Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 12

Аповесці
Доўгае развітанне
Аповесць у маналогах і дыялогах
Частка адзінаццатая
Старыя прысады

Оглавление

Нарэшце прыйшоў дзень канцэрта. Ці таму, што яна хвалявалася, ці з нейкай іншай прычыны, але Надзя кепска спала ўсю ноч. То за ёй, то за бабуляй з Алесікам, то за Маэстра ганяліся і лёталі нейкія страшыдлы і прывіды. Карусель знаёмых і незнаёмых твараў круцілася і мільгацела перад вачыма, нібы кадры з фільма жахаў. Надзя прачыналася, загадвала сабе не спаць наогул, каб ізноў не перажываць таго стану здранцвення, страху і поўнай душэўнай разгубленасці. Але варта толькі прыплюшчыць вочы, як фільм жахаў працягваўся, і яму не было канца. Паднялася зусім разбітай, у галаве было цьмяна.

Ранкам хацела адразу патэлефанаваць яму і спытаць, ці ўсё добра. Бо пасля ночы, як доўгі шлейф сну, гнялі душу незразумелыя страх і трывога. Хоць бы з ім нічога не здарылася!

Надзя ўжо зняла слухаўку, набрала нумар (ведала ж, што ў ягоным тэлефонным апараце нумары ўваходных званкоў не вызначаюцца), але пачуўшы «Алё…», сказанае знаёмым ціхім голасам, паклала яе. Яна дала сабе абяцанне: ніколі і ні пры якіх абставінах яму не тэлефанаваць. Ні-ко-лі! А абяцанні, дадзеныя сабе, трэба выконваць.

«Як я сёння буду спяваць – у такім стане? – Надзя была ў роспачы. – Гэта ж непазбежны правал! Такая велізарная праца, столькі ўкладзена сіл, эмоцый. І ўсё марна, дарма? Квіткі на вечарыну прададзены, вольных месцаў няма. Па запрашэннях павінны прыйсці калегі з вучэльні. Слухач чакае свята, настройваецца. А я не ведаю, як буду спяваць… І што рабіць?!» У глыбіні душы жыло кволае спадзяванне, што за паўдня нешта зменіцца.

Тэлефон зазваніў сам.

– Надзя, – пачуўся голас Маэстра, – гэта не ты толькі што тэлефанавала?

– Не, не я… – схлусіла яна. Памаўчала, а потым спытала: – У цябе ўсё нармальна?

– Нібыта…

– Ну, добра, тады – да вечара…

Бабуля ўжо адправіла Алесіка ў школу і цяпер завіхалася на кухні. Надзя паснедала, пагаварыла з маці пра побытавую драбязу. Накшталт таго, што трэба купіць хлопцу з зімовага адзення, бо леташняе зрабілася малым і цесным.

Потым маці расказала – з сакавітым народным гумарам і мноствам трапных дэталяў, як умела, пэўна, толькі яна – падрабязнасці свайго тыднёвага знаходжання ў сястры. Перад вачыма паўставалі каларытныя вобразы цёткі Соні і яе дзяцей, Надзіных стрыечных братоў і сясцёр. На яе адразу выплюхнулася столькі цікавых навін: пра запланаваныя на бліжэйшы час вяселлі і хрысціны, пабудаваныя хаты, купленыя машыны, ураджай на градах, здароўе шматлікіх сваякоў. Інакш кажучы, жыццё віравала, імчала і зіхацела. «Смешна, а я перажываю наконт голасу… Распяюся – і ўсё будзе так, як і павінна быць!» Спакойны, бесклапотны матчын настрой спакваля перадаваўся Надзі. Яна ўжо не думала пра немінучы правал. Трэба паспрабаваць, як сёння гучыць голас. Адчыніла вечка піяніна, узяла некалькі нот. Голас гучаў, і гэта абнадзейвала.

Потым прымервала перад люстэркам новую, яшчэ не надзяваную канцэртную сукенку. Сшытая з чорнага шыфону, доўгая, да пят, з вялікім шлейфам ззаду, яна Надзі вельмі пасавала. Гафрыраваныя рукавы з тонкай серабрыстай каймой па краі, свабодныя, напалову адкрывалі рукі. Надзя раскінула іх у бакі, нібы сабралася ўзляцець. Чорны шыфон захваляваўся, пабег, і цяпер напаўпразрыстыя рукавы здаваліся крыламі дзіўнай казачнай птушкі, якая прыляцела невядома адкуль. Мы яшчэ паглядзім, хто сёння будзе пераможцам!

Надзя намервалася выйсці з дому загадзя, каб не адразу трапіць у шумную, вірлівую плынь людзей на праспекце, а, не спяшаючыся, прайсціся прысадамі старога парку. Яшчэ ў XVI стагоддзі напісаў паэт: «Лепш за прыроду нішто не ачысціць нам душу…» Дзіўна, але за чатыры стагоддзі мала што змянілася ва ўзаемных дачыненнях чалавека і навакольнай прыроды.

Надзя любіць якое заўгодна надвор’е, але галасавыя звязкі любяць сухія сонечныя дні. Сёння якраз такі дзень, нібы па яе просьбе. Пад нагамі шамаціць сухое пакурчанае лісце. На клёнах і таполях дагарае апошняя краса.

Да пачатку канцэрта застаецца паўтары гадзіны. Надзя думае пра тое, з якім умельствам і неверагоднай фантазіяй узводзілі культавыя будынкі майстры ў мінулыя стагоддзі. Хіба гэта не аргумент у іхняй заўсёднай спрэчцы з Алегам? Ніхто не ведае імёнаў дойлідаў, іх даўно няма на зямлі. Можа, род той звёўся, вынішчаны войнамі ці голадам. А храм стаіць – насуперак часу, войнам, варажнечы. І жыве ў ім душа невядомага дойліда. Ці трэба здзіўляцца, што спевакі так любяць тут выступаць? Здаецца, прастора ўнутры будынка існуе па законах ідэальнай прыгажосці.

Калі знікне святло ў вялікіх люстрах і малых свяцільніках, вядучая абвесціць: «Выступае лаўрэат міжнародных конкурсаў, заслужаная артыстка рэспублікі…». Вядома, прыемна пра сябе такое чуць, але Надзя ўспрымае прыкметы грамадскага прызнання так, нібы гаворка ідзе пра старонняга чалавека. «Ну, буду спяваць гадоў яшчэ дзесяць-пятнаццаць. Калі з голасам будзе ўсё добра. Мо і да народнай даслужуся. Але хіба званні і прыкметы грамадскага прызнання могуць адолець тую самоту, тую тугу, якая прыходзіць да мяне ўсё часцей? Яе не было ў маладосці. І падчас нашых сустрэч з Маэстра.

Чаму паўсюль адчуваю сябе адзінокай: у натоўпе на вуліцы горада, сярод калег і каляжанак на вясёлай вечарынцы, нават у сям’і? Нібы пячатка на мне ляжыць, нібы заклён, які немагчыма адолець. Быццам зачараваў хто… І толькі ў час канцэрта, калі плынь музыкі яднае з залай, калі літаральна скурай адчуваю настрой публікі, пазбаўляюся гэтага заклёну. Тады я сапраўдная, якой бачу сябе ўнутраным зрокам, а не ў люстэрку.

Хто гэта разумее? Мой былы муж, які ніколі не хадзіў на мае канцэрты? Ці Маэстра? А што яго цікавіць, апрача ўласных сачыненняў? Ён любіць свой вытанчаны ўнутраны свет і сваю геніяльную творчасць. Ну і няхай любіць! А я тут пры чым? Навошта мне пра яго думаць?

Магу сказаць даслоўна, што потым напішуць пра канцэрт. Тое, што і раней: «Тонкае і ўдумлівае прачытанне», «творчая апантанасць»… Банальныя сказы! Каб яны ведалі ці маглі здагадацца, што ў так званай творчай апантанасці, калі, скончыўшы рыхтаваць адну праграму, адразу бярэшся за другую, у гэтых бясконцых гастролях і запісах у фонды радыё, выяўляецца не толькі любоў да музыкі і прафесіі, але і імкненне пазбавіцца ад заўсёднай адзіноты.

Напэўна, доля мая такая. Навошта на Бога наракаць? Такая нарадзілася, такой і застануся. Навошта ў сабе штосьці мяняць? Для каго і для чаго? Але, каб не прыходзіла і не апаноўвала адзінота, хіба я магла б пачуць тое, што адкрываецца ў нотных аркушах? Галасы вялікіх кампазітараў, якія пайшлі, але пакінулі ўсім – і мне таксама! – самае каштоўнае, што мелі,– уласныя творы? Хіба іх галасы не падказваюць, што і як трэба спяваць? Калі я перастану чуць тыя галасы, маё жыццё як спявачкі скончыцца. I застанецца глядзець тэлевізар, абурацца, як кепска спяваюць маладыя, гартаць старыя, пажоўклыя праграмкі. І яшчэ чытаць старыя рэцэнзіі на ўласныя канцэрты.

Што зробіш, не пашанцавала ў асабістым жыцці. Затое шанцуе як артыстцы. Не бывае, каб і там, і тут поўна. Прафесія звяла мяне з Алегам, яна з ім і развяла. Калі б я не была спявачкай, магчыма, ніколі б не пазнаёмілася з Маэстра…» Толькі цяпер Надзі ў галаву прыйшла думка, якая ніколі не з’яўлялася раней, – што такой сустрэчы наогул магло і не быць. А калі час адкруціць назад? Усё сцерці чароўнай гумкай, назаўсёды замазаць белай фарбай? Ці згадзілася б яна, каб нічога не здарылася? Не… Няхай цяпер ёй горка, але лепей так, як ёсць.

Учора адбылася рэпетыцыя з аркестрам. Апошні прагон праграмы, з першага нумара да апошняга. У паўзах яны ўдакладнялі з дырыжорам тэмпы. Надзя моўчкі выслухала апошнія, дробныя пажаданні аўтара.

Яна крочыць далей і далей прысадамі парку. Як пабудаваны канцэрт? Першая частка – няпэўныя мары, сустрэча, каханне, шчасце. На гэтай узнёслай ноце заканчвалася першае аддзяленне. Другое пачыналася з ростані. Сустрэчы, пакуты, адчай, адзінота, расстанне – і памяць… Усё, як у іх. Надзя даўно вырашыла, што гэты канцэрт будзе яе развітаннем з Маэстра. Будзе ростанню, а па нейкім часе ў душы застанецца толькі няпэўны, расплывісты, самотны ўспамін.

Джульета і экстрасэнс (зборнік)

Подняться наверх