Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 5

Аповесці
Доўгае развітанне
Аповесць у маналогах і дыялогах
Частка чацвёртая
Маэстра

Оглавление

У творчым жыцці Надзі заўсёды шанцавала, у жыцці асабістым – менш. Часам яна думала: мо i праўду Алег казаў, што яна манашка? Калі адкінуць здзеклівы тон, дык ён штосьці дакладна акрэсліў. Ці таму, што не надта пашанцавала з мужам, ці то з іншай прычыны, але Надзю не вельмі цікавіла тое, што супрацьстаіць манаству. Застаўшыся адна, яна не кідалася ў новыя знаёмствы ці вясёлыя кампаніі. Рэпетыцыі, канцэрты, студэнткі, Алесік зaбipaлі ўсе сілы, i часу на пагулянкі не заставалася.

Зразумела, час ад часу Надзі нарэшце хацелася займець асабістае жыццё – яна ўсё-такі жывы чалавек, жанчына, а не толькі спявачка. Дый Алесіку патрэбен бацька штодзень. А не такі, як Алег, добра, калі раз у два месяцы ўспомніць. Але тыя, з кім Надзю сутыкаў лёс, хто здаля ёй падабаўся, зблізку моцна расчароўвалі.

Дзіўна! Колькі знаёмых, прыяцеляў, паклоннікаў, а яна адна. Часам Надзя ўспамінала ранейшыя сімпатыі. Відаць, нездарма там нічога не клеілася. Адзін яе праважаты, важны, як певень, быў так захоплены ўласнымі справамі, што толькі пра ix i гаварыў, не забываючы праз кожныя тры словы пахваліць сябе. Другі, апынуўшыся з Надзяй у кавярні, прасіў прабачэння, што грошай не ўзяў, i таму яны замовяць толькі каву. Або яна заплаціць сама?.. Джэнтльмен, што тут сказаць! Трэці, не паспелі яны застацца ўдваіх, пачынаў без усялякіх уступных слоў і цырымоній хапаць яе за калені вільготнымі рукамі.

Часам Надзя думала, што яна не там i не тое шукае. Творцы – людзі своеасаблівыя, калі не сказаць дзівакаватыя. Лепшыя ix пачуцці жывяць творчасць, сачыненне і выканальніцтва. Там яны – яркія, выдатныя, зіхатлівыя. А для паўсядзённасці застаюцца рэшткі, друз, жмых. Тое, што не спатрэбілася для сцэны.

У пэўны момант пошукі сапраўднага рыцара Haдзi абрыдлі. Яна ўжо ні на што не спадзявалася i не прыкладала ніякіх намаганняў, каб нешта памяняць у асабістым жыцці. «Нашто мяняць? Дзеля чаго? Каб мець пячатку, штамп у пашпарце? Але каго тыя пячаткі ўтрымалі? Каб лічыцца замужам? Дык я там ужо была. Болей не хачу. Бабуля, Алесік і я – хіба нам кепска разам? Навошта чужы чалавек будзе жыць у нашай кватэры, чамусьці спаць побач і па начах моцна храпці… Бр-р-р! – Надзя ў думках здрыганулася. – Яго трэба будзе карміць, мыць яму бялізну. І прасіць прабачэння, што ты вечарам не дома, як усе звычайныя жанчыны, а ідзеш на канцэрт. Або таму, што ты сёння спяваеш, або таму, што трэба паслухаць іншых. А ён табе ласку зробіць, калі літасціва адпусціць…»

I калі Надзя паставіла кропку на жаданні мець асабістае жыццё – знайсці каханага чалавека, а магчыма, і бацьку Алесіку, – у яе жыцці з’явіўся Маэстра. Увайшоў ціха і далікатна, таму і не заўважыла.

Яны былі знаёмыя даўно – гады тры, а мо і чатыры. Прафесійных музыкаў высокага кшталту не багата, усе ўсіх ведаюць. Яны сутыкаліся і раней – то на канцэртах, то на рэпетыцыях. Камерны аркестр, з якім Надзя часцей за ўсё супрацоўнічала, здаралася, уключаў у свае праграмы яго асобныя творы. А яшчэ ладзіліся абмеркаванні фестывальных праграм, нарады ў Міністэрстве культуры. Але тады ён успрымаўся як адзін з многіх, добры знаёмы, і не больш за тое.

Год ці два таму ў свой новы музычны праект Надзя ўключыла па яго просьбе некалькі рамансаў. Вывучыла іх сама, толькі пасля гэтага паказала аўтару вынік. Маэстра застаўся задаволены, ручкі пасля канцэрта пацалаваў, кветкі падарыў.

На тым усё і скончылася. Надзіна жыццё імчалася далей, і ў бясконцай сумятні рэпетыцый, канцэртаў, вандровак не было часу думаць пра тое, што не мела дачынення да справы.

Калі ўсё пачалося? – думкамі яна вярталася ў мінулае. – Напэўна, вясной, калі разам пачалі працаваць над першымі творамі з яго вакальнага цыкла. Потым ён дадаваў новыя рамансы, вакальныя мініяцюры. З’яўляліся новыя варыянты таго, што здавалася вывучаным і зробленым. Надзя тады і падумаць не магла, што цыкл так разрасцецца.

Сапраўды, задума амаль геніяльная! Узяць любоўную лірыку розных паэтаў – ад Сапфо, Петраркі і Шэкспіра да больш блізкіх аўтараў (тут былі Шарль Бадлер і Поль Верлен, Аляксандр Блок, Гарсіа Лорка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Ларыса Геніюш, Максім Танк, Мікалай Рубцоў) – і стварыць вакальны цыкл, які б адлюстроўваў адметнасць чалавечых пачуццяў у розныя эпохі. Па першым часе задума яшчэ толькі акрэслівалася, вымалёўвалася. Дзіўна, як яна нікому не прыйшла ў галаву раней? Усю маштабнасць ідэі Надзя ацаніла тады, калі праца над цыклам набліжалася да фіналу.

А напачатку яны з аўтарам пасварыліся. Узяўшы ноты дадому, Надзя паспрабавала іх вучыць. Але нічога не выйшла. Музычная мова здавалася «калючай» і нязвыклай. У дадатак спяваць аказалася вельмі нязручна.

«І калі ўжо аўтары пачнуць думаць пра выканаўцаў? – абуралася Надзя. – Нагрувасцяць непатрэбныя перашкоды, і ты прадзіраешся праз іх, як праз лясны гушчар. А яны свята, непахісна вераць, што сказалі новае слова ў мастацтве!»

Наогул яна хацела вярнуць ноты і тым самым паставіць кропку. Пры бліжэйшай сустрэчы Надзя без асаблівай дыпламатычнасці выказала аўтару тое, што думала. I дадала:

– Наогул такія тэсітуры для голасу вельмі шкодныя. Я не ведаю, хто гэта спяваць будзе!

Напэўна, ён не чакаў такой рэакцыі на свае опусы. І на вачах пачырванеў:

– Што гэта за вакалісты, якія адно пра зручнасць і думаюць! Толькі сцежкамі пратаптанымі і хадзілі б!

Тут ужо Надзя не магла прамаўчаць. Гэта яна сцежкамі пратаптанымі ходзіць?!

– Малады чалавек, – Надзя амаль адчытвала яго, як строгая настаўніца шкадлівага вучня, – я за сваё жыццё столькі новых твораў выканала, што магу выбіраць, што спяваць, а што не! Скажыце «дзякуй», што з вашымі нотамі займаюся. Чаму артыст да вашых выкрунтасаў павінен прынароўлівацца? У тых нотах, якія я прагледзела, трэба шмат што змяніць. Вашым бессмяротным творам гэта будзе вельмі карысна!

Уважліва пазіраючы Надзі ў вочы, Маэстра сказаў ціхім спакойным голасам, якому цяжка запярэчыць:

– Я не змяню тут ніводнай ноты.

«I не зменіць, – чамусьці падумала Надзя. – Не той выпадак!»

Канцэртмайстар Ірачка, якая выпадкова зазірнула ў рэпетыцыйны клас, дзе яны размаўлялі, расказвала потым, заходзячыся смехам, што Надзя і Маэстра стаялі адно супраць аднаго як баксёры. Абое чырвоныя і разгарачаныя. Ірачка здагадалася, што яе прысутнасць тут не патрэбная, і ціха зачыніла дзверы.

Надзя ўжо гатовая была сказаць, каб ён забіраў свае творы і шукаў сабе іншую выканаўцу, але Маэстра нечакана, нібы ўбачыўшы сябе і яе збоку, засмяяўся і амаль папрасіў:

– Паглядзіце, калі ласка, ноты яшчэ раз. Можа, праз нейкі час усё падасца іншым? Не спяшайцеся. Калі пачне падабацца, патэлефануйце. Я цярплівы, – дадаў ён з нейкай дзіўнай і незразумелай усмешкай, – я пачакаю…

Чалавеку з такім голасам, ціхім і меладычным, цяжка пярэчыць. Галасы многіх людзей, апрача музыкаў, Надзю не хвалявалі. Будзённыя – яны і былі працягам той абрыдлай будзённасці, а часам пошласці, якая існавала вакол. Яго голас быў іншы. Ён нібы настройваў на ўласную хвалю і запрашаў на сваю планету. Можа, пасля той творчай спрэчкі-сваркі Надзя ўпершыню яго голас і пачула?

Сапраўды, калі пачала глядзець ноты другі і трэці раз, яны – вось дзіва! – ёй спадабаліся. Тое, што спачатку раздражняла і перашкаджала, некуды знікла, а на першы план выйшла раней незаўважанае: свежасць, нечаканасць інтанацый і музычнай мовы. Значыць, спрачаліся нездарма! Шыпы перасталі калоцца, нарэшце Надзя адчула слабы, ледзь улоўны пах ружы. Першую частку цыкла яна падрыхтавала сама, начарна, каб паказаць аўтару, што атрымалася з яго задумы.

* * *

Квітнеў май. Вабіла вока і маладая, нясмелая лістота, і кранальна-пяшчотная зялёная трава. Пад раскрытым акном шчабяталі, як птушаняты, нейчыя дзеці. Усё цешыла слых і жывіла душу.

Пасля доўгай і нуднай зімы, калі спявак павінен увесь час думаць, каб – крый божа! – не сказаць на марозе лішняга слова, каб не прастудзіць горла, не выпіць халоднага, можна было проста жыць, радавацца добраму надвор’ю і быць шчаслівай.

Той вясной у Надзіным жыцці ўсё неяк ладзілася. Ні сын, які ўжо хадзіў у трэці клас, ні маці не хварэлі, сесія, якая вымотвала нервы і забірала ўвесь час, у вучылішчы яшчэ не пачыналася. У дадатак нядаўна Надзя вярнулася з невялікіх гастроляў, у запасе меліся грошы, і можна было не баяцца, што ў вучэльні або філармоніі своечасова не выдадуць зарплату.

Вядома, лепей выконваць твор тады, калі канцэртмайстар сядзіць за раялем, іграе, а артыстка спявае. Але ў той дзень у Ірачкі ніяк не атрымлівалася прыйсці на рэпетыцыю. Таму Надзя сама села за фартэпіяна. Тым больш, што паказ чарнавы. На пюпітры стаялі раскрытыя ноты. Маэстра прысеў побач. Яна збіралася заспяваць першы раманс, таму зірнула на кампазітара, каб адчуць яго настрой і зразумець, пачынаць ці не. Ці гатовы ён слухаць? «Чаму раней я не заўважала гэты амаль рымскі профіль? I графічную выразнасць рыс яго твару таксама не бачыла?» – мільганула ў яе думках.

Сёння яго твар быў не такі, як Надзя прызвычаілася бачыць. Што было іншае? Напэўна, позірк. Прачытала ў ім захапленне і яшчэ штосьці, што не змагла вызначыць словам. Гэтае «штосьці» яе напужала. Сэрца ёкнула. Трэба пачынаць, паўза відавочна зацягвалася. Але, відаць, яго біяполе, якое Надзя ўпершыню адчула так блізка, аказалася мацнейшае за яе. Кажуць, у самалёта, які нечакана трапляе ў зону ўздзеяння НЛА, перастаюць працаваць прыборы, іх зашкальвае, і разгублены лётчык не можа як след кіраваць машынай. Так і тэксты твораў, якія Надзя збіралася спяваць, імгненна вылецелі з галавы.

Напэўна, усё доўжылася пэўныя долі секунды. Яна адчула, што далейшае развіццё падзей непрадказальнае. Так яны нічога не зробяць! Але здавацца адразу было нельга. Надзя паспрабавала супраціўляцца. I, не гледзячы яму ў вочы, ціха сказала:

– Вы мяне збіваеце з патрэбнага настрою. Я не магу так спяваць. Пераключыце, калі ласка, хвалю…

Ён засмяяўся. Напэўна, ад нечаканасці яе параўнанняў:

– Добра, добра!

Яна заспявала першы раманс. Спакваля адчула, што зрабілася лягчэй. Сапраўды, тыя хвалі да яе больш не даляталі. Захапіліся працай і ўжо не зважалі, як ляцеў час. Удакладнялі, змянялі, спрабавалі безліч розных варыянтаў. Але той позірк і той выраз на ягоным твары больш не з’яўляліся. Можа, яно і лепей?..

Джульета і экстрасэнс (зборнік)

Подняться наверх