Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 15
Частка I
Аповеды
Гульні з морам
ОглавлениеВосень у Адэсе – на беразе мора. Я фатаграфавала, але не ўсё. Распавяду пра тое, што не фатаграфавала. Медуз дакладна не фатаграфавала, бо яны былі ўжо нежывыя, хаця і ў мёртвым стане захоўвалі прыгожосць.
Медузы, шмат медуз, вялікіх, дарослых і нават старых, з прыкметамі былой дасканаласці і свабоды, якую мелі ў глыбіні мора.
Спачатку не адрознівала мёртвае ад жывога – спрабавала закідваць, вяртаць у мора медуз, якія захавалі, яшчэ не страцілі колер – блакітны і фіялетавы. Не дапамагала, яны ўжо не плылі. Пасля зразумела: вялікая дарослая медуза на беразе – ужо нежывая. Хвалі марскія, хвалі жыцця забілі яе. А можа, яна спакойна памерла ў моры і хвалі толькі выкінулі яе на бераг, канстатуючы канец жыцця, завяршаючы цыкл?
Марскі вецер выносіць – рэальна выносіць з галавы рэшткі ілюзій, рэшткі шматгадовых падманаў і самападманаў. Разумееш: можна жыць і з кракадзілам у ваннай, галоўнае – кантраляваць сітуацыю самой, каб не кракадзіл дыктаваў умовы.
Мора пасля начной навальніцы мутнае, адступіла, і дзеці збіраюць мідыі і рапанаў. Варона дзяўбе ракавіну малюска, выцягвае мяккае цела.
Мора адступіла, і я пагуляла па дне марскім. Упершыню ў жыцці знайшла на пяску ракавіну рапана, ружовую ўсярэдзіне. Раней іх толькі ў акварыумах бачыла і ў наборах, што прадаюцца, каб пасля прыкладаць да вуха і «чуць шум мора». І яшчэ некалькі знайшла жывых рапанаў – кінула ў мора.
Вучылася рабіць надпісы на пяску і разлічваць інтэрвалы паміж хвалямі – паспяваць напісаць так, каб хваля прыгожа злізала тэкст. Зрабіць надпіс перад хваляй не заўсёды паспяваеш.
І зноў думала пра ілюзіі: яны дапамагаюць жыць на пэўны час, але пасля псуюцца, як малюскі-рапаны ў сваіх ружовых ракавінах, выкінутыя на бераг. Сапсаваныя ілюзіі – харч для варон.
Бераг мора – памежжа стыхіяў.
Ішла ў закатаных джынсах ды ў цяльняшцы па краі мора, і пара – мужчына і жанчына з фотапаратам, відаць, вырашылі, што я мясцовая, запыталіся:
– Чаму так шмат мёртвых медуз?
– Час іх прыйшоў. Можа быць, так… Я не ўпэўненая.
Ці можа медуза ўратавацца? Ці можа не ляжаць нежывой, разлезлай на пяску, а працягваць плаваць, жыць? Ці гэта лёс, прадвызначанасць?
Ну, і Google у дапамогу:
Медуза – ад старажытнагрэцкага Μέδουσα – «абаронца, валадарка». Жыццёвы поспех медуз у тым, што імі ніхто не харчуецца. Само слова «медуза» паходзіць ад імя старажытнагрэцкай міфічнай істоты гаргоны Медузы, валасы якой былі пучком змей. Медуза дыхае ўсім целам. У празрыстым целе медузы 24 вокі. Рот медузы прызначаны і для ўжывання ежы, і для яе вывядзення. Медуза ў асноўным складаецца з вады, яе жыццё на сушы немагчымае. Калі медузу выкідвае на бераг, яна гіне, высыхае на сонцы.
Не фатаграфавала мёртвых медуз.
Не фатаграфавала і людзей, якія жылі ў хмызах абляпіхі за цэлафанавай заслонай. Праходзіла, адводзячы позірк, але штосьці ўсё адно назірала. Там былі два мужчыны – адзін паранены ў нагу, другі ў плячо. Яны выходзілі, калі на беразе мора амаль нікога не было. Адзін з іх – высокі, лысаваты, немалады, з вайсковай выпраўкай. Я разгледзела яго, калі ён нёс прэсную ваду ў пластыкавых бутлях. Другі быў маладзейшы. Спачатку іх раны былі ў бінтах, пасля бінты змяніла медыцынская сетка. Пасля шторму яны зніклі. На месцы іх жытла засталася занесеная пяском чырвоная куртка.
Калі я распавяла пра іх сваёй прыяцельцы з Адэсы, яна спытала толькі адно:
– Цікава: яны нашыя альбо з ДНР?
І я яшчэ адно прыдумала, пакуль хадзіла па беразе: каб не стаць старой медузай, выкінутай на бераг, трэба быць медузай Гаргонай. Медузай, якая выжыла і стала моцнай, і ўсе камянеюць ад яе позірку.
А калі глядзіш па карце на Адэсу – бачыш, што яна патрэбная расейцам. І гэта палохае, трывожыць.
Верасень 2014 года, Адэса