Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 7

Частка I
Аповеды
Школа № 26
Экран непаспяховасці

Оглавление

Даведалася, што гомельская школа, якую я скончыла, святкуе нешта накшталт юбілею – 55 гадоў. Значыць, дзверы свае для навучання школа адчыніла ў 1960 годзе. Яшчэ даведалася, што збіраюць кантакты залатых медалістаў, якія скончылі школу. Напэўна, каб запрасіць на ўрачыстасць. Паспрабавала падлічыць прыкладную колькасць медалістаў за гэты час, атрымалася дастаткова шмат – больш за 300 (хаця, можа, я памыляюся, з матэматыкай заўсёды былі нелады).

У дзясятым класе я і дзве сяброўкі патрапілі на «Экран паспяховасці», а ў нашым выпадку – на «Экран непаспяховасці», які меў падзагаловак «Как успевают неуспевающие».

«Успевают» – у сэнсе вучацца, рухаюцца да школьнага поспеху ў належным тэмпе. «Не успевают» – спазняюцца, адстаюць на шляху да мэты, гальмуюць на лесвіцы паспяховасці, выбудаванай савецкай сістэмай адукацыі.

Экран – дошка насупраць настаўніцкай, каля кабінета біялогіі.

На экране непаспяховасці нашы прозвішчы з’явіліся, бо ў выпускным 10-м класе мы мелі двойкі ў чвэрцях па алгебры і геаметрыі. А гэта значыла, што быў шанц скончыць школу не з атэстатам, а з «даведкай», якая закрыла б усе жыццёвыя перспектывы.

На экран «Как успевают неуспевающие» пераносіліся ўсе нашы адзнакі – не толькі па тых прадметах, па якіх мы «не паспявалі», але і па ўсіх астатніх. На экране можа было пабачыць усе адзнакі, якія мы атрымлівалі штодня па ўсіх прадметах – разам з фізкультурай і вайсковай падрыхтоўкай.

У чым быў сэнс экрана непаспяховасці і хто яго выдумаў? Не ведаю дагэтуль і наўрад ці даведаюся.

На юбілеі школы двоечнікаў не збіраюць, факт.

А «Дошкі ганьбы» пры СССР былі значна цікавейшымі за «Дошкі гонару» і выклікалі больш рэфлексій.

Гняздо-2 (зборнік)

Подняться наверх