Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 10

Аповесці
Доўгае развітанне
Аповесць у маналогах і дыялогах
Частка дзявятая
Раздваенне асобы

Оглавление

Часам Надзі здаецца, што яе свядомасць раздвоілася і цяпер замест яе адной існуюць дзве жанчыны. У рэальнасці – дзяўчынка, васямнаццацігадовая, разгубленая і няшчасная, якая, нібы верабей, не ведае, куды схавацца ад пранізлівага студзеньскага ветру. Яна не спіць па начах, нервуецца і не разумее, што з ёй адбываецца.

З люстэркавага адбітку на яе паглядае жанчына, удвая старэйшая, не дужа вясёлая і стомленая. Пазірае на ўсё, што адбываецца, з вышыні пражытых гадоў, супакойвае, разважае цвяроза і наперад ведае, чым гэта гісторыя скончыцца. I дзве Надзі дзень пры дні вядуць свае бясконцыя дыялогі.

– Хіба так можна? – пытаецца дзяўчынка. – Узнесці чалавека на вяршыню шчасця, а потым бязлітасна скінуць уніз?

– Што ты хочаш? – паціскае плячыма жанчына. – Цяперашнія мужчыны – вынік эмансіпацыі. Мы самі вінаватыя, бо такімі іх зрабілі. Яны чакаюць, калі ты патэлефануеш, спатканне прызначыш, сама пацалуеш. Ну, і ўсё астатняе таксама арганізуеш.

– Калі чалавек уваходзіць у тваё жыццё, – спавядаецца дзяўчынка, – і робіцца яго часткай, натуральнай, як паветра, якім дыхаюць, як сонечны прамень, як кропля расы, ты робішся безабароннай…

– Сапраўды, выйграе той, хто менш любіць, – адгукаецца жанчына.

– Услед за кароткай радасцю, калі вы былі разам, пачынаецца чорная паласа, агораць якую немагчыма. Калі вы разыходзіцеся, здаецца, што жыць далей няма сэнсу.

– У светлыя дні ты зразумела, чаму на карціне Шагала закаханыя лунаюць у небе Віцебска. Цяпер ты зразумееш пакуты Атэла і спявачкі з імем Флорыя Тоска. А мо згадаеш героя апавядання Цвейга «Амок»…

– Ты з мяне здзекуешся? – ціха абураецца дзяўчынка.

– Які тут здзек! Гісторыю сусветнага мастацтва можна спасцігнуць толькі праз асабісты вопыт. Апынуўшыся ў сітуацыі Таццяны Ларынай або паручніка з бунінскага «Сонечнага ўдару», можна зразумець усю геніяльнасць твораў. Інакш не бывае!

– Раней я любіла сына, маці, свой дом. Цяпер я не хачу нічога, апрача яго.

– Але зараз ты можаш спасцігнуць логіку паводзін спявачкі Джузэпіны Стрэпоні, якая, пакахаўшы Вердзі, усё жыццё пражыла побач з ім. Але асобна ад сваіх сыноў. З Вердзі яны ўзялі шлюб толькі пры канцы жыцця. З пункту гледжання маці – абсурд. Але, напэўна, ён быў для яе ўсё – Бог, сэнс жыцця. Таму яе ўчынкі ўспрымаюцца як лагічныя і натуральныя.

– Дзіўна, – гаворыць дзяўчынка, – ён з’язджае на два тыдні, і добра, калі хоць раз патэлефануе. Калі была б вымушана з’ехаць я, дык, напэўна, званіла б па тры разы ў дзень. Справа не ў тым, што ён заняты, а ў тым, што няма патрэбы. Для яго не далятаюць мае хвалі. Бо як іначай людзі, што знаходзяцца на розных кантынентах, маглі б адчуваць, што з блізкім чалавекам штосьці здарылася?

Калі чалавек падабаецца, у ім прываблівае ўсё: голас, твар, усмешка, інтанацыя, міміка, смех. Калі чалавек табе цікавы, дык у ім значным падаецца ўсё: што рабіў, дзе быў, каго бачыў. Кожная драбяза.

– У тым і розніца паміж дзвюма паловамі чалавецтва, што Ён і Яна ўсё адчуваюць па-свойму. Ён для цябе – сэнс жыцця, а ты для яго – прыемны эпізод. Мужчына шукае ў каханні натхнення, а жанчына – шчасця.

– Ты дарослая. Скажы, куды сыходзяць пачуцці?

– Яны – з’ява ірацыянальная…

– Куды знікла тое, што нас яднала? Дарослая жанчына ўсміхнулася.

– Тлумачу папулярна. Як псіхатэрапеўт – пацыенту. Рамантычныя адносіны рана або позна вычэрпваюць сябе. Або згасаюць, што мы і назіраем. Або пераходзяць у сваяцкія, чаго не назіраем. Вогнішча страсці ператвараецца ў спакойнае полымя, напрыклад, каміна, якое сагравае доўгія гады. Але тут вяселлем, па-мойму, не павявае…

Дзяўчынка маўчыць. Ёй няма чаго адказаць.

– Ты ўпэўнена, што яму шлюб патрэбен? Я не ўпэўнена.

Ён ведае, што ты і так адгукнешся. Навошта лішнія абавязкі?

Ты ўпэўнена, што ён знойдзе агульную мову з тваім сынам і маці? Мужчынам свае дзеці не заўсёды цікавыя, як можна было назіраць у выпадку з Алегам. А ты хочаш, каб твой мужчына не сваім дзіцем займаўся. Навошта яму? Ён паглыблены ва ўласную творчасць, якая для яго з’яўляецца вычарпальнай і самадастатковай.

Твой Маэстра падсвядома баіцца, каб ты не заняла занадта вялікае месца ў ягоным жыцці. Дзяўчынка, гэта безнадзейна. Абсалютна. Мне здаецца, што твой кампазітар прыляцеў да нас з другой планеты, дзе прастора і час існуюць па іншых законах. Звычайныя зямныя людзі чым займаюцца? Пішуць, потым прабіваюць уласныя творы. Выбіваюць званні і прэміі, будуюць кватэры і дачы, купляюць машыны. Шукаюць грашовыя пасады, высокія аклады, уплывовых сяброў, п’юць гарэлку ці іншае зелле. Мяняюць кватэры, машыны, жонак, каханак. Карацей кажучы, як мага лепей уладкоўваюцца ў жыцці.

– Так, чалавечыя страсці і жаданні яго не датычаць. Яму не патрэбны ні сям’я, ні жонка, ні дзеці, ні грошы, ні маёмасць… – заўважае дзяўчынка.

– Ён жыве на сваёй планеце, – працягвае сталая Надзя. – Ён там адзін, але вакол яго цэлы свет. Напэўна, калі б ён апынуўся ў пустыні Сахара, і там нічога не было, апрача інструмента і нотнай паперы, ён і там адчуваў бы сябе шчаслівым. Музыка – яго рэлігія, Бог, сэнс жыцця. Творчасць – і нарачоная, і каханка, і жонка. I ніхто яму не патрэбны. I ніколі рэальная, зямная жанчына не будзе галоўнай падзеяй яго жыцця, цэнтрам яго сусвету…

– Так, – згаджаецца дзяўчынка, – можна перамагчы рэальную суперніцу, але нельга перамагчы музыку.

– Яна дапамагла вам сустрэцца, але яна вас і развяла.

– Але я жывая! – амаль крычыць дзяўчынка. – Я не магу чакаць усё жыццё!

– Са сваёй далёкай планеты ён не можа лётаць да цябе штодзень. Шлях доўгі. Ты хочаш мець яго каля сябе. Каб штодня адчуваць сваю жаночую сілу, здольную перамагчы ў спрэчцы з творчасцю.

– Я хачу не мець, а чуць!

– Калі ён зробіцца звычайны, як усе, табе з ім будзе не цікава. А пакуль ён – далёкая зорка. А яны заўсёды трывожаць і вабяць. Зірні праўдзе ў вочы! – пераконвае жанчына. – Хіба ён сказаў хоць аднойчы, што жыць без цябе не можа? Маўчыш, значыць, не сказаў. Ну, сустракаліся вы з ім. Ну, цалаваліся. Ну і што? Ці мала хто з кім сустракаўся-цалаваўся? З гэтага нічога не вынікае… Можна колькі заўгодна абмяркоўваць узаемаадносіны дзвюх палавін чалавецтва. У рэшце рэшт, усё зводзіцца да трох пытанняў: ты любіш – або не любіш, цябе любяць – або не любяць. I нарэшце, ці хочаш ты гэтага чалавека бачыць і чуць штодзень, ці не? Вось і ўся філасофія. Ты яму не цікавая. Твой іншапланецянін паляцеў на сваю планету. А цябе пакінуў на Зямлі.

Дзяўчынка зацята маўчыць.

– Таму я вельмі раю табе, – працягвае адбітак у люстэрку, – пакінуць яго першай.

– ?..

– Мая даражэнькая, каханне – гэта яшчэ і поле бою. Вырашае не тое, у каго пачуцці мацнейшыя, а ў каго больш трывалая воля. Хто з таго поля пойдзе першы, той і пераможца. Вакол цябе няма людзей, якія будуць рады пасядзець з табой у кавярні ці прайсціся па вечаровым горадзе? А калі дадому на каву запрасіць, тут чарга ўтворыцца. На свеце няма нічога горшага, чым комплекс пакінутай жанчыны.

– Я не магу ад яго адмовіцца. Ён – лепшае, што ёсць у маім жыцці. Мо падобнага ніколі не будзе?

– Не будзе. Будзе штосьці іншае. Цяпер ты блукаеш на папялішчы былога кахання. I думаеш, як вярнуць тое, што вярнуць немагчыма. Калі ты кінеш яго або знойдзеш сабе некага іншага…

– Ніхто іншы мне не патрэбен.

– Даслухай. Калі ты яго кінеш або знойдзеш сабе іншага, Маэстра, магчыма, яшчэ вернецца. Ён хоць і з іншай планеты, але мужчына, а яны па прыродзе эгаісты і ўласнікі. Ён не тэлефануе, бо ведае, што ён для цябе Бог, адзінае святло ў акенцы. Калі ўбачыць, што цябе побач няма, твае якасці паўстануць перад ім у больш прывабным святле. Жанчыну трэба заваёўваць. Зноў і зноў. Дай яму такую займальную магчымасць!

– Няўжо гульні дзейнічаюць мацней, чым пачуцці?

– Я лічу, што гульні лепей, чым слёзы. У цябе дзіўнае разуменне адносін Ён – Яна. Навошта ты ставіш мужчыну ў цэнтр свету? Ці сусвету… Ці не надта вялікі гонар для яго? А сама не хочаш там стаяць? Ён сышоў, і табе здаецца, што свет знік. Не! З ім усё ў парадку.

На шчасце, мужчына – не цэнтр Сусвету. А толькі фрагмент. Часам цікавы, часам нецікавы. Твая багатая фантазія дамалявала ў партрэце тое, чаго няма ў рэальнасці.

Ты хочаш, як Ганна Аркадзьеўна Карэніна, каб у жыцці панавала толькі адно бязмежнае каханне. Але паглядзі: штодня працуюць школы, садкі, паліклінікі, крамы, аптэкі, банкі, заводы, міністэрствы. Людзі вучацца, працуюць. Падарожнічаюць, гандлююць, чытаюць, глядзяць тэлевізар, ходзяць у госці, ездзяць на лецішча. Значыць, не адно каханне кіруе рэальнасцю. Калі б эратычная ідэя была вызначальнай, ніхто б з ложкаў не вылазіў…

Дзяўчынка нарэшце ўсміхнулася.

– Патлумач, чаму мне так пагана?

– Ты растварылася ў ім. І забылася, якой была раней. Дарэчы, выключна славянская завядзёнка – усё даводзіць да крайнасці. Навошта гэтая «дастаеўшчына»? Ты моўчкі пакутуеш, а лепей бы скандал яму закаціла, а ў гэты час назірала, як ён рэагаваць будзе. Або сцэну рэўнасці арганізавала. Можна талеркі не надта каштоўныя перабіць – дапамагае.

– Можа, нам з табой трэба часцей размаўляць? Каб разумець адна адну… – разважае дзяўчынка.

– Існуюць розныя віды смагі. Фізічная, эмацыйная, тактыльная, эратычная. Ты доўгі час жыла адна. Гадавала сына, займалася творчасцю, зарабляла грошы. А стан адзіноты – усё-такі ненатуральны. Котка і тая хоча, каб яе час ад часу гладзілі па спінцы. Гаспадыня ці гаспадар… А жанчына больш складаная істота, чым котка.

Наша грамадства вельмі дзіўнае. Дзясяткі, а мо і тысячы мужчын і жанчын, якія пакутуюць ад эмацыйнай смагі, ходзяць па вуліцах гарадоў, едуць у транспарце, прыходзяць на працу. Яны прыдумваюць сабе зусім не патрэбныя заняткі і клопаты, фармулююць дурныя лозунгі, абсурдныя правілы, выказваюць ідэі, высмактаныя з пальца. І ўсё для таго, каб не ўсведамляць уласную адзіноту. Каб не прызнацца, што ім няма да каго прытуліцца і няма каго абняць. Што ніхто іх не чакае, і яны нікога не чакаюць.

– Бачыш, нашы з табой погляды амаль сышліся… – дзівіцца дзяўчынка.

– Уяві, хтосьці на ўсё жыццё застаецца эмацыйна і тактыльна галодным. І такую смагу нельга наталіць. Усё адно, што з пустыні Сахара зрабіць квітнеючы аазіс.

– Раней я лічыла, што жанчына ні пра што не павінна прасіць, – кажа дзяўчынка. – У каго ёсць сэрца, сам здагадаецца, а ў каго няма, дык нашто ён мне патрэбен? Я верыла, што няма такіх пачуццяў, якія б не магла ўтаймаваць воля. Але хіба здагадвалася тады, што пачуцці могуць быць як акіянская хваля, як шторм і смерч? Якая воля можа ўтаймаваць шторм? Так званае каханне – гэта пакутлівая і хранічная хвароба і стыхійнае бедства.

Яна памаўчала.

– Ніколі не здагадвалася, што ўва мне самой хаваецца бездань. Бясконцая, бязмежная прастора. Без-дань… Гэта калі ты без дна…

– Як бездань адкрылася сама, так сама і закрыецца, – супакоіла жанчына. – Паглядзі на сябе! Да каго ты падобная?.. Каму ты ў такім выглядзе цікавая? Букеты засохлых кветак непрывабныя. Іх выкідваюць у сметніцу. Дзяўчынка, самаацэнку трэба ўздымаць. У цябе вочы цяпер… як у Муму, якую вязуць тапіць. У іх напісана: «Чаму?! За што?!»

– Дзіўныя асацыяцыі…

– Між іншым, сабакі добра плаваюць. Скокнуў з лодкі – і паплыў. А Герасім няхай топіцца, калі падабаецца на дне сінім ляжаць.

Дзяўчынка засмяялася.

– Дурніца ты. І мазахістка… Падабаецца быць няшчаснай, абражанай, ліць няўцешныя слёзы? Падабаецца пакутваць? Усім жанчынам падабаецца. Але слабым, а не моцным. Пачні новае жыццё.

А то заладзіла, як капрызлівае дзіця: «Дайце мне гэтую цацку!» А мо тая цацка табе не патрэбная? Ты – спявачка. Разумееш?! А хто яна па сваёй сутнасці? Марская сірэна, якая спевамі (дарэчы, вельмі эратычнае мастацтва!) заваблівае мужчын у свае сеткі. А ты не завабліваеш. Ты – рыбка, што заблыталася ў чужых сетках і ляжыць, нежывая, на беразе.

– Хто думаў, што вынік акажацца такім дурным і бяздарным?

– Аблом, кажа сучасная моладзь. Аптычны падман. Ты прайграла… Але ты не адна прайграеш. Трэба прызнаць паражэнне. З яго пачынаецца перамога над сабой і сітуацыяй. Але супернік быў годны. І ў гэтым суцяшэнне. Ты – прыгажуня. Вакол цябе мала рамантычных і таленавітых? Яны павінны на калені перад табой падаць. А табе застанецца толькі выбіраць. Ты брывом павяла, а ён пабег твае жаданні выконваць…

Слухай, падобныя размовы мне надакучылі. Калі будзеш бясконца пра яго думаць, скончыцца кепска, – падвяла рысу пад іхнімі дыялогамі дарослая Надзя і аб’явіла жалобным і суровым голасам дыктара: – Музычнае мастацтва краіны панесла непапраўную страту. Пасля працяглай хваробы памерла выдатная прадстаўніца нацыянальнай вакальнай школы…

Дзяўчынка засмяялася.

– Праўда, у афіцыйным паведамленні,– жанчына вярнулася да свайго звычайнага голасу, – не скажуць, што хвароба аказалася псіхічная. Твая рэпутацыя застанецца бездакорнай. А пра сапраўдную прычыну шырокія працоўныя масы будуць толькі здагадвацца.

Джульета і экстрасэнс (зборнік)

Подняться наверх