Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 17

Аповесці
Апошняе каханне Дон-Жуана
Сентыментальная гісторыя ў сямі раздзелах
Раздзел першы
Пасля пленэру

Оглавление

Мікола добра памятаў той позні вечар, калі вярнуўся дадому з міжнароднага пленэру. Ён быў бязмежна стомлены. Але колькі сустрэч і цікавейшых размоў! А галоўнае, колькі паспеў зрабіць за гэтыя два тыдні! Увесь багажнік і задняе сядзенне яго белай шыкоўнай «Аўдзі» займалі карціны і эцюды, напісаныя падчас пленэру.

Мінулая ноч сталася амаль бяссоннай. Напярэдадні адбылося ўрачыстае закрыццё і, натуральна, банкет, але Мікола памятаў, што потым давядзецца сядаць за руль. Таму спыніўся своечасова. Выправіліся спаць толькі пад раніцу, літаральна на некалькі гадзін, каб хоць трохі асвяжыць галаву.

Не, гэта выратаванне, што ёсць уласны транспарт. Што б ён рабіў без сваёй любімай «тачкі»? Як перавёз бы за дзвесце кіламетраў уласныя жывапісныя скарбы?

Зараз пап’е гарбаты і – адразу спаць! Яшчэ на пленэры, падчас штодзённых напружаных клопатаў, бясконцых стасункаў з мастакамі з розных краін, ён быў такі ўзбуджаны працай і прызнаннем калег, што не адчуў, як паціху збіралася стома. Не, работы ён сёння распакоўваць не будзе. Лепей заўтра…

Цікава, чаму Ала яго не сустрэла? Ад’язджаючы, ён папярэджваў, калі павінен вярнуцца. Напэўна, пакуль яго не было, яна жыла ў бацькоў. За два тыдні Мікола паспеў засумаваць без яе. Разам з жанчынай у кватэры заўсёды прысутнічае ўтульнасць і душэўнае цяпло. Дый пад’есці пасля дарогі чаго-небудзь больш істотнага не пашкодзіла б…

Мікола знайшоў у дарожнай сумцы некалькі бутэрбродаў, абачліва ўзятых у дарогу, выпіў шклянку гарачай гарбаты і лёг. Заснуў імгненна, ледзь дакрануўшыся да падушкі. Праспаў дванаццаць гадзін і, відаць, спаў бы далей, калі б сонечны прамень, які паціху рухаўся па пакоі, не дабраўся нарэшце да ягонага твару.

Мастак адкрыў вочы і не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца. Бо за два тыдні прызвычаіўся да іншай столі, малюнка шпалераў і іншага інтэр’ера. Стома апала, растала разам з начной цемрай. Ён не хацеў уставаць, толькі пасунуўся на канапе, каб сонца не сляпіла вочы. Дарма з вечара не зацягнуў шторы.

На душы панавала радасць.

Чаму? Мікола перабіраў у памяці падзеі ўчарашняга дня – ранішнія зборы, апошнія гутаркі з мастакамі, абмен адрасамі. Потым дарога назад і восеньскія палі абапал шашы… А-а, вось ён і ўспомніў, што грэла душу, поўніла яе зіхатлівым, звонкім шчасцем, – аддаленая перспектыва яго персанальных выстаў у Балгарыі і Грэцыі.

З новымі сябрамі, таленавітымі і ўплывовымі мастакамі, яны абмяркоўвалі асаблівасці выставачных залаў у розных гарадах, магчымую колькасць работ, іх стылёвую скіраванасць, жанры, якім варта аддаць перавагу. У глядацкім успрыманні ўсё павінна быць улічана. Расчулены высокай ацэнкай яго творчасці, Мікола падараваў новым сябрам па ўласнай рабоце.

Цудоўна! Ён ізноў убачыць любімую Грэцыю, куды яны з Алай ужо траплялі два гады таму. Тады былі ўсяго турыстамі, падарожнікамі, а таму прыватнымі асобамі. Цяпер усё будзе ўспрымацца іначай…

* * *

Перспектыва новых выставаў заўжды акрыляла. Мікола не любіў вазіць у розныя гарады адны і тыя ж творы. Працяглае разгляданне ўласных карцін не толькі надакучвала, але і пачынала раздражняць. I адзіным выйсцем было пісаць новыя работы.

Мікола даўно заўважаў, што адносіны паміж мастаком і яго карцінамі дзіўныя і не заўсёды зразумелыя. У гэтых стасунках ёсць пэўная доля містыкі. Завершаны партрэт ці пейзаж, у які ён звычайна ўкладваў усе эмоцыі, на стадыі завяршэння часта выклікаў пачуцці, супрацьлеглыя захапленню – моцнае раздражненне, амаль агіду, а таксама ўсведамленне ўласнай нікчэмнасці. Бо ідэал, да якога ён рухаўся, зноў аказваўся недасяжны, як лінія гарызонту. Мікола нібы атручваўся чарговым творам і марыў хутчэй скончыць, адысці ад яго, каб займацца іншай карцінай.

Мінаў час, раздражненне знікала, і мастак разглядаў уласную карціну як твор невядомага аўтара. Самае дзіўнае, што партрэт ці пейзаж, аддзелены ад негатыўных эмоцый, часцей яму падабаўся. Нават дзівіўся, шчыра і непадробна, – няўжо ён гэта зрабіў?

У майстэрні перад вачыма ўвесь час віселі работы – свае і падораныя сябрамі. Тыя колеравыя плямы і спалучэнні, пластычны малюнак ліній былі для яго наталеннем смагі. Ён глядзеў і глядзеў – днямі, тыднямі, прагна, пільна, нібы ў твар каханай жанчыны. Не глядзеў, а піў асалоду. А калі адчуваў, што ніякія энергетычныя хвалі адтуль, з карціны, да яго больш не ідуць, мяняў хатнюю экспазіцыю. Каб натхняцца нечым іншым…

Мікола нарэшце ўзняўся з канапы і сеў, аглядаючы кватэру, ад якой паспеў адвыкнуць. Майстэрня была для яго не другім, а першым домам. Там праходзіла асноўная частка жыцця, там ён часам і начаваў, каб не ездзіць туды-сюды і не марнаваць дарэмна час. Калі ў яго жыцці з’явілася Ала, дома Мікола пачаў бываць часцей. Але ўсё адно яго кватэра была мала падобная на звычайную. Хутчэй выглядала філіялам майстэрні ці маленькага музея.

Агледзеўшы сцены ўласнага жытла, Мікола заўважыў, што ў пакоі нешта змянілася. Ён не мог сказаць што. Таму крочыў па невялікай прасторы туды-сюды. Дарэчы, ужо адзінаццаць раніцы. Чаму не тэлефануе Ала? Тэлефон ён не выключаў на ноч. На яе не падобна!

Раптам у вочы яму кінуўся белы аркуш паперы, які адзінока ляжаў на пустым стале. Побач – ключы ад кватэры і майстэрні. Навошта Ала іх пакінула? Дзіўна! Ён узяў аркуш у руку. Там буйнымі літарамі, размашыстым почыркам Алы было напісана: «Мікола, ніводны нармальны чалавек побач з табой доўга не вытрымае. Калі ласка, не шукай мяне і не тэлефануй. Я да цябе не вярнуся».

Мастак прачытаў запіску адзін раз і нічога не зразумеў. Можа, ён усё гэта сасніў? Ці Ала вырашыла так няўдала пажартаваць? Прачытаў запіску другі раз. А можа, гэта не жарт?.. Бо навошта ёй пакідаць ключы? Цяпер ён зразумеў, што змянілася ў пакоі – у ім не хапала яе рэчаў. Як ён адразу не здагадаўся! На сценах не было некалькіх эцюдаў, напісаных ёю, якія раней яму вельмі падабаліся. Той светлы настрой, з якім ён учора вяртаўся з пленэру, з якім прачнуўся і які сёння радасцю трымцеў у душы, раптам знік і скурчыўся, быццам тонкі аркуш паперы ў агні.

Чаму гэтыя жанчыны ўсё псуюць? Ён нічога не разумеў! Хіба нельга па-чалавечы патлумачыць, што не падабаецца, а не разводзіць танную тэатральшчыну з запіскамі? А калі б ён раптам паперыну не заўважыў, што тады? I навошта падобныя абагульненні – «ніхто не вытрымае…» Ты пра сябе кажы! Навошта пра ўсіх?

На душы было пагана і прыкра.

Ала – яго апошняя пасія. Даўганогая красуня са светлымі, распушчанымі па плячах валасамі, яна звычайна хадзіла ў джынсах і світарку. У шэрых вачах, з ледзь прыкметнай зелянцой, ён заўсёды заўважаў штосьці русалчына. Яна і сама падобная на русалку, толькі ў сучасным варыянце. Яго былая студэнтка. Ён выкладаў жывапіс на іхнім курсе. У той час, калі ўзнікла магчымасць паўгадавой стажыроўкі за мяжой, Ала некалькі месяцаў жыла ў яго майстэрні. Ён сабраўся ехаць, яна кінула вучобу і паехала разам з ім.

Некалькі яго персанальных выстаў, арганізаваных з вялікімі намаганнямі, адбыліся ў Германіі і Аўстрыі. Яны прайшлі вельмі ўдала, Мікола не чакаў такога поспеху. На грошы, атрыманыя ад продажу карцін, яны з Алай аб’ездзілі ледзь не ўсю Еўропу. З якой ахвотай і захапленнем ён паказваў гэтай дзяўчыне архітэктурныя помнікі, якія марыў пабачыць яшчэ ў юнацтве! Многія з гэтых плошчаў і сусветна вядомых сабораў адлюстраваныя ў шыкоўных, замежнага друку альбомах, што стаялі ў Міколавай майстэрні. Хіба мог ён, студэнт, які прыехаў у сталіцу з невялікага правінцыйнага гарадка, будучы мастак, у якога не хапала грошай на самае неабходнае, на якасныя, найлепшага гатунку фарбы, – хіба мог падумаць, што некалі ўбачыць тыя гарады на яве?! Яны разам хадзілі па музеях Італіі, Германіі, Францыі, Іспаніі. Луўр, Прада, Дрэздэнская галерэя – Мікола пераступаў парог кожнага з музейных будынкаў, як пераступаюць парог раю, калі ён існуе, дзе зямнога чалавека чакае вечнае, бясконцае шчасце. У музеях паказваў Але любімыя карціны і распавядаў пра любімых мастакоў.

Калі апошні раз яны вандравалі па Еўропе, светлавалосая русалка з зеленаватымі вачыма пачала ад яго душэўна аддаляцца. Але Мікола думаў, што яна проста стамілася ад падарожжаў і ўражанняў, якія літаральна абрыньваліся на іх, як вадаспад, у кожным горадзе. Ён спадзяваўся, што яе халоднасць часовая. Яны вернуцца дадому, і адносіны іх вернуцца да ранейшай акрэсленасці. Цяпер яна сама паставіла кропку. Мастаку было крыўдна, як дзіцяці, якога падманулі. Далі прывабную цукерку, а там аказаўся пусты фанцік…

Можа, яна сапраўды русалка? Мікола ўспомніў дзіўнае пачуццё, якое аднойчы зведаў у Італіі. Калі казачная Венецыя, па якой яны з Алай блукалі цэлы дзень, аддалілася на колькі кіламетраў, у Міколы ўзнікла адчуванне, што гэты горад і ўсё, што ён бачыў сёння – фантастычнай прыгажосці палацы, плошчы, музеі, каралеўская раскоша старадаўніх будынкаў,– усё прывід. Міраж, што ўзнік у яго мастакоўскім уяўленні. А насамрэч горада, пабудаванага не на зямлі, трывалай і надзейнай, а на вадзе, не існуе. Побач з Венецыяй мора, і ўсюды вакол – маленькія і вялікія каналы, і зверху на іх ліў бясконцы дождж. І часам мастаку здавалася, што трапіў ён у дзівосны і падманлівы падводны свет. I гэты сон мусіць раней ці пазней скончыцца, бо ўсе сны некалі скончацца.

Можа, і Ала з’яўлялася часткай сну? Незвычайна, фантастычна прыгожая, калі знаходзілася побач, яна здавалася цяпер амаль нерэальнай. Ці прысутнічала яна наогул у ягоным жыцці? Не, напэўна, усё ж была. Але нырнула, як русалка, у глыбіню, і шукай, дзе хочаш…

Мікола не мог сказаць, што яму не хапае штодзённай прысутнасці гэтай дзяўчыны. Ежу ён і сам згатуе. Найбольш крыўдна было, што кінулі яго. Таго, хто сам распараджаўся ўласным лёсам і лёсам той, якая аказвалася побач. Ці не ўпершыню Мікола падумаў пра жанчын, з якімі ён развітваўся з такой лёгкасцю. Што павінны былі адчуваць яны? Такую ж крыўду, стомленасць, апатыю?

Ала яму надзвычай падабалася. Апошнія гады ён пачаў менш паглядаць на іншых паненак, міжволі, чыста прафесійна вылучаючы ў натоўпе гарманічны твар. Чаму яна сышла? Ён не мог зразумець. Умовы задачы не сыходзіліся з адказам. Можа, справа ва ўзросце або надта вялікай, у дваццаць гадоў, розніцы паміж імі? Яму сорак пяць, ёй – дваццаць пяць. Яшчэ праз дваццаць гадоў ён будзе амаль стары, а ёй будзе столькі, колькі яму цяпер. Будзе? Не! Для яго не будзе…

Яна гуляла не па правілах. Яны так не дамаўляліся! Карціны Алы правіселі на сценах пакоя некалькі гадоў, і пасля таго, як яна знікла разам з імі, на шпалерах засталіся больш цёмныя прамавугольнікі і квадраты, якія не паспелі выгараць ад сонца. Яны прыгняталі, і калі, перавесіўшы карціны, ён закрыў плямы, яны заставаліся ўжо не на яве, а ў памяці. Як напамінак пра маральнае паражэнне.

Пасля таго, як Ала знікла, прайшло з паўгода. Спачатку ім валодала моцнае жаданне знайсці яе. Сустрэцца, пагаварыць і зразумець, што здарылася. Але ў такой сітуацыі прасіць быў вымушаны ён. А прасіць ён не любіў і не хацеў. Мікола мог прымаць нейчае захапленне як шчодры дар. Але чаму ён, мэтр, павінен бегаць за дзяўчынай, былой студэнткай, тэлефанаваць, прасіць пра сустрэчу?.. У яго таксама гонар прысутнічае. А мо яна перадумае ды вернецца сама?

Месяц ішоў за месяцам, але Ала не вярталася і не нагадвала пра сябе. Мікола адчуваў: іх расстанне нібы пазначыла нейкую мяжу. Цяпер яму часцей хацелася цішыні і спакою. Хацелася, каб нарэшце спынілася мільгаценне жаночых твараў у ягоным жыцці. I застаўся адзін твар, у які можна ўзірацца бясконца і знаходзіць у ім усё новыя рысы і адценні.

У сяброўскай кампаніі жанчыны радзей кідалі на яго позіркі, паменела сустрэч. Ён адчуваў стомленасць і ўжо не меў таго маладога імпэту, з якім некалі кідаўся, як у бурлівую раку, у вір эмоцый.

Звычайна ва ўсіх складаных жыццёвых сітуацыях Міколу ратавала праца. Ён набіраў заказаў і працаваў як катаржнік, прыкуты ланцугамі да сцяны ў рудніку, або як раб на галерах. Працаваў днямі, пакуль вечарам стома не валіла з ног. Ехаць з майстэрні дахаты, а потым ранкам вяртацца назад не мела ніякага сэнсу, і Мікола амаль жыў у майстэрні. А сваю кватэру часова аддаў сябру, які разышоўся з жонкай, сышоў ад яе і не меў дзе прытуліцца.

Джульета і экстрасэнс (зборнік)

Подняться наверх