Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 24
Частка I
Аповеды
Замена фону
Негатывы
ОглавлениеАпоші раз фатографа Уладзіміра Сапагова бачыла ў 2000 годзе на офісе Таварыства беларускай мовы ў Мінску, дзе ў той час адзін пакой арандаваў праваабарончы цэнтр «Вясна». Уладзімір Сапагоў, як звычайна, зайшоў на ТБМ з фотаздымачом Canon. Ён паўсюль хадзіў з фотаздымачом і фатаграфаваў усё: падзеі, людзей, акцёраў, палітыкаў, пісьменнікаў. І ў той раз на ТБМ было каго фатаграфаваць. Спачатку пісьменніка Кастуся Тарасава, пасля на ТБМ зайшоў паэт Анатоль Сыс. І Сапагоў фатаграфаваў і Кастуся Тарасава, і Анатоля Сыса, і мяне, і маю сяброўку і калегу Аліну Палаўнёву. І ўсіх разам. Вясёлыя, мы пазіравалі ў тэбээмаўскіх фатэлях. Фотаздымкаў мы не пабачылі, фатографа Сапагова таксама больш не бачылі, прынамсі я. На сённяшні дзень з усіх удзельнікаў той фотасесіі ў жывых толькі я.
У 2015 годзе пра фотаздымкі Уладзіміра Сапагова ўзгадалі ў Фэйсбуку мы з Марынай Сідаровіч. Марына напісала, што «трэба знайсці Сапагова», бо ў васьмідзясятыя ён фатаграфаваў усе Купаллі. Я тады адказала, што ў наш час, калі чалавека доўга не бачыш, ёсць вялікая верагоднасць, што ён ужо і не жыве.
Уладзімір Сапагоў ніколі не развітваўся з фотаапаратам. Жыў у інтэрнаце Трактарнага завода, быў самотным чалавекам – гадаваўся ў дзіцячым доме. Я пачала яго шукаць, і аказалася, што яго ўжо тры гады няма ў жывых. Пахаваны на вясковых могілках пад Мінскам. Пахавалі сябры, на магіле – помнік з выявай галубкі. Фатограф Уладзімір Сапагоў (1952–2012) памёр ад інсульту ў пятай бальніцы. Пра гэта стала вядома ад яго сябра Міхаіла Мякіша, які дапамагаў яму ў апошнія гады і сам адвёз у бальніцу.
У інтэрнаце рабілі рамонт і выкінулі ўсе фотаздымкі на сметнік. Але Міхаіл Мякіш здолеў уратаваць негатывы і пазітывы, якія аддала камендантка інтэрната.
Узгадваецца верш Міхася Скоблы, напісаны падчас навучання ва ўніверсітэце напрыканцы васьмідзясятых. Верш мае назву «У апошнім музеі Беларусі». У вершы такія словы: «Страчана, страчана, страчана – надпіс на кожным цэтліку. З памяццю спячаю спадчыну не збераглі мы цэлаю». Тады і ўявіць было немагчыма, што гэты верш можа быць датычны і да таго, што стваралася ў той час. Здавалася, што «страчаная спадчына» – гэта тое, што было даўно і не з намі. Між тым праблема знікнення асабістых і прафесійных архіваў пасля смерці іх уладальнікаў і стваральнікаў – вельмі актуальная. Людзі паміраюць – архівы знікаюць.