Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 7

Аповесці
Доўгае развітанне
Аповесць у маналогах і дыялогах
Частка шостая
Былы муж

Оглавление

На календары быў чэрвень. Надзя гадзіну таму вярнулася з вучэльні. Алег патэлефанаваў, што знаходзіцца недалёка і неўзабаве зойдзе. Яны не бачыліся даўно, можа, з паўгода, можа, з год. Ён не змяніўся, хіба толькі пакруглеў і патаўсцеў.

«На буржуйскай ежы яшчэ і не так можа разнесці», – без усялякага шкадавання падумала яна.

Алег азіраўся, уважліва паглядаў вакол, бо даўно не бачыў гэтай кватэры. Што дзіўнага! Мінула некалькі гадоў, як ён адсюль сышоў.

– А дзе Саша? На вуліцы лётае?

– Не, з бабуляй паехалі на лецішча. Маці збіраецца грады палоць ды паліваць, Алесік на ровары пагойсаць. Ён ужо зялёны зрабіўся ў горадзе…

Сёння Надзя была настроена міралюбіва, бо марыла пра заўтрашняе спатканне.

– Я толькі вярнулася з заліку і галодная. Пайшлі на кухню, там і пагаворым. Кавы хочаш?

– Зрабі. А ў вас, я гляджу, нічога не мяняецца. Усё, як было, – сказаў Алег, азіраючы кухню.

– А нашто мяняцца, нам і так добра! – Надзя адчувала, што яе добры настрой пачынае знікаць. Зараз Алег ізноў завядзе любімую пласцінку. I сапраўды:

– Жыццё мяняецца, усё вакол мяняецца, а вы ўсё такія ж, за-кан-сер-ва-ва-ныя!

Апошняе слова ён вымавіў па складах, раздзельна і крыху здзекліва. Яго любімы тон! Некалі Алега адлічылі з трэцяга курса кансерваторыі, давялося пераводзіцца, абіваць парогі, каб мець вышэйшую адукацыю. Вось і сядзіць у глыбіні душы старая крыўда як стрэмка. Здаецца, усё ў чалавека ёсць, а крыўда спакою не дае. Надзя прамаўчала, бо ведала: што варта запярэчыць, як усё скончыцца размовай на павышаных танах.

– Што новага ў свеце класічнай музыкі? – запытаў Алег, паволі, маленькімі глыткамі адпіваючы гарачую каву. – Дарэчы, можна нясціплае пытанне? Колькі ты атрымліваеш за адзін канцэрт?

– На нясціплыя пытанні я не адказваю. Ты ж не называеш суму сваіх даходаў!

Звычайна лічбы ў ганарарнай ведамасці атрымоўваліся мізэрныя і смешныя, і Алег ведаў пра тое. Калі б яна назвала лічбы, ён пачаў бы рагатаць. Смяяўся б доўга і з задавальненнем. Бізнесмен вальяжна адкінуўся на спінку кутняй канапы.

– Ды ў мяне сакратарка ў фірме больш у месяц атрымлівае, чым твае народныя артысты. Ты, дарэчы, яшчэ народнай не зрабілася?

– Не хвалюйся! Табе паведамлю першаму, калі што якое… – іранічна адказала яна. – Мо і на банкет запрашу.

– Буду ўдзячны. Эх, Надзя-Надзя, як бізнесам заняўся, чалавекам сябе адчуў!

– Чамусьці твой сын не адчувае, што яго татка нарэшце зрабіўся вельмі багатым! – як мага больш яхідна заўважыла яна.

– Добра! – засмяяўся Алег. – Злавіла на слове. На! – Ён дастаў з унутранай кішэні лёгкай летняй курткі два пачкі ў банкаўскіх абгортках. – Са мной нядаўна разлічыліся, таму і зайшоў!

Надзя зірнула. Гэта аказаліся не долары, а беларускія грошы.

– Ну, мог бы і «зялёных» пачак падкінуць, новы беларус, калі ты такі ўдачлівы і заможны…

– Надзька, што я чую! – зарагатаў задаволена Алег. – Ты пачынаеш разумець сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці! Яшчэ пару гадоў, і нашы погляды будуць аднолькавыя…

– «Не будуць… – думала Надзя. – Табе не надта салодка ў новай сям’і, вось ты пра блізкасць поглядаў і заспяваў.

Цікава, якія яны розныя – былы муж і Маэстра! Алег, напэўна, нарадзіўся з мабільнікам у адной руцэ і калькулятарам у другой. Любімыя цацкі, з якімі ніколі не расстаецца. Калі спаць кладзецца, відаць, пад падушкай пакідае. Які прыбытак, дзе, колькі, калі? Усё падлічана, усё зразумела, ніякіх непатрэбных эмоцый. Цікава, дзялок поўнасцю знішчыў у ім спевака, ці яшчэ нешта засталося? А можа, дарма я так строга? Бізнес – рэч перспектыўная. Толькі чаму паводзіны Алега заўжды «на мяжы фолу»? Заўжды развязны, штораз яму трэба мяне зачапіць і зняважыць. Або свядома, або мімаходзь…»

Маэстра – зусім іншы. Надзя часам дзівіцца, што зямныя тэмы яны ў сваіх размовах не кранаюць – толькі музыка і толькі мастацтва. Яна не ведае: абедаў ён сёння і ці будзе вячэраць? Ці ёсць грошы ў ягонай кішэні, ці наогул няма? Ніякіх размоў пра грэшную зямлю. Трапна сказала канцэртмайстар Ірачка: «Такія людзі на воблаку жывуць!» Напэўна, ён з воблака і злазіць не хоча. Яму там зручна і ўтульна.

Якія розныя ў іх галасы! Некалі ўпэўнены Алегаў барытон здаваўся Надзі ўвасабленнем сілы, якая здолее абараніць ад вятроў і жыццёвых нягод. Але ягоная сіла абярнулася супраць яе і разбурыла тое, што іх трымала побач. I таму цяпер Надзя не спадзявалася на нейчыю абарону і не шукала яе. Лепей, калі жанчына абараняе сябе сама.

Мяккі тэнар Маэстра кранаў і трывожыў душу. Праўда, яна падазравала, што тая мяккасць – чыста знешняя, і нават яе гарачае жаданне не прымусіць яго саступіць ёй і сысці з абранага шляху. Яго голас і яго музыка былі таямнічым чынам звязаны паміж сабой. I пацалункі аказаліся падобнымі да ягонай музыкі – ціхай, пяшчотнай, якая глыбока кранала струны душы.

Але яна надта задумалася.

– Надзя, хачу як-небудзь запрасіць цябе ў свой офіс, – перапыніў яе думкі Алег. – Паглядзіш, як цяпер я жыву. Купіў старую будыніну, зрабіў еўрарамонт, абсталяваў па апошнім слове, – разгортваў Алег перад ёй прывабную карціну свайго жыцця. – Новае абсталяванне і музычную апаратуру за мяжой замаўляю…

– «А мне за паўгода прыносіш два пачкі дробнымі купюрамі,– мільганула ў Надзіных думках. – Цікава, усе «новыя беларусы» такія жмінды, ці толькі ты свайму сыну грошай шкадуеш?»

– Калі ты захочаш дыск запісаць, можаш патэлефанаваць: як былой жонцы зраблю выключэнне. Запішам тваю любімую класіку разам з тваім любімым сімфанічным аркестрам.

«Пашукаю ў іншым месцы, а цябе прасіць не пайду. Сабе даражэй абыдзецца», – падумала яна.

– Шкада, што твая класіка – стратная, прыбытку ад яе ніякага. Ну, нічога, можна вялікі наклад не гнаць. Экзэмпляраў трыста зробім для душэўнага задавальнення.

«Няйначай, масты наводзіць, – думала Надзя. – Чаго раптам з’явіўся такі клопат? Ніколі яго не было…»

– Надзя, скажу па шчырасці, калі ў чалавека дастаткова грошай, успрыманне жыцця істотна мяняецца. Многія невырашальныя праблемы аўтаматычна знікаюць. Самі па сабе. Цяпер мы прабіваем будынак пад казіно. Ён будзе побач з маім фестывальным цэнтрам. Ты не ўяўляеш, якая залатая ручаіна ў маю кішэню паплыве! Чалавечымі слабасцямі трэба ўмець карыстацца…

«Бач, павучае! Настаўнік знайшоўся…» – падумала Надзя, а ўголас сказала:

– Скажы, а бардэль побач ты не плануеш пабудаваць?

– Надзька, – зарагатаў Алег, – мне заўсёды падабалася твая дасціпнасць! Якая здагадлівая! Мо з цягам часу і такую ўстанову адкрыем. А чаму? Ве-ельмі пікантная сфера жыцця. Наведвальнікаў было б мора! Шкада, што афіцыйна забаронена. Давядзецца неафіцыйна. Але калі ёсць попыт, будзе і прапанова. Дарэчы, ты не адказала на пытанне, колькі вам цяпер плацяць за канцэрт? Ведаеш, я ў іншай сферы працую, дзяржаўных расцэнак не ведаю…

– А ты язва добрая!

– Маўчыш, бо суму называць не хочаш. Разумею! Слухай, калі вы такія высакародныя, чаму дзяржава вас так нізка цэніць? Так, што на жыццё не хапае?

– У цябе спажывецкі падыход да мастацтва. Ты глядзіш на яго з пункту гледжання грошай. Колькі даходу яно можа табе прынесці. Глядзіш як на тавар, якім коштам яго можна прадаць.

– Гэта падыход прадзюсара. А хіба ён можа быць кепскі?

– Калі чалавек ставіць за мэту мець грошы, ён будзе мець менавіта грошы. І нічога болей… – парыравала Надзя. – Калі хоча стварыць тое, што застанецца, як кажуць, у вяках, ён створыць. Магчыма, грошай пры гэтым не будзе. Што хацелі атрымаць Моцарт, Шуберт ці Чайкоўскі? Яны пісалі сваю музыку – і ўсё. I нічога не патрабавалі ўзамен.

– Ну, ужо і нічога! Яны імкнуліся да славы, папулярнасці, багацця.

– Большасць вялікіх памерла жабракамі.

– Ад мяне гэтага не дачакаюцца! – імгненна парыраваў Алег.

– Ты не вялікі.

– А я не прэтэндую… – ухмыльнуўся бізнесмен.

– Моцарта пахавалі ў агульнай магіле. Шуберт пражыў трыццаць адзін год, і пры жыцці яго мала хто ведаў. Рэмбрант памёр у беднасці. У Пушкіна засталіся велізарныя даўгі.

– Усё-такі трэба неяк больш разумна абыходзіцца з грашыма!

– Чайкоўскі шмат гадоў жыў на тое, што яму давала ў якасці субсідыі Надзея Філарэтаўна…

– Лепш, калі мужчына зарабляе сам, – абарваў яе Алег.

– Бедны Чайкоўскі, дзе яму дацягнуцца да твайго фінансавага размаху!

– Можаш не працягваць прыклады. Асноўны пафас мне зразумелы. Але мяне абсалютна не хвалюе і не турбуе, ці будуць мяне ўспамінаць праз сто гадоў. Упэўнены, не будуць. I цябе, прабач, таксама не будуць. Жыццё існуе ў цяперашнім часе. Не ў мінулым і не ў будучым. Я хачу жыць цяпер. Зараз! Разумееш? Жыць у добра абсталяванай сучаснай кватэры, дзе не працякаюць краны і куды не трэба выклікаць заўжды п’янага дзядзьку Васю з ЖЭСа і ставіць яму пляшку, каб прачысціў ракавіну. Я не хачу душыцца ў чэргах за таннай каўбасой, якой будзе грэбаваць нават кот. Я хачу прыйсці ў супермаркет і выбраць тое, што хачу.

– Спадар капіталіст, я цалкам згодная!

– У цябе стандарты жыцця састарэлыя. А ў мяне – новыя. Я не хачу душыцца ў перапоўненым транспарце, каб п’яны – дзядзька дыхаў у твар перагарам. Або натоўп прыціскаў да старой і непрыгожай кабеты…

– А калі кабета маладая і сімпатычная, дык не супраць? – не вытрымала і засмяялася Надзя.

– Я хачу ездзіць на «мерсе» апошняй маркі…

– Твае апетыты растуць. Дарэчы, якая ў цябе цяпер машына?

– «Мерсэдэс», – з гонарам і відавочным задавальненнем – прамовіў Алег. – Колер мокрага асфальту.

– Слухай, мокры асфальт! Я таксама не люблю грамадскі транспарт. Асабліва, калі зімой з нашай ускраіны трэба ехаць у цэнтр на канцэрт. І бабуля з Алесем не любяць штурханіну, калі едуць у музычную школу. Падвёз бы калі-небудзь, новы беларус…

– Між іншым, ініцыятарам нашага разводу была ты. Магла б цяпер штодня ездзіць!

«Не, мае падазрэнні, што ў той сям’і – поўны швах, пацвярджаюцца з кожнай хвілінай», – падумала Надзя, а ўголас сказала:

– Цябе дапросішся!

– Дзе ж ты будзеш прасіць! Яшчэ незнарок карона з галавы зляціць.

…Алегу сапраўды было не надта салодка. Толькі не хацеў у тым прызнавацца. Ні сабе, ні каму іншаму. Света, яго другая жонка – сапраўды, з Надзяй не параўнаеш – кабета вясёлая, кампанейская, заўсёды ў добрым настроі. Яна лёгка ўвайшла ў асяроддзе сяброў Алега і ў ім адчувала сябе натуральна. Свецінай стыхіяй было ладзіць вечары, банкеты, выезды на прыроду, пікнікі, застоллі. Тут яна не мела роўных і аказалася віртуозам. Святы павінны ўзнікаць і ладзіцца часта. У гэтым быў сэнс жыцця, яго смак і чароўны водар.

Калі ў фірму да Алега прыязджалі кампаньёны або дзелавыя людзі, каб весці перамовы, ці проста завітвалі старыя знаёмыя, якіх Алег хацеў уразіць карцінай свайго цяперашняга дабрабыту, – а таму штораз узнікала патрэба штосьці зладзіць, – тут Светка аказвалася незаменнай. Ён ганарыўся яе эфектным тварам, станам, як у манекеншчыцы, дарагімі ўборамі і аздабленнямі, купленымі, праўда, за ягоныя грошы.

Новая жонка зрабілася натуральнай і неад’емнай часткай тых нават не багатых, а шыкоўных інтэр’ераў, сярод якіх ён цяпер існаваў. Па першым часе Алег літаральна шалеў ад яе, калі заставаліся адны ў спальні. Светкінай сексапільнасці хапала на тое, каб задаволіць самыя смелыя яго жаданні.

Займеўшы другога мужа, жанчына не збіралася нічога мяняць ва ўласных звычках і схільнасцях. Лічыла, што павінна сачыць за сабой і выглядаць на ўсе сто. I таму ўвесь яе вольны час займалі цырульні, SPA-салоны, касметычкі, масаж.

Але, напэўна, і развялася Светка з першым мужам не выпадкова. I за знешнім выглядам цяпер сачыла не для аднаго Алега. Калі аднойчы ён вярнуўся з камандзіроўкі, падначаленыя пачалі паглядаць на яго з лёгкай насмешкай і шушукаліся за спінай. У вочы сказаць баяліся, шэф усё-такі. Раз’яраны, яшчэ выганіць! Бліжэйшы сябра намякнуў, Алег зразумеў, што тут і да чаго, і паспрабаваў спачатку словам, а потым і сілай супакоіць жонку. Але што твая сіла ці твае долары супраць прыроды і самага магутнага інстынкту? Нішто! Нуль! Дый што ён можа ад яе патрабаваць? Хіба сам святы? Але хоць бы прыстойнасць на людзях захоўвала!

* * *

Пакуль была жывая Свеціна маці, дык яна, бабуля, займалася Волечкай, сваёй адзінай унучкай, у думках кляла апошнімі словамі дачку, якая пераняла «лепшыя» рысы ад свайго бацькі, а яе мужа, – той усё жыццё па чужых бабах бегаў. Калі ж цешча памерла, і Волечка, ціхая маўклівая дзяўчынка, зрабілася ці не сіратой пры жывой маці, Алегу чамусьці стала шкада яе. Бо ён таксама быў адзін у гэтай сям’і. Смешна, вядома! Сваім сынам не надта хацеў займацца, дый часу тады не было, а цяпер чужою дачкой – мусіць. Калі Алег з’язджаў у камандзіроўку па справах фірмы, ён часам прасіў сваю маці прыглядзець за Волечкай – зварыць абед, забраць са школы. Калі нікуды не з’язджаў, гатаваў для Волечкі і сябе. Светка ніколі дома не сядзела, усё недзе лётала. Казала, што па рабоце, але хіба праверыш?.. Так ці прыкладна так думаў Алег, седзячы на кухні былой кватэры насупраць былой жонкі.

«Ну, што? Спытаць, як яго новая дачушка пажывае? Ці ўсётакі не сыпаць соль на раны? – вагалася Надзя. – Вось табе і багацей! Хто цяпер яму пазайздросціць? Улез дык улез! Сам, відаць, не рады. Злыя языкі пляткараць, што Света рэгулярна карыстаецца крэм-пудрай, каб замазваць сінякі, якія застаюцца пасля Алегавага навучання. А-а, не буду лепей чапаць. Што яму рабіць? Трэцюю ісці шукаць ці што?»

Алег уважліва паглядзеў на былую жонку:

– Слухай, а ў цябе хто-небудзь ёсць?

«Яшчэ адзін аргумент за тое, што там не проста кепска, а зусім кепска. Па-мойму, ён ужо гатовы выкінуць белы сцяг! Але нашто ён мне патрэбен? Успомніў, калі жыццё прыціснула? Адтуль гатовы збегчы, толькі запаснога аэрадрома не мае, каб ажыццявіць пасадку…»

– А чаму ты спытаў? – сказала Надзя першае, што прыйшло ў галаву, каб крыху адцягнуць час.

– Гляджу, ты змянілася. Папрыгажэла…

Надзя адчула, што пачынае чырванець пад ягоным позіркам.

– Можа, і кампліменцікі пачую…

– Ты не адказала на пытанне! – голас Алега прагучаў амаль патрабавальна.

Надзя вельмі не хацела, каб былы муж ведаў штосьці пра яе асабістае жыццё. Таямніца, абгавораная ўсімі, пераставала быць ёю. Але яго настойлівасць, а дакладней, нахабства, яе абурылі:

– А ты мне расказваеш, хто і калі ў цябе з’явіўся? Следчы… Шэрлак Холмс! А табе – клопат?..

– Значыць, клопат. А калі грубіяніш, значыць, нехта ёсць. Іначай чаго агрызацца.

– Бач ты, псіхолаг! – Надзя адвярнулася да акна, каб Алег не мог ні пра што здагадацца па яе твары.

– А-а, чаго ты саромеешся! – уздыхнуў ён. – Справа жыцейская… Калі ў нас з табой песня не склалася, можа, з кім-небудзь іншым складзецца…

«Якая высакароднасць! – насмешліва падумала Надзя. – Нешта я такіх разважанняў раней не чула…»

– Ну, добра, Марыя Калас, Барбара Стрэйзанд і Рэната Тыбальдзі ў адной асобе. Я пайду. Але памятай, што яны непараўнальна лепш уладкаваліся ў жыцці, чым ты…

«Усё, што ты гаварыў апошнюю гадзіну, – думала яна, – на вайсковай мове называецца разведка боем. А наконт таго, як уладкавацца ў жыцці… Побач з кожнай спявачкай, якую ты назваў, былі людзі, якія іх любілі. І гатовы былі нечым ахвяраваць, каб ім было лягчэй і весялей жыць. Чамусьці раней увесь час ахвяраваць мусіла я…»

Надзі не хацелася, каб іх размова закончылася тэмай яе асабістага жыцця. І яна спытала:

– Алег, скажы: а на цябе часам не «наязджаюць»? У сувязі з бізнесам толькі пра гэта гавораць і пішуць…

– А чаму ж не! – скептычна ўсміхнуўся ён. – I на мяне «наязджалі», але толькі і я «наехаць» магу! – У ягоным твары з’явілася нешта нядобрае. – Галоўнае, сувязі трэба мець, з уплывовымі людзьмі кантакты мець. З любой бяды выцягнуць!

– Можа, ты, новы беларус, і з крыміналам сяброўства водзіш?

– Жанчына, ты замнога хочаш ведаць! – ухіліўся ад адказу Алег. – З крымінальнікамі, можа, і не важдаемся. Але не такія далікатныя і цнатлівыя, як так званая інтэлігенцыя! То націск не там зробіш, то пінжак не таго колеру апранеш!

– Раней ты сябе да інтэлігенцыі адносіў…

– Цяпер мяне ніхто пад гэтыя сцягі не зацягне. Я быў жабраком, а цяпер не хачу і не буду. А хто не ўмее прыстасавацца да новых умоў жыцця, таму застаюцца толькі ўзвышаныя прынцыпы ды размовы пра духоўнасць! XIX стагоддзе даўно мінула, ужо XX скончылася, а вы ўсё тыя ж казкі пра духоўнасць расказваеце!

– Я ж табе не пярэчу! Жыві, як хочаш…

– Мне яшчэ са школы такія размовы абрыдлі. Ідзіце вы да д’ябла з вашай духоўнасцю!

«Напэўна, ты шмат аддаў бы за тое, каб Светка за тваёй спінай не круціла амуры з тваімі падначаленымі, а яны не смяяліся цішком са свайго шэфа. Вось табе і духоўнасць…» – думала Надзя. Але як гэта скажаш уголас? Яму млосна, вось ён і злуе на ўвесь свет.

– Алег, чаго ты так разышоўся?

– Мне Сашу шкада! Будзеце яго казкамі пра высокую духоўнасць да дваццаці гадоў карміць. І вырасце яшчэ адзін чалавек, непрыстасаваны да жыцця!

Тут Надзя не вытрымала:

– Бачыш, які клапатлівы бацька! Калі Алесь хварэў, і я бегала па горадзе, шукала патрэбныя лекі і патрэбных дактароў, мне дапамаглі староннія людзі, а не ты! Табе ён чужы… Так і сказаць трэба!

– Магла б патэлефанаваць і сказаць, што захварэў!

– Калі сын табе не надта патрэбны, дый ты не ведаеш яго, – што яму цікава, што хвалюе, – як ты можаш вызначыць для яго будучыню? – паціснула плячыма Надзя.

Алегу, відаць, ужо надакучыла гаворка:

– Хіба жанчыну ў чым-небудзь пераканаеш?

Джульета і экстрасэнс (зборнік)

Подняться наверх