўнае – зрабіць балюча. Ступень блізкасці і сяброўства вымяраецца болем. У адказ на шчырасць – сама вінаватая і таму будзеш пакараная. Бязлітасныя Эрыніі – дэманы помсты на крылах кажана, з пугаю ды паходняй у руках. Такія «дзеля праўды» могуць лёгка патэлефанаць мужу сяброўкі і распавесці пра яе каханкаў… Бязлітасныя, носяцца ў цемры і асвятляюць сабе шлях паходнямі, каб ніхто не схаваўся. Яны жахліва крычаць, пераследуюць і караюць іншых, тых, хто не такі, як усе. Яны прагнуць зрабіць усіх аднолькавымі. Пачвары. З іх доўгіх языкоў кроплямі падае кроў ахвяраў. Бясконца абвінавачваюць усіх ва ўсім. Ім патрэбныя гледачы і ўвага, і яшчэ – як мага больш людзей уцягнуць у сваю вар’яцкую гульню і пакараць.
І вось што падказалі мне разумныя людзі: спыніць гэтыя гульні можа толькі высвятленне крыніцы ўласнага мазахізму. «Крыніца мазахізму» – паэтычна гучыць. Ды як яе шукаюць?
Але ёсць іншы варыянт, ёсць іншыя сяброўкі, якіх бачыш, можа, не так часта, але да якіх можна звярнуцца з любым пытаннем і не адчуць сябе… не адчуць сябе кепска пасля гэтага.
Хачу распавесці пра Кацю. Каця – нашчадак вядомага доктара-фізіёлага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі за 1904 год у сферы медыцыны, стваральніка тэорыі пра вышэйшую нервовую дзейнасць.
З Кацяй пазнаёміліся ў Адэсе ў кватэры яе бабулі. Я зайшла і… адразу ўбачыла люстэрка. Вялізнае, высокае, пад столь, а столь у кватэры таксама высокая. Пра такія кватэры можна прачытаць толькі ў кнігах пра дарэвалюцыйнае дзяцінства прафесарскіх дзяцей. Я прайшла з вітальні ў вялікі пакой, а там яшчэ адно люстэрка. Ручкі на дзвярах старыя, медныя, на вокнах таксама медныя ручкі. У вялікім пакоі ля сцяны стаяў ровар, ён губляўся ў вялікай кватэры, здаваўся зусім маленькім.
Прайшло пару гадоў. Мы сустрэліся з Кацяй у Крыме на пляжы, недалёка ад руін старажытнага Херсанеса. Пачатак кастрычніка. Бліскучае, блакітнае, празрыстае і спакойнае мора і такое сама блакітнае і ціхае неба. Сонца грэе, мы ляжым на драўляных насцілах і гаворым.
Кажуць, каб супакоіцца, трэба ўявіць сябе на беразе мора, пачуць шэпт хваляў. Музыка для рэлаксацыі – піяніна, шум мора, чайкі. Не трэба нам піяніна. Не трэба напружвацца і нешта прыдумляць. Мы і так на беразе мора, мы адчуваем і яго пах, і лёгкі ветрык, і восеньскі холад, які прабіваецца праз сонечнае цяпло.
– Скажы, ты ў магію верыш?.. У такую, народную, што можна сурочыць і праклясці – чалавека ці дом? – пытаюся я ў Каці.
– Канечне, веру.
– Ды ты што?!
– А што? Не мушу?
– Ты ж нашчадак вялікага доктара-матэрыяліста. Таму… раз ты верыш, значыць, праўда, ёсць яно.
– Так і што? Усе вялікія навукоўцы ўпіраліся ў містыку, розум чалавека абмежаваны.
– А як з гэтым змагаюцца? Напрыклад, калі ў доме жыць цяжка.
– Наколькі я ведаю, ёсць розныя шляхі. Першы – рэлігійны: дом асвяціць, гэта як чалавека пахрысціць, – новае жыццё ў дома пачынаецца. Але калі ты пра свой дом, пытанне ў тым, у што ты верыш. Мая сяброўка пры цяжкіх адчуваннях, альбо калі ўсе пачынаюць хварэць, прыбірае ў хаце, мые падлогу з зёлкамі. Я веру, што ў кожнага чалавека ёсць магія, і, калі ты сама сабе рытуал прыдумаеш, які цябе абароніць і чужыя ўплывы прагоніць, – ён можа спрацаваць. Ці ёсць у доме старыя рэчы, напрыклад, люстэркі?
– Не надта старыя… Саракавыя-пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя.
– Я адчуваю энергетыку ад рэчаў, таму, калі мне ад бабулі кватэра засталася, я найперш люстэркі прадала: яны энергетыку вельмі добра захоўваюць. Перад тым як кватэру прадаць, я спачатку рэчы прадавала, а то ў мяне было адчуванне, што бабуля з кватэры не сышла і што яна б не дала мне кватэру прадаць.
– Я памятаю гэтыя люстэркі, яны па чатыры з паловай метры вышынёй.
– Так, вялізныя былі. Я ўжо не памятаю, прадала ці то ў музей, ці то ў тэатр. А можа, і бясплатна аддала.
– Фантастычныя люстэркі былі.
– Ну, гэта не клас, там усяго чатыры-шэсць свечак адбівалася, а класныя лічацца пасля дзесяці-дванаццаці адбіткаў.
– А ты адлюстроўвала ў люстэрках свечкі?
– Вядома. Запалі свечку і паднясі да люстэрка, у сучасным люстэрку ты ўбачыш адзін-два адбіткі. А старыя люстэркі – тоўстыя, там больш пераламленняў адлюстравання выявы.
– А што, для гэтага свечку ставіць насупраць люстэрка, ці як?
– Свечку ставіш перад люстэркам, а глядзіш троху збоку, як бы ў перспектыву…
– Я праверу, калі застануся вечарам адна ў доме. Можа, нават перад Дзядамі.
– Так… вяртаемся да твайго дома. Мне здаецца, гэта пытанне кошту, які ты сама заплаціш. Калі ты маеш магчымасць паўсюль замяніць падлогу і абнавіць сцены – гэта дапаможа. Гэта не кансультацыя, гэта парада з практыкі.
– Я так думаю, што ад дома, у якім нарадзіўся і жыў у дзяцінстве, трэба трымацца далей. З’ехаць куды-небудзь і заязджаць зрэдку, а яшчэ лепей – у снах. Я табе таксама распавяду гісторыю пра раптоўную смерць жанчыны і люстэрка… Пачула ў цырульні… Адбылася гісторыя ў раённай паліклініцы імя Сямашкі, там паставілі новыя камеры-назіральнікі. І здарылася, што адна жанчына ішла па лесвіцы ў паліклініцы і памерла. Супрацоўнікі паглядзелі гэта ў запісе і ўбачылі наступнае: ідзе жанчына па лесвіцы, а за ёй нешта цёмнае – ці то цень, ці то пляма цягнецца. Жанчына падае, гэта цёмнае аддзяляецца ад жанчыны, пачынае мітусіцца, а пасля шугае ў люстэрка. Запіс з камеры паказалі галоўурачу, ён загадаў люстэрка замяніць і запрасіць святара. А размова пачалася з таго, што «камеру не падманеш».
– Новая гарадская легенда.
Каця пазбылася сваіх люстэркаў, прадала кватэры ў цёплай Адэсе і з’ехала ў Пецярбург, дзе працуе ў арганізацыі, якая займаецца экспертызай старых будынкаў.
Дом як дамавіна. Гэта аднакарэнныя словы – так? Калі мы клапоцімся пра захаванне старых дамоў, можа, гэта не зусім пра архітэктуру, можа, мы дбаем пра прывіды, каб ім было дзе існаваць.
І яшчэ кажуць, што сапраўдных сяброў чалавек можа знаходзіць толькі ў юнацтве. І тыя, што з юнацтва, яны сапраўдныя. Няпраўда, чалавек можа знаходіць новых добрых сяброў у любы момант свайго жыцця.
Красавік 2012 года