Читать книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская - Страница 6

Аповесці
Доўгае развітанне
Аповесць у маналогах і дыялогах
Частка пятая
Вясна

Оглавление

Знаёмыя і калегі часцей пачалі гаварыць Надзі, што яна папрыгажэла. Сапраўды, жанчына змяніла прычоску, пашыла новую канцэртную сукенку ды ператрэсла ўвесь гардэроб, жахнуўшыся пры гэтым: усё безнадзейна састарэла!

У вучэльні таксама заўважылі, што яна змянілася. У вачах часцей узнікаў малады бляск. Надзя нібы забылася, што ёй за трыццаць, здавалася, васямнаццаць, яна – дзяўчына, студэнтка. І рэчаіснасць вакол такая бестурботная, прывабна-цудоўная, і кожная нязначная драбяза сведчыць, што наперадзе чакае шчасце. Здавалася: нібы пасля доўгай нуднай зімы, з шэра-рудым месівам снегу на вуліцах, нарэшце прыйшла вясна. Нібы памылі і ўпершыню адчынілі пасля зімы вокны, і ў затхлы пакой уварваўся халодны, зябкі, але салодкі сваёй свежасцю вецер. Змены ў душы адбываліся пакрысе, яна, напэўна, іх не заўважала. Адчувала, што ёй добра, а чаму, і сама не разумела. У глыбіні душы жыла радасць.

Маэстра прыемна вылучаўся з Надзіных знаёмых, да якіх яна мела сімпатыю. Найперш тым, што ўмеў слухаць, а не толькі гаварыць сам. I Надзя з задавальненнем яму шмат расказвала, дзівячыся сабе – ніколі не была такой гаваркой. Яго бездакорная ветлівасць: паліто падасць, наперад прапусціць, дзверы адчыніць – Еўропа! – толькі падкрэслівала камлюкаватасць і няўважлівасць яе былых кавалераў. Але галоўнае, Маэстра не выказваў і не выяўляў жаданняў, для пачатку знаёмства не надта прыстойных.

«Гэта ўжо цікава! – разважала сама з сабой Надзя. – Усё «гэта» яго не хвалюе? Ці яго не хвалюю я? А мо чакае, што я першая на шыю кінуся? Магчыма, гэта новыя, больш сучасныя спосабы заваявання жанчын. Ён удала хавае ўласныя пачуцці або іх наогул няма?.. А можа, мне таму так цікава з ім, бо невядома, як далей будуць складвацца нашы адносіны? Нездарма кажуць: найлепшы драматург той, чые сюжэтныя хады непрадказальныя».

Сумесная работа над вакальным цыклам працягвалася. Прэм’ера была прызначана на канец філарманічнага сезона. Але ў камернага аркестра нечакана памяняліся планы: з’явілася магчымасць паехаць на месяц на замежныя гастролі. Адмаўляцца ад прывабнай прапановы ніхто не будзе, і таму Надзін сольны канцэрт адклаўся на восень, а можа, і на зіму.

Маэстра часам заходзіў да спявачкі або ў вучэльню, або ў філармонію. Здаралася, па справе, здаралася, без яе, але заўсёды прыносіў то новыя ноты, то рэдкія кнігі. Адносіны іх заставаліся сяброўскімі. Калі па шчырасці, Надзі не хацелася, каб яны пераходзілі ў штосьці іншае. Хоць часам у галаву завітвалі гарэзныя і гуллівыя думкі. Цяпер усё лёгка і зразумела. Калі нешта зменіцца, дык зробіць яе жыццё залежным. Ад яго настрою, характару, ад іх сустрэч.

Надзя не хацела прызнавацца, але яна баялася моцных сардэчных захапленняў. Гучыць смешна, выглядае дзівацтвам. Бо што яна як артыстка ўвасабляе ў сваіх спевах, як не эмоцыі і іх разнастайныя адценні? Але чамусьці раней заўсёды атрымлівалася так, што тыя пачуцці прыносілі горкія і скрушныя слёзы. Вядома, спачатку там аказвалася шмат іншых эмоцый – радасці, шчасця, адчування палёту.

Людзі, якіх Надзя любіла, значылі для яе столькі, што, калі яны знікалі раптам некуды, яна яшчэ доўга – год ці два – не магла вярнуцца да звычайнага, нармальнага існавання. Рэха перажытага гучала ў душы далёкай музыкай, апякала і мучыла незваротнасцю, рабіла неўспрымальнай для навакольнага свету. I, як ні дзіўна, – дапамагала спяваць.

Цяпер жаночая цікаўнасць гарэзна падштурхоўвала наперад: «Хм, а што будзе далей?». А невясёлы жыццёвы вопыт, памяць пра былыя страты і расчараванні змушалі быць абачлівай і асцярожнай. І моцна трымаць у руках лейцы ўласных пачуццяў.

Маэстра быў заняты, і ў Надзі расклад на тыдзень таксама выходзіў шчыльны, бо ў вучэльні пачыналася сесія. Таму звычайна сустракаліся раз на тыдзень. Надзя паказвала зробленае, яны сёе-тое ўдакладнялі, спявачка атрымлівала новыя ноты. I зноў развітваліся да наступнага тыдня.

Аказалася, што працаваць з Маэстра лёгка і проста. Нібыта ведаюць адзін аднаго шмат гадоў. Нечакана знайшлося шмат агульных знаёмых. Падчас размоў раптам выявілася, што ён чытаў – дзіва дзіўнае! – тое самае, што і яна. Што даўно забыты фільм, пра які Надзя згадвала, ён таксама глядзеў. Надзя пачынала думаць, што з Алегам яны разбегліся хутка таму, што ім не было пра што гаварыць.

У той канцэрт, які адбудзецца праз некалькі дзён, павінна ўвайсці частка вакальнага цыкла. А сам ён, лічы, не цыкл, а суцэльная анталогія. Яе і за пяць вечароў не праспяваеш. Цяпер ідуць перамовы, каб увесь цыкл – і тое, што прагучыць у канцэрце, і тое, што не ўвойдзе, – запісаць у фонды радыё. I менавіта ў яе выкананні. Бо Маэстра лічыць, што лепш за Надзю тое ніхто не зробіць.

Сяброўскія адносіны яна падтрымлівала з многімі кампазітарамі, чые творы выконвала раней. Але заўсёды імкнулася паставіць сябе так, каб паміж імі існавала пэўная дыстанцыя. Гэта дапамагала сумеснай творчасці, бо не ўзнікала непатрэбных эмоцый. Як кажуць, нічога асабістага!

З Маэстра атрымалася іначай. Мо таму, што ўпершыню за апошнія гады Надзі хтосьці пачаў усур’ёз падабацца, толькі яна не хацела сабе ў тым прызнавацца. А мо таму, што вакальны цыкл быў напісаны на тэксты любоўнай лірыкі, і адметнасць увасаблення сардэчных захапленняў і пакут у вершах і музыцы ў розныя стагоддзі яны абмяркоўвалі ўвесь час. Калі добра падумаць, чым можа скончыцца сумесная праца маладой спявачкі і маладога кампазітара над вакальным цыклам, напісаным на тэксты любоўнай лірыкі? Вядома, чым. Або поўным непаразуменнем, спрэчкаю і канфліктам, або поўным паразуменнем і пацалункамі. Яны выбралі апошняе.

* * *

У той дзень рэпетыцыя скончылася рана. У расчыненыя вокны вучэльні вецер прыносіў душны і мройны водар чаромхі. І Надзя падумала: «Шкада, што ён зараз знікне…»

Яна марудна збірала ноты, не ведаючы, што сказаць, каб гэта выглядала натуральна і не дужа выдавала яе таемныя памкненні. Але, напэўна, і ён існаваў сёння на той жа хвалі, бо, калі ноты былі сабраныя, спытаў:

– Надзя, вы сёння не дужа спяшаецеся?

Спачатку папілі кавы ў бліжэйшай кавярні, каб крыху асвяжыць галаву. Потым Маэстра ўспомніў, што павінен забраць у сябра дыск з фотаздымкамі, які заўтра – апошні тэрмін! – трэба некаму аддаць. Спачатку яны ехалі тралейбусам, потым ішлі пешкі, пра штосьці гутарылі і смяяліся, але ў Надзінай душы ўсё трымцела ад чакання і хвалявання. «Слухай, ты дурніца? Ці школьніца, якая ўпершыню ў жыцці выправілася на спатканне з хлопчыкам?..» – дзівілася яна сабе.

Дзверы ліфта адчыніліся, і Надзя ўбачыла, што там цёмна.

Напэўна, падлеткі лямпачку разбілі. Яна зрабіла крок наперад – нібы з абрыву ў цёмную рэчку. Дзверы зачыніліся, ліфт крануўся. Маэстра абхапіў Надзю за талію, прыцягнуў да сябе і пачаў цалаваць яе вусны і твар горача, з такім маладым запалам, якога яна не чакала. Тыя імгненні, пакуль ліфт ехаў уніз, падаліся ёй вечнасцю.

Потым яны яшчэ доўга блукалі ўздоўж ракі. Пра нешта гаварылі, а больш маўчалі і цалаваліся. І Надзі здавалася, што яе шчасцю не будзе канца. Бо душа лунала высока ў небе.

Дома яна доўга не магла заснуць, усё круцілася з боку на бок. Уставала, піла халодную гарбату і доўга глядзела ў столь шырока расплюшчанымі вачыма. Надзя спадзявалася, што заўтра ці паслязаўтра ён патэлефануе. Але тэлефон упарта маўчаў. Два дні падаліся ёй двума стагоддзямі. Яна нічога не магла рабіць, усё валілася з рук.

У нядзелю трэба было зрабіць, а ў панядзелак тэрмінова здаць дырэктару вучэльні справаздачу. З лепшымі намерамі Надзя села за пісьмовы стол. Але – якая справаздача?! Усё здавалася непатрэбным і несусветным глупствам. Варта было толькі прымружыць вочы, як уяўленне адразу малявала ягоны твар. Надзя памятала дотык ягоных рук, ягоных вуснаў. Эпізоды спаткання здаваліся трызненнем, сном на яве. «Хіба ён не разумее, што я магу быць спакойнай, толькі калі ведаю, дзе ён, што з ім, які ў яго настрой, пра што думае? Чаму ён не тэлефануе? Можа, усё, што адбылося, для яго нічога не значыць?!»

Дзесяць разоў за два гэтыя дні да яе вярталася надзея, і дзесяць разоў памірала. Праз два дні яны зноў убачыліся, і Надзіны трывогі адышлі, расталі як ранішні туман, перад рэальнасцю спатканняў.

«Атрымліваецца, як у казцы. З’явіўся Прынц, пацалаваў Прынцэсу. Яна прачнулася і ўбачыла, што да гэтага не жыла, а толькі спала мірным сном. Але ж сапраўды, у мяне з’явілася ўражанне, што я пакуль яшчэ і не жыла. А толькі чакала, калі ён з’явіцца…»

Напэўна, на яе найшло нейкае ачмурэнне. Цяпер Надзя разумела псіхалогію наркаманаў. Аднойчы спазнаўшы ягоныя пацалункі, яна ў думках і на яве імкнулася да іх зноў. I ўсе аргументы розуму былі бяссільныя і бессэнсоўныя.

«Мы ўвесь час супадаем. Усюды, ва ўсім. У ацэнках рамансаў, чужых і нашых агульных. У эмоцыях. Нават у ложку… І ўсё мала, і ўсё не хапае… Здаецца, мы ніколі не зможам дайсці да мяжы, дзе нашы эмоцыі заканчваюцца. І ў асалодзе няма мяжы.

Мне нават робіцца страшна! Такое дзіўнае і неверагоднае супадзенне. Такая гармонія. А што потым? Калі скончыцца гармонія і пачнецца дысгармонія? Яна акажацца таксама татальнай? І мне будзе пагана ў такой жа ступені, у якой цяпер добра? Няўжо ўсё адбываецца на яве і са мной?! Няхай такі стан ніколі не скончыцца!»

Відаць, тыя абдымкі-пацалункі абудзілі ў Надзінай душы сілы, пра існаванне якіх спявачка і не здагадвалася. Яна нібы прачнулася і ўбачыла навакольны свет не ў прыглушана-лаканічных і стрыманых фарбах, а ў іх буянні і паўнагучнасці. Надзя ніколі не ўяўляла, што можа жыць у такім неверагодным тэмпе. Калі можна мала спаць, амаль нічога не есці і ўвесь дзень без ўсялякай стомы працаваць.

Яны сустракаліся то ў яго, то ў яе, калі бабуля з унукам з’ехалі на два тыдні на лецішча. Пачуццё шчасця не сыходзіла і не знікала. Тое лета поўнілася шчаслівымі здарэннямі. Паўсюль Надзя заўважала раскіданыя знакі лёсу, які выказваў ёй неверагодную сваю зычлівасць.

Джульета і экстрасэнс (зборнік)

Подняться наверх