Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 18

Аповесці
Апошняе каханне Дон-Жуана
Сентыментальная гісторыя ў сямі раздзелах
Раздзел другі
Паненкі

Оглавление

Ніколі не вяртайся ў мясціны, дзе ты быў шчаслівы! Гэтая думка, недзе вычытаная ці пачутая, так уразіла яшчэ ў юнацтве, што запомнілася на ўсё жыццё. Мікола і сапраўды імкнуўся не вяртацца – баючыся расчараванняў, не жадаючы парушыць паэтычны, узвышаны вобраз, які жыў у душы, спеў у ёй, каб у рэшце рэшт перайсці на жывапіснае палатно ці графічны аркуш. Ён амаль ніколі не вяртаўся да жанчын, з якімі некалі перажыў хвіліны душэўнага ўздыму і шчасця, падазраючы, і не без падстаў, што самае цікавае ён зведаў. А далей усё будзе сапсавана – сваякамі, яе і яго, побытам, спрэчкамі, папрокамі, канфліктамі і непаразуменнямі…

Мікола падабаўся жанчынам. I ведаў пра гэта. Нельга сказаць, што ён карыстаўся такімі здольнасцямі свядома. Ён глядзеў на іх з задуменнай усмешкай, часам дарыў кветкі, часам маляваў іх партрэты. Шчыра захапляўся, моўчкі або ўголас, іх прыгажосцю і далікатнасцю натуры. Але жанчынамі так рэдка хтосьці захапляўся, што яго нячастыя кампліменты гучалі для іх як чароўная музыка, якую яны былі згодныя слухаць бясконца.

Ён цярпліва выслухоўваў іхнія споведзі. Часам яны гучалі ўперамежку са слязьмі, часам са смехам. Жыццёвыя гісторыі вар’іраваліся, але не надта моцна. У маладзенькіх дзяўчат звычайна былі бацькі, якія не разумелі іх, або жаніх ці малады чалавек, які іх кінуў. У трыццацігадовых жанчын меўся не надта прыгожы ці не надта любы муж, непаслухмяныя дзеці, злосная свякруха ці нядобразычлівая мужава радня. Ён выслухоўваў, таму што некаму яны павінны былі сказаць, каб аблегчыць сабе душу. А слухаць мала хто хацеў і ўмеў. Звычайна тыя горкія слёзы высыхалі потым падчас спаткання ад ягоных пацалункаў.

Яго стыль паводзін – усмешка, галантнасць, уменне слухаць і высока цаніць жаночае хараство – бездакорна дзейнічаў на лепшую палову чалавецтва. Звычайна стасункі Міколы з жанчынамі заканчваліся тым, што ў іх душах пачынала рабіцца штосьці незразумелае. Яны самі кідаліся яму на шыю і прызнаваліся ў каханні.

– Слухай, Мікола, дык ты – проста прафесійны спакуснік, – сказаў аднойчы сябра, які меў магчымасць з паўгадзіны назіраць, як Мікола размаўляў са сваёй знаёмай. – Дон-Жуан ці Казанова… Ты калі-небудзь супакоішся?

У тых словах Мікола пачуў не дакор, а прыхаванае захапленне і лёгкае адценне зайздрасці. Ён засмяяўся:

– Супакоюся, але не хутка!

Ён не пакрыўдзіўся. Захапленне няможна зрабіць прафесіяй. Яго прафесія – жывапіс. I яшчэ – графіка. А жанчыны – заўсёдны стымул для творчасці. Яны ляцелі да яго, бы матылькі на агеньчык. Ішлі проста ў рукі. Дык чаму ён павінен адмаўляцца? Уцякаць ад іх – ці што? Рабіць з сябе святога?

Мікола нікому не прызнаваўся ў каханні, нічога не абяцаў і таму не парушаў абяцанняў. Сумленне яго чыстае. Пачуцці жанчын былі чароўным нектарам, які жывіў творчасць. Як мастак ён меў густ і выбіраў не абы-каго. Яго пасіі былі пераважна асобы вытанчаныя, з цікавым і далікатным унутраным светам – артысткі, мастачкі, перакладчыцы. Але абавязкова прыгажуні.

Праз пэўны час ён мусіў, павінен быў сыходзіць ад іх, каб не згубіць у душы адчуванне душэўнага ўздыму, якое давалі яму нейчыя сардэчныя захапленні. Часта Мікола не памятаў імёнаў гэтых жанчын, але як мастак, які мае бязмежную зрокавую памяць, памятаў іх твары ў хвіліны кахання. Памятаў тыя словы пяшчоты і захаплення, якія яны горача шапталі яму. Гэта цешыла, грэла душу, здавалася, узнімала над зямлёй, над іншымі людзьмі, у каго не было такіх прыгажунь і каму незвычайныя жанчыны не шапталі падобныя пяшчотныя словы. Застацца з кімсьці назусім – значыла здрадзіць мастацтву.

Тых, з кім ён расстаўся, Мікола амаль ніколі не ўспамінаў. Прывязаны да некага, да жонкі і дзяцей, ён мусіў бы бясконца зарабляць грошы. Спачатку на кватэру, лецішча і машыну, потым на іх начынне: мэблю, тэлевізары, відэакамеры. Потым на бясконцыя абноўкі: плашчы, курткі, сумкі, джынсы. I так да знямогі! Хіба мог бы ён тады аб’ехаць усю Еўропу і трапіць з уласнымі творамі ў лепшыя выставачныя залы? Тут трэба выбіраць штосьці адно. I свой выбар ён даўно зрабіў.

Некалі Мікола быў жанаты. З Людай яны разам вучыліся ў мастацкім інстытуце, толькі на розных аддзяленнях: ён – на жывапісу, яна – на мадэляванні. Але штосьці ў іх не склалася. Цяпер ён і не сказаў бы што, бо новыя ўражанні засланілі падзеі дваццацігадовай даўнасці. Спачатку ўсё ладзілася, але потым пачаліся папрокі, сцэны, капрызы, а ў дадатак слёзы. Канфлікты перашкаджалі працаваць, надоўга выбівалі з патрэбнага настрою. Мікола кепска пераносіў жаночыя слёзы, бо не ведаў, што рабіць, а таму не любіў адчуванне ўласнае разгубленасці і бяссілля.

Дзяцей яны з Людай не заводзілі. Спачатку хацелася скончыць вучобу, потым крыху пажыць для сябе. Таму адзін ці два разы Люда пазбавілася ад таго, што мелася быць дзіцем. Пазней, калі яна зразумела, што ўзрост прыспешвае, і захацела зацяжарыць, нічога не атрымалася. Тая сцэна, што адбылася паміж імі, аказалася апошняй кропляй, якая перапоўніла Міколава цярпенне. Люда плакала, казала, што ён эгаіст, заўсёды думае пра сябе. Што яму ніхто не патрэбен, толькі мастацтва, і што гэта ён двойчы прымусіў яе пазбавіцца ад цяжарнасці, а цяпер у яе наогул дзяцей не будзе…

– Люда, перахрысціся! – абурыўся ён. – Я табе сказаў, і добра памятаю, як хочаш, так і рабі – хочаш пакідай, хочаш – не…

Навошта яна шукае вінаватых? Але Люда плакала так несуцешна, што трэба было нешта зрабіць. Але што, ён не ведаў.

Неўзабаве яны разышліся, і Мікола вырашыў, што банальнае сямейнае жыццё – не яго сфера. Дастаткова паглядзець на Алега, блізкага сябра Міколы, таленавітага мастака, каб пераканацца, што робіць сям’я і побыт з чалавекам здольным. Яшчэ ў студэнцкія гады Алег ажаніўся з Аленай, таксама мастачкай. Міколу яна не вельмі падабалася, ён аддаваў перавагу жанчынам больш эфектным і кідкім. З іх так цікава пісаць партрэты! Алена скончыла графічнае аддзяленне і афармляла дзіцячыя кніжкі. Але ў жыцці яна здавалася не надта выразнай, бляклай, з дробнымі, амаль птушынымі рысамі твару. Мікола не разумеў, што ў ёй знайшоў сябра. Але ж нешта знайшоў…

Праз некалькі гадоў пасля іхняга вяселля Мікола зазірнуў да Алега і Алены ў госці. Карціна іх сямейнага жыцця расчаравала яго яшчэ больш. За вялікія грошы сябар з жонкай здымалі пакой. Іхняй дачцэ споўнілася тады два ці тры гады. Алена выглядала знерваванай і змэнчанай, Алег – таксама. На іхніх тварах было напісана адно жаданне – як след выспацца.

Напэўна, Мікола прыйшоў не ў пару. Ён нядаўна вярнуўся з першага замежнага падарожжа і спадзяваўся расказаць пра яго сябрам. Пасядзець, пагутарыць – як у былыя бестурботныя студэнцкія часы. Але з таго нічога не атрымалася. Не паспелі яны сесці на кухні за стол, як туды прыбегла малая. Дзяўчынка на нешта хварэла. Яе шчокі і рукі былі шчодра памазаны зялёнкай, і ўся яна, ускудлачаная, нагадвала нейкага чорціка, які вылез з балотнай твані і нікому спакойна жыць не дае. Малая патрабавала, каб бацька ці маці гулялі з ёй, бо адной ёй сумна, плакала, капрызіла, адмаўлялася есці і атруціла тыя некалькі гадзін, пакуль Мікола сядзеў у гасцях.

Алена адчувала няёмкасць, што сябра бачыць іх не ў лепшым выглядзе. З Міколавага аповеду нічога не атрымалася. І ніякіх пачуццяў, акрамя непрыязнасці да дзяўчынкі, што забрала ўвагу лепшага сябра, ён не адчуваў. Замест таго, каб прыструніць малую, бацькі без усялякіх пярэчанняў выконвалі яе капрызы. Мікола не хацеў сабе такой долі. Ён ведаў, што Алег бегае па горадзе, шукае слоікі з дзіцячым харчаваннем – тады яшчэ іх у свабодным продажы не было, возіць дачку разам з жонкай да дактароў на кансультацыі. Міколу было шкада сябра.

– Алег, ты ўжо другой маці зрабіўся… – з іроніяй заўважыў ён, калі яны ўдвух сядзелі на кухні.

Але сябра іроніі не заўважыў.

– Можа, і зрабіўся, – сумна прызнаўся ён. – Але Ленку шкода… Так яна з гэтай малой замучылася! Ганначка па начах не спіць, алергія моцная. Нервы ў нас, вядома, дрэнь. Але дактары кажуць, што, можа, перарасце. I ўсё будзе іначай…

Але Мікола не бачыў таго, што будзе наперадзе. Ён бачыў тое, што ёсць цяпер. Для гэтай крыклівай істоты ахвяраваць сваім часам, сном і спакоем? Ненапісанымі творамі? Ну не! Ён на гэта ніколі б не згадзіўся. Творчасць давала пачуццё свабоды, усведамленне ўласнай вышыні. Ён адчуваў перавагу над сябрам і шкадаваў, што сям’я і побыт так знясілілі Алега. Набліжалася рэспубліканская выстава, для якой Мікола падрыхтаваў дзве новыя графічныя серыі і шэраг жывапісных работ. А ў Алега, акрамя двух-трох старых карцін, амаль нічога не з’явілася.

У жыцці Міколы праблем існавала непараўнальна менш. Ён іх не любіў і імкнуўся пазбягаць. Яго стыль ва ўзаемаадносінах з жанчынамі склаўся даўно, сам па сабе, і цалкам Міколу задавальняў. Ён нікому нічога не абяцаў і не патрабаваў абяцанняў. Яны сыходзіліся на пэўны час, бо разам ім было добра. I гэтак жа лёгка разбягаліся, калі замест яснага сонейка на даляглядзе ўзнікалі хмары.

Нейчыя гарачыя пачуцці да яго асобы нязменна абуджалі ў Міколавай душы п’янкую радасць, адчуванне ўласнай магутнасці, якая потым выплюхвалася на жывапіснае палатно неверагоднымі спалучэннямі фарбаў, кампазіцыйнай смеласцю, энергіяй каляровых плям і віртуознай дакладнасцю графічных ліній. Ён адчуваў, што працуе з дзівоснай хуткасцю. Часам Міколу здавалася, што нейкая сіла – ці боская ці д’ябальская, ён і сам не ведаў – гнала яго наперад. Ад выставы да выставы, ад партрэта да партрэта, ад адной жанчыны да другой.

Мікола быў пястун лёсу, і прыгожыя паненкі з’яўляліся тым палівам, без якога яго творчасць не магла існаваць. Можа, з гэтай прычыны такімі ўдалымі атрымліваліся ў яго жаночыя партрэты? Ён пісаў іх у інтэр’еры і сярод прыроды, пры асвятленні дзённым і вечаровым, твар ці ў поўны рост, апранутымі і не…

Але часам і партрэты, і карагоды вакол яго асобы – званкі, сустрэчы, спатканні – надакучвалі, і ён з’язджаў з горада на некалькі тыдняў. Жыў на бацькоўскім селішчы, з эцюднікам блукаў па ваколіцах. У цішыні хаты, у далечыні ад гарадскога тлуму, сярод знаёмых з дзяцінства рэчаў Міколу ахоплівала незразумелае пачуццё віны. Перад кім ці чым, ён не мог сказаць. Здавалася, усё ў яго жыцці не так і не тое. А як зрабіць, каб атрымалася так і тое, невядома.

Адшукаўшы маляўнічую мясціну, ён прыладжваўся з эцюднікам на ўскраіне лесу. На памяць часта прыходзілі ўспаміны маленства. Маладая маці, малады бацька… Шчаслівы, бесклапотны час! Маленькі Коля думаў, што ўзаемаадносіны блізкіх людзей падобныя на казку. Мама любіць тату, тата любіць маму, яны любяць Міколу, а Мікола – іх. I адчуванне агульнай любові, пяшчоты і замілавання рабіла хлопчыка шчаслівым і бараніла ад нягод.

Яшчэ падлеткам Мікола здагадаўся, што адносіны бацькоў далёкія ад ідыліі. Толькі яны старанна хаваюць тое, што яму ведаць не трэба. Аднойчы Мікола ўбачыў, як любімы і дарагі татка, на якога маці заўсёды глядзела з замілаваннем, размаўляў з чужой жанчынай. У яго аказаўся нечаканы выраз твару – цёплы і абаяльны. Такім сын бацьку ніколі не бачыў, бо дома той часцей выглядаў маўкліва-засяроджаным ці раздражнёным. І тады Мікола ведаў, што тата працуе і яго чапаць нельга. Сыну зрабілася крыўдна, што бацькаў голас, такі нечаканы і хвалюючы, адрасаваны не маці. I што яго прывабная ўсмешка таксама адрасавана не ёй…

Для Міколы тое ўражанне сталася ўдарам. Ён не мог сказаць маці пра сваё адкрыццё, бо здагадваўся, што зробіць ёй балюча. Ён перажываў, плакаў па начах, а то раптам падыходзіў да маці, лашчыўся, абдымаў яе без усялякай прычыны. Як быццам хацеў аддаць ёй тую ўвагу і пяшчоту, якую, на яго думку, не дадаваў бацька.

Праз некалькі гадоў Міколавы падазрэнні пацвердзіліся, калі ён убачыў надзвычай занятага бацьку ў горадзе, які не спяшаючыся, крочыў пад ручку з чужой жанчынай. Мікола не ведаў, як гэта называецца на дарослай мове – здрадай ці толькі жаданнем яе. Калі маці не аказвалася дома, бацьку нехта тэлефанаваў. Але штосьці ў тых званках выклікала сынаў пратэст. Ці ненатуральна вясёлы бацькаў голас, ці тое, што бацьку відавочна не падабалася прысутнасць Міколы ў пакоі? Але чаму ў яго павіны быць сакрэты ад сына і жонкі?..

Якімі рознымі выглядалі бацькі! Зух, прыгажун і гуляка, бацька часцей успрымаўся як герой. А маці, заўсёды прывязаная да дому і дзяцей, іх вечных хвароб і праблем, побач з ім на людзях выглядала Папялушкай, разгубленай і крыху недарэчнай, якая трапіла на баль, але перад тым чамусьці забылася пераапрануцца. Бацька здаваўся пераможцам, а маці зусім пазбаўленай свецкага бляску.

Два розныя стылі паводзін, два розныя стаўленні да жыцця… I дарослы, Мікола мусіў трымацца нейкай адной лініі – ці бацькавай, ці матчынай. Ён спачуваў маці, ён любіў яе, але яго мужчынская сутнасць не магла пагадзіцца з тым, што ён не-герой і не-пераможца. I непрыкметна для сябе выбраў бацькавы каштоўнасці.

Мікола не думаў, што пасля шматлікіх прыгод і сустрэч бацька ўсё адно вяртаўся да жонкі Веры, якая ўспрымалася як надзейная прыстань у бурлівым жыццёвым моры. Калі маці пачала цяжка хварэць, а потым і памерла, Мікола доўга не мог зразумець, чаму бацька адразу неяк абмяк і пастарэў. Сын не здагадваўся, што менавіта матчына захапленне рабіла з бацькі героя, якім ён здаваўся Колю.

Сам ён рана даведаўся пра таямніцу ўзаемаадносін мужчыны і жанчыны, але нельга сказаць, што тое веданне зрабіла яго шчаслівым. «I гэта – усё?.. – збянтэжана думаў ён. – Гэта ўслаўляюць паэты натхнёнымі вершамі?..»

Стан закаханасці аказаўся больш хвалюючым за само каханне. Жыццё, нават у такой далікатнай сферы, яшчэ раз пацвердзіла Міколу яго тэорыю, што вобраз заўсёды ярчэй за рэчаіснасць і жыццёвы грунт, на аснове якога ўзнікае. Бо вобраз расквечаны фантазіяй, у ім ты вольны. Міколу часам здавалася, што бясконцая змена захапленняў, якая адбывалася ў яго жыцці,– усяго толькі пошук ідэалу. А грубае, матэрыяльнае судакрананне з ім пазбаўляе ідэал узвышаных якасцей.

Напэўна, калі Бог шчодра адорвае адным, дык другое забірае. Каб не лётаў надта высока, каб не апанавала гардыня. Мікола без асаблівых намаганняў (ці мо сябрам так толькі здавалася?) браў тыя прафесійныя бар’еры, на пераадоленне якіх іншыя марнавалі ўсё жыццё. Ён меў рэдкі дар каларыста. Яго творы з ахвотай набывалі замежныя галерэі і асобныя калекцыянеры. Яго называлі гонарам нацыянальнай жывапіснай школы. Але асабістае жыццё пасля той, не дужа ўдалай жаніцьбы, так і не склалася.

Джульета і экстрасэнс (зборнік)

Подняться наверх