Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 28
Частка I
Аповеды
Замена фону
Сны на праспекце Машэрава
ОглавлениеУ 1986–1987 гадах мы жылі ў інтэрнаце БДУ па праспекце Машэрава каля «Рамонка». Пяціпавярховая жахлівая будыніна – адзіны дом, пра знос якога я не шкадую ані разу. У інтэрнаце жылі студэнты філфака і юрфака (сярод іх было вельмі шмат воінаў-афганцаў). Атмасфера ў інтэрнаце была нездаровая – ва ўсіх сэнсах. А па-за межамі інтэрната віравала насычанае культурніцкае жыццё. У той час я далучылася да беларускага руху і спрабавала пісаць апавяданні, якія не хапала мне смеласці зачытаць ні на адным з літаб’яднанняў – ні на фармальных, ні на нефармальных. Кожны дзень тады, у часы перабудовы, быў цікавы і прыносіў навіны, але ў васямнаццаць гадоў я была не гатовая занатоўваць рэчаіснасць. І запісвала свае сны. Як цяпер разумею, і ў снах адбівалася рэчаіснасць. Вось фрагмент сноў тых часоў: «Душа, загартаваная ў пакутах, вырвалася на волю і памкнула на бойку з Цмокам. Цмок сядзеў у логвішчы, падціскаў свае курыныя кіпці і выпускаў з носа дым. Душа спачатку спынілася на зялёнай траве каля ручая, дзе на дрэве вісеў меч. Душа ўзняла меч і знерухомела над празрыстай, хуткаплыннай вадой, углядалася ў яе, пакуль з дрэва не зваліўся вялізны апельсін. Зваліўся і паплыў. А душа ўсё ўглядалася ў ваду – чакала, каб яшчэ што ўпала ці, наадварот, вынырнула. Не дачакаўшыся, уздыхнула цяжка і паляцела да жытла Цмока. Шлях да яго выпалены, заліты атрутнымі цмокавымі кроплямі – не прайсці, толькі даляцець можна. У Цмока камфортнае жытло: зверху горны валун, пад ім пячора. Дзверы жалезныя, і ўсё ў самой пячоры металёвае. Глыбока ў сутарэннях цмок хаваў скарбы авіякатастроф, якія сам і арганізоўваў. І яшчэ захоўваецца там каністра з ВЕРАЙ У АГУЛЬНУЮ СПРАВУ ў выглядзе вадкасці. Душа выпакутавала права на адкрытую сутычку з Цмокам. Цмок адчуў, што ў паветры лунае штосьці нязведанае, ён рушыў наперад. Тут меланхалічная душа апынулася над цмокам і ўжо занесла меч, але хваля расчаравання, якая сыходзіла ад яе, узняла Цмока ў паветра, патрымала некалькі імгненняў і адпусціла, кінула на зямлю. Ён спрабаваў устаць, яшчэ шкрабаў пясок кіпцямі, пускаў дым, але хутка зразумеў, што ўжо не давядзецца таптаць яму курынымі лапамі траву і арганізоўваць авіякатастрофы. І тады запытаўся Цмок у самотнай душы: «Хто ты? Якога роду? Бо трэба мне ведаць, праз каго скончылася жыццё маё». А душа адказвала: «Невядома мне імя маё, роду не маю я і нічога не чула пра продкаў сваіх». Тады Цмок сказаў так: «Навошта хлусіш мне? Ужо канаю я. Кожны мае імя і род. Адкуль ты?» Бязважкая душа апусцілася на траву: «Я памяці не маю…» І апошні раз сказаў Цмок: «Я ведаю, што толькі моцны дух мог перамагчы мяне. Дзіўна, што гэта ты, хто жыве без памяці, але, відаць, слаўны род маеш, бо я канаю…» У бязмежным нябесным прасторы праплыла хмара, скончылася Цмокава жыццё. Душа блукала ў падземных сховішчах, скарбы авіякатастроф яе не цікавілі, яна шукала тую самую каністру. Знайшла, выцягнула на свет і паляцела. Душа ляцела, вярталася, было шэсць гадзін раніцы, па радыё зайгралі гімн СССР».