Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 2
Аповесці
Доўгае развітанне
Аповесць у маналогах і дыялогах
Частка першая
Дом
ОглавлениеНа сцяне Надзінага пакоя вісіць афіша. З партрэтам і назвай праграмы па-французску. Афіша яе сольных канцэртаў на поўдні Францыі. Божа, колькі казачных, незвычайных успамінаў звязана з той, даўняй ужо вандроўкай!
У адной з шуфлядаў Надзінага пісьмовага стала ў канвертах захоўваюцца стосы фотаздымкаў, прывезеных з тых гастроляў. На іх засталіся назаўжды адлюстраванымі і буянне восеньскіх фарбаў, і цудоўныя, маляўнічыя краявіды невялікіх гарадоў Міжземнамор’я, дзе ў лабірынтах старых вузкіх вулачак, у сілуэтах старадаўніх храмаў і свецкіх будынкаў, здаецца, затаіўшыся, жыве сама гісторыя. Тут, як нідзе, адчуваеш хаду часу, подых стагоддзяў. Адчуваеш сябе ўзнесенай над светам і далучанай да вечнасці.
Вядома, ад горада да горада – шлях немалы, і штораз дарога адбірае сілы. Тыя, якіх заўсёды крыху нестае на канцэрце. Вядома, перад выступленнем заўсёды хвалюешся: новая пляцоўка, незнаёмая зала, нязвыклая акустыка, новы глядач і слухач. Як ён цябе ўспрымае?.. Толькі паспееш да яго прывыкнуць, адчуць яго і зрабіць сваім, як трэба з’язджаць. А ў канцы гастроляў ты наогул як марафонец, які бяжыць апошнія кіламетры і думае: а нашто мне ўсё гэта трэба?
Але як лёгка дыхаецца ў Еўропе! Мо таму, што акадэмічная, оперная ці камерная манера спеваў тут заўсёды высока цанілася.
Класічны вакал – мастацтва еўрапейскае, і артысту патрэбен падрыхтаваны, а не выпадковы слухач. Мо таму Надзею так прымалі і ў Ніцы, і ў Тулоне, і ў Перпіньяне, што ўзнёслы і вытанчаны стыль музычных сачыненняў, якія яна выконвала, і непаўторнае аблічча гарадоў, кожны з якіх – твор мастацтва, аказаліся таемным, няўлоўным чынам звязаныя паміж сабой.
А потым, эмоцыі патрэбны ўсім! І ў Францыі, і ў Іспаніі, і ў Расіі, і ў Беларусі. Зала абавязкова адгукаецца на імклівую плынь эмоцый, увасобленых у музыцы і спевах. І чым яны больш яркія, светлыя або экспрэсіўна-драматычныя, тым больш захопленая рэакцыя публікі.
На фотаздымках адлюстраваны вялікія і малыя канцэртныя залы, дзе Надзя спявала. Якая акустыка! Спяваеш і адначасова ў час выканання слухаеш сябе нібыта збоку. Не можаш паверыць, што так гучыць менавіта твой, а не чый-небудзь іншы голас. І думаеш: «Няўжо гэта я?!»
А вось і яна сама на здымках: пасля выступленняў, у шыкоўнай канцэртнай сукенцы, расшытай бліскучымі паеткамі, каменнямі і стразамі, яшчэ ў грыме, з упрыгожаннямі на шыі і руках. З букетамі, а дакладней, абярэмкам кветак у руках. Шчасліва-ўзбуджаная, акрыленая поспехам і слухацкім прыёмам. А побач з ёй – такія ж шчасліва-ўзбуджаныя музыканты камернага аркестра, дырыжор, імпрэсарыа. З той вандроўкі Надзя прывезла стос выданняў, з якіх даведалася шмат цікавага і нечаканага пра свой голас. Няўжо калі-небудзь тая казка і той сон вернуцца?
* * *
З тым падарожжам звязаны ў Надзі і не надта вясёлыя ўспаміны. Пасля гастроляў у Францыі яна пачала думаць: а ці трэба так надоўга з’язджаць? Калі ёй прапанавалі гэты прэстыжны, а ў дадатак фінансава выгадны кантракт, адмовіцца ад якога Надзя не магла, яе сыну, Алесіку, цёмнагаловаму, як мама, ласкаваму, як каток, хлопчыку, споўнілася толькі тры гады. Сына Надзя пакінула на месяц з бабуляй.
I вось яна вярнулася дадому, бязмежна стомленая аўтобусным падарожжам, узбуджаная новымі ўражаннямі.
У вялікай дарожнай сумцы месціліся шматлікія сувеніры і падарункі, праспекты, шыкоўныя буклеты.
Калі, апусціўшы каля парога сумкі, пакеты, скруткі, яна зрабіла крок наперад, каб нарэшце ўзяць на рукі і прытуліць да сябе любімае дзіця, яе Алесік, які за гэты час прыкметна падрос і змяніўся… не пазнаў маму і спуджана схаваўся за бабуліну спадніцу. Праз некалькі імгненняў ён насцярожана зірнуў адтуль, не разумеючы, што хоча ад яго незнаёмая цётка. Бабулю ён цяпер называў мамай і ўсе свае маленькія і вялікія дзіцячыя клопаты вырашаў з ёю.
Сын забыў яе за месяц. Усяго – за месяц! Яна была для яго ніхто… Ніхто! Надзя ледзь не заплакала. Перапоўненыя канцэртныя пляцоўкі, гарачы прыём публікі, перспектывы новых гастроляў – усё раптам паблякла, зменшылася ў маштабе, зрабілася малазначным і нецікавым. Некалькі дзён яна хадзіла сама не свая.
– Ды не хвалюйся ты… – супакойвала яе маці.– Ён цябе забыў. Але ўспомніць. Дзіцячая памяць не такая трывалая, як у дарослага. Мама – гэта той чалавек, які штодзень побач. Той, хто варыць кашу, корміць, спаць кладзе, казку на ноч расказвае…
«Як мудра яна сказала: мама – гэта той чалавек, хто кожны дзень побач», – думала Надзя. І вырашыла, што пакуль Алесік не падрасце, далёка ад’язджаць не будзе. Іначай сын зробіцца чужы. Навошта тады долары і еўра? Мала, што мужа няма, дык і сына можна згубіць.
Праўда, Надзіна маці ўспрымала сітуацыю не так востра. Алесік паціху падрастаў, і Надзя пачала ездзіць ізноў. Спачатку недалёка ды ненадоўга, а потым усё часцей і далей. Бясконцыя гастролі і работа дапамагалі забыць усе непрыемнасці: матчыныя хваробы, якіх пад старасць збіралася ўсё больш, не дужа моцнае сынава здароўе, заўсёдную нястачу грошай, невялікую зарплату і неўладкаванае асабістае жыццё.
* * *
Сёння Надзя мусіла ўстаць раней, чым звычайна. Трэба было сабраць сына ў школу. Амаль заўсёды гэтым займалася бабуля. Тая шкадавала дачку, якая позна вярталася дадому то з рэпетыцый, то з канцэртаў, і вызваляла ад многіх хатніх турбот. Як тая пані, Надзя часам магла зранку ўволю паспаць. Калі толькі ў музычнай вучэльні, дзе выкладала вакал, ёй не ставілі ў расклад ранішнія заняткі.
Але цяпер маці паехала да Соні, роднай сястры. Надзіна цётка жыла ў абласным цэнтры, цяжка хварэла і цяпер ляжала ў бальніцы. Калі ў адзін бок – дзвесце кіламетраў і столькі – у другі, які сэнс выпраўляцца на два дні? Гаспадыню адпусцілі на тыдзень. Яна вернецца паслязаўтра, напярэдадні Надзінага канцэрта.
На вуліцы яшчэ прыцемак, у лістападзе днее позна. Ранішнія зборы ў школу – нібыта рытуал, калі з дня ў дзень усё ідзе па адным і тым жа сцэнарыі. Мяняецца толькі змесціва талеркі ды змест Алесікавых аповедаў пра тое, што ўчора здарылася ў школе. Цырымонія развітання ў іх нязменная. Напаследак абняўшы сына, Надзя зачыняе за ім дзверы.
Цяпер, калі ў кватэры ўсталявалася цішыня, Надзя можа заняцца сабой. Заняткі ў вучэльні сёння толькі пасля абеду. Значыць, гадзіны тры-чатыры ў яе вольныя. Гэта цудоўна! Яна сёе-тое паўторыць са сваёй апошняй праграмы.
Але спачатку – гімнастыка, душ і кава. Зранку махаць рукамі і нагамі няма ніякай ахвоты. Зрабіць першыя практыкаванні – пакута, цела супраціўляецца. Яно проста хоча спакою. Але Надзя – артыстка, яна вымушана сачыць за знешнасцю і фігурай, хоча ці не хоча. Яшчэ дзесяць, нават пяць гадоў таму можна было цудоўна абысціся без усялякай гімнастыкі. А цяпер, на жаль, не.
Пасля душа Надзя ўважліва зірнула на сябе ў люстэрка. Цёмныя выразныя вочы добра пасавалі да колеру валасоў, такіх жа цёмных і густых. З імі столькі клопатаў! Мілавідныя рысы ўласнага твару Надзя звыкла не заўважае. Жанчына, якую яна бачыць у люстэрку, крыху псуе настрой. Без грыму твар здаецца будзённым і не надта выразным. Вочы зранку не ззяюць і ўсмешкі няма. А дробныя, здрадніцкія маршчынкі вакол вачэй?.. Яны выдаюць узрост. Цікава, што будзе яшчэ праз дзесяць гадоў? Напэўна, настрой будзе псавацца часцей. А-а, што загадзя перажываць! Пакуль касметыка дапаможа, а там што-небудзь прыдумаем… Цяпер засталася толькі кава і – хутчэй за інструмент!
Надзя любіла ўласную кватэру і свой пакой, дзе ўсё зроблена па яе гусце, так, як яна хацела. Фартэпіяна, сапраўдная нотная бібліятэка, стосы новых і старых нот, вялікая калекцыя дыскаў з запісамі класікі, музычны цэнтр. На сценах – карціны, падараваныя або набытыя, мноства адметных рэчаў, прывезеных з замежных вандровак. Каменьчыкі з пляжаў Адрыятыкі, сапраўдныя венецыянскія маскі і веер, марская зорка з глыбінь Чорнага мора. Яны сагравалі цяплом успамінаў. Надзін пакой быў для яе рэпетыцыйным класам, рабочым кабінетам, бібліятэкай, месцам адпачынку – усім адначасова.
* * *
Другі пакой належаў Алесіку і Надзінай маці, Вользе Аляксандраўне, яшчэ маладжавай, рухавай жанчыне. Яна заўсёды крыху недалюблівала зяця. Калі Надзя канчаткова разышлася з мужам, а бацька яе памёр, Вольга Аляксандраўна, як толькі сышоў зяць, перабралася да дачкі, пакінуўшы сваю кватэру меншаму, ужо жанатаму сыну.
Вольга Аляксандраўна вяла гаспадарку: хадзіла ў магазін, гатавала сняданкі, абеды і вячэры, у вольную хвіліну шыла і вязала – сваякам у падарунак, суседзям – за грошы, каб дадаць нешта, апрача пенсіі, у сямейны бюджэт. Забірала любімага ўнука Алесіка спачатку з дзіцячага садка, а потым са школы, рабіла з ім урокі, вадзіла ў бліжэйшую музычную школу, дзе ўнук вучыўся іграць на скрыпцы. I ведала ўсе ягоныя тайны. Надзя ў рэшце рэшт змірылася з тым, што бабуля бліжэй да ўнука, чым яна, родная маці.
Надзя была здабытчыцай, яна мусіла круціцца на трох работах – на адной стаўка, на іншых – па палове стаўкі, каб яе сямейнікам хапала на самае неабходнае. Асноўнае месца працы – філармонія, два разы на тыдзень – музычнае вучылішча, яшчэ палова стаўкі на радыё. Калі ў вучэльні пачыналіся канікулы, Надзя магла больш займацца чарговай канцэртнай праграмай. Выкладаць яна была вымушана, а вось падрыхтоўка канцэртаў – гэта для душы. Канцэртамі вялікія грошы не заробіш, дый перагружаць голас Надзя пабойвалася, але калі б Алег часцей успамінаў пра яе і Алесіка, дык і не трэба было б увесь час душыцца і шукаць дадатковы заробак.
Тэлефанаваць Алегу і прасіць аб дапамозе ці нават патрабаваць Надзя не магла. Было ў такіх просьбах штосьці зневажальнае. Калі прызнаць, што Надзіна прафесія не дае ёй магчымасці пражыць самой і забяспечыць неабходным сына, значыць, згадзіцца, што ў іхняй даўняй спрэчцы праўда на ягоным баку. Надзя нічога не патрабавала, не назаляла званкамі і, мяркуючы па ўсім, Алега такая сітуацыя цалкам задавальняла.
* * *
Грошай не хапала заўсёды. І таму гастрольныя вандроўкі за мяжу, якія ладзіліся час ад часу, успрымаліся як ратаванне. Вядома, трэба цягнуць з сабой велізарную сумку з прадуктамі. А ў ёй кансервы, пакеты з супамі і кашамі, крупы, кіпяцільнік, – каб сэканоміць на ежы і не растранжырыць, а прывезці дадому сутачныя і ганарар. Спачатку Надзі было сорамна за гэтыя тушонкі і вермішэлі: «Артыстка называецца!», але, убачыўшы, што гэтаксама робяць, выпраўляючыся за мяжу, піяністы, скрыпачы і артысты ансамбляў танца, Надзя супакоілася і ўспрымала сітуацыю з гумарам.
Амаль з кожнай вандроўкі яна прывозіла большы ці меншы стосік «зялёных». Праўда, разляталіся яны хутка. То аказвалася, што ў кватэры ўжо шмат гадоў не рабіўся рамонт, то дзіцяці патрэбен новы ровар, то трэба выкласці астранамічную суму, каб адправіць Алесіка ў загарадны летнік – бясплатныя пуцёўкі адышлі ў нябыт. Стосік «зялёных» раставаў, і Надзя была вымушана згаджацца на новую вандроўку. Нават калі ўмовы гастроляў не надта дужа задавальнялі.