Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 30
Частка I
Аповеды
Замена фону
Тапачкі для афіцэра
Оглавление«З расійскага боку на Данбасе ваююць пераважна рэканструктары», – кажа ўкраінскі калега. Гэта тыя самыя людзі, якія ў дарослым узросце кампенсавалі сваю экзістэнцыйную пустэчу гульнямі ў вайну з пераапрананнем ды праглядамі ваенных кінадрам. Гульня ў вайну выйшла з-пад кантролю – пераўтварылася ў вайну сапраўдную, – такія парадоксы свядомасці ды рэальнасці.
Травень 2015 года. Чарговы патрыятычна-шавіністычны аўтапрабег у Оршы – ад помніка «Кацюшы» даносіцца па Дняпры палымяная прамова: «Наше Союзное государство от Бреста до Владивостока. И никакие НАТО нам не страшны». Бу-бу-бу-бу… «Луганская Народная Республика» і музыка «Там, за туманами». Псеўдарэканструкцыя… Па тэлевізары транслюецца чарговая расійская ваенная драма – салдаты бягуць у атаку з крыкамі «Мачыце немцаў!» (гэта ж слова якое падабралі рэжысёр са сцэнарыстам). І зноў: паказваюць па тэлевізары ваенную драму «Застава Жыліна» – пра савецкую мяжу напярэдадні нападу Германіі на СССР. Час, калі адбываецца дзеянне, – травень 1941 года. Месца дзеяння – памежная зона пад Берасцем. Бачым: на рэчцы чырвонаармейцаў спакушаюць мясцовыя дзяўчаты, якія гавораць па-расейску чамусьці з яўным балтыйскім акцэнтам, а ідэйныя чырвонаармейцы называюць іх «дуры польские». Пра Беларусь – ані слова. Беларускага акцэнту таксама няма. У фільме ёсць Расія (нават не СССР і «былая Польшча»). І тое, што гэта «былая Польшча», падкрэсліваецца паказам мясцовых палякаў з дзіўным акцэнтам і пабытовымі звычкамі. Сям’ю савецкага афіцэра засяляюць да адной такой пані. Яе разам з сынам-падлеткам кватаранты пасля заб’юць, але пакуль яна гэтага не ведае і ставіць умову – нікога не прыводзіць у госці і здымаць абутак пры ўваходзе. Вядома, у госці прыходзіць савецкі афіцэр, абутак не здымае, гаспадыня галосіць: «Як можна было не зняць абутак?» Савецкія афіцэры пагражаюць пісталетам. Сцэнарыст фільма яўна гадаваўся ў маскоўскай кватэры з абавязковымі тапачкамі ля ўвахода як праявай найвышэйшай культуры. Цяжка выйсці за межы сучаснай маскоўскай рэальнасці і падумаць пра тое, што ў 1941 годзе ўсё было не так, і афіцэры (у форме!!!) не сцягвалі боты, заходзячы ў памяшканне, і не абувалі тапкаў. І ўвогуле, здымаць абутак – усходняя традыцыя.