Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 31
Частка I
Аповеды
Замена фону
Зло, якое прыкідваецца дабром
ОглавлениеЁсць такое зло, якое прыкідваецца дабром, на яго тле зло, якое нічым не прыкідваецца, выглядае зусім бяскрыўдным: бачыш, што зло, – абыдзі. Іншая справа – зло, якое прыкідваецца дабром. Я называю гэта Тры Х – хітрасць, хцівасць, хіжасць. Адэпты такога зла наскрозь прытарныя і фальшывыя. А яшчэ вельмі часта практыкуюць модную цяпер аптымістычную псіхалогію і радасна супрацоўнічаюць з уладай. І «сонечна» (а як для чалавека, які разумее, – нацягнута) усміхаюцца. Гэта не ўсмешка – грымаса.
Ёсць знакаміты фільм «Залатая ліхаманка» з Чарлі Чаплінам, дзе галодны барадаты злыдзень глядзіць на Чапліна, які ператвараецца для яго ў велізарную курыцу. Гэта значыць, Чапліна як чалавека есці нельга, але ў барадатага ўзнікае замена рэальнай рэчаіснасці ідэалагічнай мадэллю – гэта не чалавек, гэта курыца, якую можна з’есці. Раз гэта курыца, значыць, з’есці яе гэта нармальна, бо я ж есці жадаю, я паміраю з голаду. Для гэтага і існуе прапаганда, яна падмяняе рэальнасць вобразам, патрэбным уладзе.
Існуюць розныя варыянты. Можна спаслацца на той жа фільм, калі Чарлі Чаплін есць чаравік і ўяўляе, што шнуркі – гэта спагеці, а цвічкі – костачкі. Ён паводзіць сябе не як людажэр. У яго іншая ідэалогія. Але любая ідэалогія замяняе сабой рэальную рэчаіснасць, каб апраўдаць паводзіны чалавека, паводзіны ўлады, паводзіны партыі, паводзіны лідара. А ў Беларусі прапагандысты падмяняюць рэальнасць вобразамі па прынцыпе «Беларусь сёння. Правільны выбар» («мы самыя лепшыя, усе нам зайздросцяць і так трымаць»). Усё гэта цяжкімі штампамі ўпрасоўваецца ў свядомасць праз дзяржаўнае радыё, тэлебачанне, газеты. І яшчэ праз людзей, якія з аптымізмам пераконваюць блізкіх, што зло ёсць дабро.