Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 6
Частка I
Аповеды
Школа № 26
Ганаровая варта
ОглавлениеНа 9 Мая ў Гомелі падчас параду ветэранаў мы стаялі ў гольфах і з белымі бантамі ў ганаровай варце каля помніка Леніну на плошчы, насупраць тэатра. А на 11 верасня ў нас была варта каля помніка Дзяржынскаму, насупраць КДБ, бо наша піянерская дружына была названая ў гонар Дзяржынскага.
Аднойчы пачалася бура: дождж, вецер, галюкі з дрэваў паляцелі. А класная не ведала, што рабіць. Так мы і стаялі пад дажджом. Тады з будынка выскачыў «рыцар з гарачым сэрцам» і спрабаваў зняць нас з варты. Але мы не сышлі. Ён пабег да настаўніцы, каб паслалі наступную змену – і толькі тады мы пакінулі пост. Пасля нас, мокрых, завялі ў КДБ – паказалі музей, гарбатай напаілі.
Яшчэ ў Гомелі нас ставілі на «Почётный пост № 1», каля Вечнага агню. На тыдзень здымалі з урокаў, выдавалі паўвайсковую форму і муляжы аўтаматаў. Кармілі ў кавярні «Залатая рыбка». Там кіраваў маёр – тады яшчэ рэальны ветэран (быў 1982 год). Маёр паходзіў з Расіі і вучыў нас клятве з «оканнем»: «У Огня (націск на О) и Гранита ЮнОрмеец стОит, нет, ничто не забытО и никто не забыт! С гОлОвами пОникшими над Отцами пОгибшими станем мы…» Як мы рагаталі з гэтага вымаўлення. А потым апагей: «То, что Отцы не доделали, мы дОделаем». Апошнюю фразу мы проста не маглі паўтарыць без рогату, і працэдура падрыхтоўкі прыняцця прысягі працягвалася – у двары кінатэатра Калініна, за Вечным агнём. І яшчэ – казалі, што выбіраюць выдатнікаў на «Почётный пост № 1», а гэта была няпраўда – выбіралі тых, у каго ногі доўгія і роўныя. Ваенрук ішоў, глядзеў на ногі і казаў: «Ты, ты і ты!»
А яшчэ мы верылі ў піянераў-герояў, і шмат размаўлялі пра тое, што рабіць, калі пачнецца вайна. «А ты вытрымаеш, калі табе пілой будуць пазваночнік пілаваць? А калі зорку выразаць на спіне? А рукі ў агонь?» Быць аблітым ледзяной вадой на марозе здавася літасцю ад ворага ў параўнанні з іншымі відамі катаванняў. Як іх вытрымаць? Як не выдаць таварышаў? І выйсце бачылі адно: суіцыд, каб не стаць здраднікамі пры катаваннях.