Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 25

Частка I
Аповеды
Замена фону
Гімн СССР у аўтобусе «Вільня–Мінск»

Оглавление

На мяжы ў салоне аўтобуса «Вільня–Мінск» нечакана загучаў гімн Савецкага Саюза. Я нават стукнулася каленкай аб сядушку – у неўсвядомленым парыве ўстаць, – так да ўзроўню рэфлексу навучылі нас уставаць пры гуках гімна. Гэтаму ўставанню пад гімн былі прысвечаныя цэлыя ўрокі спеваў – гімн і спявалі, і слухалі, і ўставалі пад яго. З гімна СССР пачынаўся дзень: а шостай ён гучаў па радыё – спачатку гімн СССР, а пасля гімн БССР. Пад гімн я ўставала і пачынала збірацца на ранішнюю трэніроўку – яйка на сняданак, гарбата – і наперад. Такая асацыяцыя – халодны цёмны ранак і гімн.

У салоне аўтобуса «Вільня–Мінск» гімн СССР гучаў з мабільнага кіроўцы – званок. Сам кіроўца ў гэты час адсутнічаў – адлучыўся ў краму беспадатковага гандлю. Аўтобус стаяў на мяжы. Званок гучаў доўга. І да тэлефона стаў падбірацца чарнявы малады хлопец, які да гэтага гучна распавядаў пасажырам, што ён уцякач з Луганскай вобласці, атрымаў прытулак у Літве і мае ў Вільні бізнес, а яго сястра жыве вельмі добра ў Мінску. Гукі гімна абарваліся. Уцякач ускінуў рукі ў стылі КВНа і загаласіў:

– Как хорошо, я думал, что заплачу!

Пасля пачаліся размовы. Удзельнічалі чатыры чалавекі: чарнявы, жанчына з Мінска, уцякачка з Усходняй Украіны, якая жыве ў Італіі, і такая самая з Германіі. Яны жаліліся на «бесчалавечных еўрапейцаў»: на адну з іх нямецкі кіроўца сказаў «швайн» за тое, што яна без дадатковай аплаты везла чатыры чамаданы. Яны жахаліся ўцекачам з Сірыі і прадракалі «канец Еўропы», клялі Гарбачова («сучка») і Парашэнку. Жанчына з Мінска казала пра тое, як добра было без нацыяналізму, як яна зайздросціла ўкраінцам, бо ў іх памідоры растуць без цяпліц. Хлопец з Луганшчыны кляў віленскіх дзяўчат і, крыўляючыся, чытаў беларускія назвы ўздоўж дарогі:

– Манькаўшчына. Ха-ха-ха.

Жанчына з Мінска зрабіла яму заўвагу:

– А если бы я приехала в Украину и смеялась над вашими названиями?

– А я бы смеялся вместе с вами.

Гняздо-2 (зборнік)

Подняться наверх