Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 19

Частка I
Аповеды
Белая поўня

Оглавление

Слава любіла Рыгорку, калі ён маўчаў. Тады можна было глядзець у акно і ўяўляць, што Рыгоркі не існуе. Проста не існуе ў прыродзе. Так прыемна было глядзець на шашу, на цёмны лес. Рух і мігценне агнёў на шашы заварожвалі, а над лесам узыходзіла белая поўня. Калі Рыгорка гаварыў, месца для фантазіяў не заставалася.

– Слава! Слава, ты мяне слухаеш?

– Слухаю!

– Ты мяне добра слухаеш?

– Лепш за ўсіх.

– Слава, мы будзем займацца з табой бізнесам!

– Я не хачу бізнесу.

– А што ты хочаш? Як наогул ты збіраешся жыць? Ты толькі паслухай мяне, табе гэта спадабаецца.

З чырвонай папкі Рыгорка выцягнуў зашмальцаваную кнігу без пераплёту, разгарнуў і пачаў чытаць. Чытаў, як заўсёды, павольна, расцягваючы словы амаль па складах.

– Калі чорны певень пражыве сем год, то ў канцы сёмага года знясе яйка. Гэтае яйка трэба трымаць у цяпле і насіць увесь час з сабою. Тады вылупіцца з яго маленькі цмок. Цмока трэба гадаваць, ніколі не нерваваць і карміць яечняй. Цмок выгадуецца, навучыцца лётаць і будзе адшукваць скарбы, прыносіць свайму гаспадару золата і грошы. Усё! – Рыгорка скончыў чытаць. – Зразумела?

– Ты хочаш набыць чорнага пеўня, каб праз сем год ён знёс яйка?

– Дурная! Чорны певень сем год жыў у маёй маці, ён ужо знёс яйка, і яно ў мяне. Праз месяц вылупіцца цмок!

– Яшчэ скажы, што будзеш цэлы месяц насіцца з яйкам, як курыца!

– А я даручаю гэта табе…

– А я не буду!

– Слава, ты падумай: мы выгадуем цмока, і ён пачне насіць нам скарбы!

– Я думаю: я выгадую цмока, і ён пачне насіць табе скарбы.

– О божа, Слава, я паважаў цябе за шчырасць, я думаў, ты любіш жывёлін… А ты, ты, ды ты ведаеш?.. Ты яшчэ горшая за ўсіх іншых… Ну добра, хай будзе так: ён нікому не прынясе нічога.

Рыгорка выцягнуў з кішэні прадмет, які зусім мала нагадваў яйка, – чорная закручаная чарупіна з дробнымі светлымі плямкамі. Выгляд чарупіна мела далікатны і вельмі крохкі. Рыгорка падкінуў яе некалькі разоў на далоні.

– Зараз выкіну праз акно… – Рыгорка кінуў на Славу хуткі позірк, размахнуўся і на нейкі момант знерухомеў у дэманстрацыйнай позе. Слава глядзела на Рыгорку. Бачыла чарнявага хлопца спартовага тыпу з пакатымі плячыма, светла-шэрымі выцвілымі вачыма, прамым носам і жорсткім ротам. Хлопец гэты стаяў з выцягнутай рукой, рабіў выгляд, што зараз шпульне ў акно чорны прадмет – увасабленне сваіх даўніх мараў. Шпульне, праб’е акно на варыўні, разаб’е свае блакітныя мары.

– Чакай, – Слава затрымала Рыгоркаву руку, – дай сюды.

Чарупіна нечакана аказалася цёплай, амаль гарачай. І Слава зразумела, што цяпло ідзе адтуль, з сярэдзіны, ад схаванай пад чорным шкарлупіннем істоты.

– Мы выгадуем цмока! – сказаў Рыгорка. – Толькі не салі яму яечню.

«Добра, а калі гэта жарт?» – думала Слава на працы. Яна была мастачкай у архітэктурна-археалагічным атрадзе «Верхні горад». Яйка ляжала ў яе левай кішэні. Рыгорка любіў жартаваць. Падабраў дзе-небудзь у пяску на будоўлі камень – выкапнёвага смаўжа і падсунуў ёй. Яна будзе месяц цягаць яго ў кішэні, звыкнецца, паверыць, што вылупіцца цмок, будзе чакаць. А ён прыйдзе з сябрамі і скажа: «А зараз Слава пакажа нам, што ў яе ў кішэні». І ўсе будуць смяяцца. Ці ж гэта першы раз? Проста новая пастка.

Слава замалёўвала кафлю – прыгожую паліхромную, знойдзеную летам пры раскопках замка. На кафлі два чалавечкі трымаюцца за рукі. «Шляхціц з паненкаю менуэт танчаць», – сказала пра кафлю Валянціна Браніславаўна, кабета, якая сядзіць са Славаю ў адным кабінеце. Валянціна Браніславаўна любіла пагаварыць са Славаю на тэмы філасофскія.

Слава замалёўвала кафлю і ўяўляла замкавую залу з вялізнай цёплай печкай – шэраг паліхромных шляхціцаў з паненкамі танчаць менуэт ля столі.

Цёплая чорная чарупіна ляжала ў левай кішэні.

– Слава, – сказала Валянціна Браніславаўна, – як вы ставіцеся да такога выказвання: «Чалавек – гэта тое, пра што ён думае на працягу дня»?

– Не ведаю, – Слава паціснула плячыма, – можа быць, так яно і ёсць. – На працы Слава любую фразу пачынала словамі «не ведаю» і заўсёды паціскала плячыма. – Я не захапляюся цытатамі.

– Мне гэта нецікава, – так Слава пачынала тэлефонныя размовы з Рыгоркам. – Мне нецікава, калі ты прыйдзеш дахаты… Калі заўгодна… Добра, я зраблю табе амлет, калі прыйдзеш. Толькі не тэлефануй болей. Усё… Пакуль.

Слава паклала трубку. Вось так. Шэрая, мокрая восень. У кватэры яшчэ не ўключылі ацяпленне – холадна і сумна. Так, сем год гадавала чорнага пеўня Рыгоркава маці. Сем год таму Рыгорку было дваццаць два гады, і ў гэтым узросце ён задумаў выгадаваць цмока. Ці гэтага захацела маці? Нядрэнна – цмок да канца жыцця будзе насіць яе любімаму сыночку скарбы. А Слава? Сем год таму вучылася ў восьмым класе, займалася валейболам, хадзіла на трэніроўкі. Яна не збіралася гадаваць цмока. Усё так брыдка і нудна, ні на што не стае моцы. Слава не магла знайсці сабе месца. Не пакідала адчуванне страты – быццам згубіла што. Ці, хутчэй, не згубіла, а проста ўкралі. Толькі што? Чорная чарупіна на месцы, ляжыць у кішэні і грэецца. Ці грэе? А Славе здаецца, што яна ўжо перастала быць сама сабой: рукі і ногі нямеюць, як чужыя, вочы круглыя, пагляд палахлівы. І застаецца адно – пашкадаваць сябе. Усё-такі заўсёды застаецца месца для жахлівага, і абавязковае месца – для пакарання. Прыціхлі ў змроку цені жаданняў, якія немагчыма ператварыць у цярпенне, дзіўныя намеры шчэмяцца ў душу. І спынілася ў вышыні белая поўня.

Цмок вылупіўся ўвечары, калі Рыгоркі не было дома. Слава думала, што цмок будзе падобны на вужаку. Але не, малы, ён нагадваў яшчарку, а калі падгадаваўся, дзіўным чынам змяніў аблічча – зрабіўся падобным на сабаку. Слава праводзіла з ім шмат часу, карміла яечняй, мыла і называла Крыланам. Яна звыклася з яго вострай мордаю з чорным носам і маленькімі бліскучымі вачыма, звыклася з тым, што замест пярэдніх лапаў у яго крылы. Рыгорка забараняў называць цмока Крыланам.

– Гэта Цмок – і ўсё!

– Ён занадта тоўсты для Цмока.

– Ён нармальны, такі, як трэба. Гэта ты тоўстая.

Рыгорка паглядзеў уважліва на Славу, пасля на цмока і дадаў: «Хутка будзеш вучыць яго лётаць». Крылан большасць часу хаваўся за лядоўняй, усяго баяўся, і Слава сумнявалася, што ён калі-небудзь паляціць.

Славу цікавіла ўсё, што тычылася выхавання цмока. Калі Рыгоркі не было дома, яна шукала кнігу, якую не бачыла ні разу з таго самага першага дня. Знайшла яе, бо вельмі хацела знайсці, на шафе, загорнутую ў паперу, зверху на кнізе стаяў прас – стары і цяжкі, ім ніхто не карыстаўся. Пра гэты прас Рыгорка казаў, што яго падаравалі маці на вяселле.

«Цмок нікому не паказваецца. Кожны дзень гаспадар ці гаспадыня носяць яму свежую яечню. Але яечню нельга саліць: пасаліўшы яечню, угневіш цмока. За гэта ён спаліць усе скарбы, гаспадара і паляціць прэч», – прачытала Слава ў кнізе.

«Субота. 21 снежня. Даўж. дня 6:57. Поўня» – падкрэсліла Слава ў перакідным календары, што ляжаў на яе працоўным стале. Сёння Рыгор збіраўся выпускаць цмока, сказаў, што скіне яго з балкона – пара ўжо. Крылы мае – значыць, паляціць.

– А як вам, Слава, здаецца, – спытала Валянціна Браніславаўна, – што лепей: быць паслухмяным ці заўсёды кіравацца сваёй воляй?

– Галоўнае – ведаць правілы.

– Што?

– Прабачце, я не ведаю, Валянціна Браніславаўна.

«Самая бязглуздая гульня мае сэнс, калі ведаць правілы», – сказала Слава сама сабе ўжо на вуліцы і ўсміхнулася. Як на цуд, глядзела яна на зіхатлівы, парушысты снег у святле ліхтара. Снег нагадваў ёй тоўчаныя шкельцы на калядных паштоўках, якія дасылала ёй бабуля з Амерыкі. Хутка Каляды. І, здаецца, на пустой вуліцы ўжо пахне елкаю і мандарынамі. Сакавітымі аранжавымі мандарынамі. На высокім небе мігцелі чыстыя, халодныя зоркі, кацілася над горадам сумная поўня. І падала знічка. «Памёр нехта», – паспела падумаць Слава. Але знічка не ўпала, шугаючы зыркім полымем, праляцела над Славаю і скіравалася на ўсход, туды, дзе канчаўся горад. Туды, куды трэба было ехаць і Славе. Спачатку на метро, потым аўтобусам, амаль гадзіну. Пакідаючы за сабой доўгі залаты след, вяртаўся дадому выгадаваны Славай Цмок-Крылан. Матэрыялізаванае Рыгоркава жаданне.

«Галоўнае – не спяшацца ў дзеяннях, – падумала Слава, – пасаліць яечню я паспею заўсёды».

Набліжаліся Каляды, а гэта было любімае Славіна свята. Самае вясёлае свята.

Лістапад 1992 года

Гняздо-2 (зборнік)

Подняться наверх