Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 3
Аповесці
Доўгае развітанне
Аповесць у маналогах і дыялогах
Частка другая
Алег
ОглавлениеЧасам Надзя задумвалася, чаму ў іх з Алегам не склалася сумеснае жыццё. Усё пачыналася так светла і радасна. Здавалася, што ўзаемных пачуццяў хопіць на ўсё жыццё.
Алег меў прыстойны голас, не надта моцны, эстраднага плану. Магчыма, эстрада вабіла яго і таму, што грошы тут прыходзілі лягчэй. Гэта табе не напаўпустыя залы філармоніі і не дзяржаўныя датацыі! Сама Надзя, спявачка класічнай арыентацыі, лічыла, што на эстрадзе ёсць розныя стылі і манеры паводзін. Але тая, якую абраў для сябе Алег, ёй не падабалася. Спачатку спрабавала пераканаць, што гэта патыхае вульгарнасцю, што песні, якія ён спявае, – адлюстроўваюць невысокі ўзровень культуры. Але праз нейкі час зразумела, што размовы марныя, і голас яе ў пустыні галосіць.
Адносіны пачалі памалу псавацца. Цяпер у паводзінах Алега Надзя ўвесь час адчувала прыхаваную ці відавочную абразу, жаданне прынізіць і зняважыць. «Прывітанне Шуберту і Грыгу!» – са здзеклівай усмешкай прамаўляў ён, калі яна збіралася на свой канцэрт. Часам прозвішчы кампазітараў мяняліся – у залежнасці ад таго, што павінна была сёння спяваць Надзя, і замест Шуберта і Грыга гучала: «Прывітанне Шуману і Баху!» Стрываць гэта было цяжка. Пасля такіх рэплік расказваць пра сваё не хацелася. I таму Надзя не гаварыла з ім пра свае клопаты. Ды і ягонымі справамі не дужа цікавілася.
Бацькі Алега мелі ўласную машыну. I Надзя часам з крыўдай думала: «Хай бы калі ўзяў у бацькоў машыну, каб падвезці з ускраіны горада ў цэнтр. Каб не ехаць на канцэрт у мароз або ў туман. Штораз турбуешся, што са звязкамі што-небудзь здарыцца і на ўсё астатняе жыццё зробішся прафесійна непрыдатнай. А што тады? Чым займацца?..» Але, відаць, такія высакародныя думкі ў галаву Алега не прыходзілі.
Спакваля ў яго з’явіліся сябры, да якіх прыслухоўваўся болей, чым да яе парад. Яго жыццём, як і яе, былі рэпетыцыі, канцэрты, гастролі. Але цяпер да іх усё часцей далучаліся рэстараны і познія, аж да ранку, гасцяванні. Часам ён наогул не прыходзіў начаваць. Надзя трывала доўга, але аднойчы здарылася так, што Алесік захварэў, яго не было з кім пакінуць, і Надзя была вымушана тэрмінова адмяніць уласнае выступленне толькі таму, што Алег швэндаўся невядома дзе. Бацьку не цікавіла, здаровае яго дзіця ці хварэе. Тут Надзіны нервы не вытрымалі, і яна выплюхнула на Алега ўсё, што віравала ў яе душы апошнім часам.
Той моўчкі выслухаў, а потым пачаў рагатаць:
– Слухай, а можа, ты раўнуеш? Наконт гэтага ты не хвалюйся, у нас выключна мужчынская кампанія!
– Яшчэ цікавей!
– Я не тое меў на ўвазе… – і Алег пачаў з захапленнем распавядаць пра свае грандыёзныя планы ў галіне шоу-бізнесу. – Я табе па сакрэце сказаў, нават не ўсім кампаньёнам такую закрытую інфармацыю давяраю! – Вочы яго літаральна гарэлі.– Надзька, якія тут грошы круцяцца!
«Эх, Алег, чаму ў цябе так вочы не гараць, калі ты на сцэну з мікрафонам выходзіш?» – з сумам думала Надзя, гледзячы яму ў твар.
Напэўна, Алег спадзяваўся, што ў іх сумесным жыцці яшчэ нешта склеіцца і наладзіцца.
– Кідай ты сваіх класікаў! Колькі можна іх спяваць! Ніякага наедку з іх няма… Давай да нас. Спачатку цяжка будзе на эстрадны стыль перайсці, а потым уцягнешся.
«Ага, якраз! Напаўапранутая, напаўраспранутая, буду разам з тваімі дзявулямі з кабарэ нагамі махаць! – падумала сама сабе Надзя, але ўголас нічога не сказала. – Не, не можа ён змяніцца. I не збіраецца… Гэта ягоная стыхія, і тут ён будзе заўсёды адчуваць сябе прывольна».
Яе маўчанне Алег, відаць, успрыняў як роздум і працягваў угаворваць:
– А можа, ты пойдзеш да мяне адміністратарам? Не памятаю, казаў ці не, што ствараю фірму, звязаную з арганізацыяй эстрадных канцэртаў і фестываляў. А яшчэ кліпы, выпуск дыскаў! Знайшліся людзі, якія пад такую справу вялікія грошы даюць. Хутка я для ўсіх спевакоў буду лепшым сябрам. У чаргу будуць станавіцца, каб на прыём да мяне трапіць… – Алег задаволена ўсміхнуўся.
– Ну, не пераскочыў – не кажы гоп! – сцішыла яго імпэт Надзя. – А ты не думаеш, што для адміністратара фірмы занадта мець кансерваторскую адукацыю?
– А ты не мяняешся! Хто кансерваторыю скончыў, усе такія – адна толькі пыха, амбіцыі і пагарда. «Ах, гэта не класіка, гэта – масавая культура!» – высокім тонкім галаском перадражніў Алег, і даволі ўдала, музыказнаўцу, іх агульную знаёмую.
Надзя ледзь не засмяялася.
– Ну, як сабе хочаш! Пераконваць больш не буду. Ты не разумееш, куды жыццё ідзе. Я спрабую табе патлумачыць, а ты ўпарцішся…
Пакуль Алег гаварыў, Надзя ўважліва на яго пазірала. Ці то паўплывала наяўнасць грошай у кішэні, а значыць, і смачных прадуктаў у прывабных замежных абгортках, якія ўсё часцей пачалі з’яўляцца ў іх доме, ці то надта мітуслівае жыццё, але Алег пачаў хутка папраўляцца, рабіцца рыхлым і азызлым. Гледзячы на яго, Надзі цяжка было згадаць высокага хударлявага юнака, з якім калісьці вучылася разам, які з радасцю дарыў ёй кветкі пасля выступленняў. Некалі разам яны хадзілі на канцэрты і спектаклі, а потым яшчэ паўночы абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае. Цяперашні Алег закрэсліў таго, ранейшага. Закрэсліў назаўсёды. I тут не трэба спадзявацца на перамены.
Тая іхняя размова аказалася, напэўна, апошняй надзеяй Алега, што ў іх сумесным жыцці штосьці зменіцца. Але надзеяй марнай. Разышліся яны ціха, без скандалаў і істэрык. Дзякуй богу, кааператыўную двухпакаёўку, якую Надзі яшчэ ў савецкія часы пабудавалі бацькі, дзяліць не давялося. Алег забраў рэчы і перайшоў жыць да бацькоў, балазе, там прасторная чатырохпакаёвая кватэра. А праз нейкі час сустрэўся са Светай і падаўся жыць да новай жонкі. Казалі, што яна працуе адміністратарам у ягонай фірме.
Надзя ведала ад прыяцелек, што Алег і Света не распісваліся, так сышліся, пакуль жывуць разам. Ад першага шлюбу ў Светы дзяўчынка, амаль аднаго ўзросту з Алесікам. Агульных з Алегам дзяцей пакуль няма. Неяк выпадкова Надзя ўбачыла на вуліцы Алега разам са Светай, кідкай, эфектнай бландзінкай, і сама здзівілася: ні рэўнасці, ні шкадавання, нічога не варухнулася ў душы.
А тады, на развітанне, стоячы ля дзвярэй і зірнуўшы на Надзю, Алег сказаў з усмешкай:
– Ну, пакуль, манашка!
Яна неяк праз сілу, ненатуральна ўсміхнулася:
– Ты здзіўляешся, што я табе не здраджвала? Бачыш, я і не здагадвалася! Можа, наступны раз больш пашанцуе? Сустрэнеш не манашку…
Што пацягнула Надзю за язык сказаць такія словы, яна не ведала. Можа, таму, што «манашка» балюча і крыўдна разанула слых. Але самае смешнае, сталася так, як Надзя пажадала. Света аказалася добрай гулёнай, і цяпер ужо не Надзя чакала, пакуль Алег з’явіцца дадому пад раніцу пасля рэстарана ці гулянкі, а Алег – Свету…
Тады ж, у дзвярах, ён дадаў, як заўсёды:
– Прывітанне Шуману і Грыгу!
– Дужа патрэбны ім твае прывітанні!
Дзверы шчоўкнулі. Надзя потым яшчэ доўга плакала, успамінаючы іх развітанне і з абразай кінутае «манашка». Быў у гэтым вызначэнні нейкі прыхаваны намёк. На тое, што ў ёй няма нечага істотнага, што патрэбна для звычайнага шчасця. І тады атрымлівалася, што калі ў Алега не было цікавасці да яе, дык вінаватая ў тым сама Надзя. Але час загаіў раны, усё адышло, страціла вастрыню і зрабілася ўспамінам, да якога яна імкнулася не вяртацца.
Час ад часу Алег нагадваў пра сябе, але часцей праз тэлевізар. На яго Надзя глядзела спакойна, нібыта ніколі ён і не жыў разам з ёй у адной кватэры, нібыта яны не снедалі на адной кухні і не мелі агульнага сына. Тое, што Алег рабіў на сцэне – якія песні выбіраў, як рухаўся, якога колеру пінжакі насіў,– усё гэта выклікала ў яе ўнутраную нязгоду, пярэчанне і штосьці падобнае на раздражненне. Патрываўшы хвіліну-другую, Надзя звычайна выключала тэлевізар і сядала за фартэпіяна развучваць чарговую праграму. Алег даўно зрабіўся прачытанай кнігай, вяртацца да якой ёй зусім не хацелася.