Читать книгу Шал (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 10
Аповесці
Пераход
9
ОглавлениеДнём ён ляжаў, зрэдку драмаў, а к вечару зайшоў у хату-падманку, дзе другія суткі па-ранейшаму за сталом, галавой на рукі, сядзеў нябожчык. Даліў у газніцу і запаліў святло. Пасля чаго, рухаючыся з перасцярогай, адразу вярнуўся ў «сваю» хату, дзе зноў лёг на ложак, паклаўшы ружжо пад правую руку. Павінны ж яны прыйсці, думаў ён, і менавіта гэтым вечарам ці ноччу, бо іх падзельнік не вярнуўся, паланянка знікла, і ім, пэўна, ужо надта карціць даведацца, у чым справа.
Ён заўсёды глушыў у сабе думкі пра сям’ю, але яны ўпарта вярталіся, і заўсёды нечакана. Так і цяпер яму ўспомнілася жонка, як ён упершыню ўбачыў яе на нейкім бязглуздым другасным канцэрце, а потым сустрэў у супермаркеце і пазнаў, чамусьці яго пацягнула да яе, яны пазнаёміліся, а праз нейкі час ён зрабіў ёй прапанову. Быў ён тады ўжо хворы, ці не? Бактэрыі лепры ўжо абудзіліся, ці яшчэ драмалі ў ім? У душы ён цяпер адчуваў, што жонка, нягледзячы на сваю даволі інфантыльную знешнасць, – цвёрды арэшак, які не расколюць шматлікія ўдары лёсу, і што яна намнога перажыве яго. Верагодна, знойдзе якога сябра, магчыма, ужо знайшла – у рэшце рэшт, яго гэта цяпер мала кранае, бо ён зрабіў свой Пераход і ўжо нібы ў іншай рэальнасці. Вось дачка – яе яму шкада.
Ён чуйна лавіў усе гукі, якія даносіліся да яго звонку. Вецер паварушыць лісце, рыпне дрэва, віскне мыш. Потым ён пачуў, як у бочку з-пад страхі капнула раз, другі, праз нейкі час зацурчэў тонкі струменьчык – пайшоў невялікі дождж.
Думкі яго пакрысе блыталіся, і ён успомніў, што той, хто становіцца адзінокім, – адчувае з часам смак да смерці. Але ўсё жыццё не болей як спантанны і безнадзейны супраціў усеагульнаму і непазбежнаму паміранню, хіба не так? І няма чаго рабіць з гэтага ёкату і енку, бо так заўсёды было і так будзе.
…Ён раптам уздрыгнуў і прачнуўся – ён драмаў. І ўстрывожыўся, бо пачуў далёкі сабачы брэх. У цішыні ён добра чуў і пазнаў яго: той самы сабака, якога падкормлівае, – Антон Лашкевіч скінуў з сябе ватоўку і падхапіўся з ложка. «Вось яны і прыйшлі, – з палёгкай падумаў ён і раптам пачаў маліцца. Адну малітву ён ведаў. «– Госпадзі, – папрасіў ён, – узмацні латы мае і дай мне сілы, каб перамагчы ворагаў маіх і тваіх, дай сілы мне і паменшы сілы тых, хто змагаецца са мной, прашу цябе, сцеражы мяне праз свайго Анёла Праведніка, не дай мне ўпасці, не дай заблукацца, памажы мне гэтае маё дзела, што я пачынаю, як для Цябе самога яго выканаць, бо Ты сказаў: «Без мяне нічога не можаце даканаць». Амін».
Ён узяў ружжо, рассоўгаў па кішэнях патроны і захапіў пісталет «магілы».
Стаяла ўсё такая ж дзіўная, непарушная цішыня. Злёгку імжэла, і паветра ад таго было вільготнае, а цемра, нягледзячы на тое, што вочы яго звыкліся з ёй, згушчалася адразу за парканамі, і толькі зрэдку, калі поўня паволі выпаўзала з-за хмар, станавілася бачным прывіднае наваколле.
Роўна струменіла святло з акна хаты-падманкі, але ён старанна абышоў яго і рушыў уздоўж зарослай травой вуліцы, трымаючыся вонкавага яе боку, дзе заканчваліся хаты і цягнуліся рэдкія дрэвы і вербалоз ды пачынаўся выган, за якім стаяў лес. Ён добра абгледзеў гэтыя месцы днём, і таму ішоў хоць і асцярожна, але ўпэўнена, і спыніўся ўрэшце на скрыжаванні дарог – тут яны павінны былі прайсці – і лёг на мокрую, яшчэ цёплую зямлю невялічкай меліярацыйнай канаўкі, якая вяла да зарослага аерам ручая.
Маўчанне.
Ён доўга ляжаў так, уткнуўшыся падбародкам у рукі, і ўглядваўся ў цемру, у якой гублялася зарослая пустазеллем дарога; па-ранейшаму было ціха, і яго ахапіла пачуццё несапраўднасці таго, што адбывалася.
Яны ўзніклі нібы здані, ішлі моўчкі, у рост, аніяк не сцерагліся. Нібы шляхта на фэст, – падумаў ён і налічыў дзве постаці. Значыць, усе, – падвынікаваў ён. У слабым святле поўні, што выслізнула з-за хмары, ён са здзіўленнем убачыў, што яны мелі пачварны выгляд – нібы іншапланецяне, і зразумеў: усе былі ў рэспіратарах – баяліся радыяцыі. З-за пляча ў аднаго з іх выторкваўся прыклад «калашнікава».
Ён павёў руляй – яны ішлі перад ім метраў у дзесяці. Ну і няхай ідуць, паглядзяць на свайго падзельніка, – падумаў ён, – карысна і псіхалагічна ўражвае, гэта ім не людзей на іголку саджаць ды дзяўчат гвалціць, – і зноў нянавісць варухнулася ў ім, але ён стрымаў сябе, бо зараз яму трэба быць халодным і бязлітасным, як жывёла, і не павінна застацца ў ім ні той нянавісці, ні, тым болей, страху.
Яны прайшлі амаль побач, ішлі, вядома, на святло хаты-падманкі, ім не хацелася сюды ісці, праз радыяцыю, але ж зніклі дзяўчына і «магіла», а ён як сведка небяспечны.
Антон Лашкевіч пачакаў, падняўся з зямлі, потым асцярожна пайшоў следам. З-за дрэва, ля якога спыніўся, ён добра бачыў хату, з вокнаў якой ціхамірна струменіла святло. Яны асцярожна падкрадаліся, і вось, пэўна, заўважылі, што за сталом, тварам на рукі, сядзіць іх падзельнік, і ў пакоі больш нікога, а потым усё адбылося, як ён і меркаваў: ён пачуў прыглушаны вокліч – яны кінуліся туды, але потым адзін вярнуўся ў зацень, значыць яны сцярожкія, – падумаў ён і праслізнуў да дзіркі ў плоце, спыніўся за хлеўчыкам, зрабіў некалькі крокаў бліжэй да таго, хто сцеражыў, і сцішыўся: той павінен быў хоць бы дзеля цікаўнасці зазірнуць у акно, а там шмат цікавага, анягож.
Дождж спыніўся, а месяц па-ранейшаму закрывалі хмары. Куртка яго прамокла, вільготныя былі і нагавіцы, толькі холаду ён не адчуваў.
Ён стаяў амаль нерухома, потым выцягнуў пісталет «магілы» і праверыў засцерагальнік, а «тулку» закінуў за спіну. У яго была перавага над імі: калі яны ў цемры могуць пераблытаць і падстрэліць свайго, то любы, на каго ён натрапіць, – вораг.
З боку хаты-падманкі пачуліся прыглушаныя галасы, ён ведаў, што там запанікавалі, а таму не здзівіўся, калі на яго пасунуўся цень і проста перад ім узнікла постаць – чалавек рухаўся асцярожна, а ён сачыў, як той спыніўся амаль за крок ад яго і пачаў азірацца. Чалавек быў у бейсболцы і з рэспіратарам на твары – той бялеў у цемры. Антон Лашкевіч счакаў, калі чалавек павернецца спінай, а потым зрабіў крок насустрач і з размаху апусціў дзяржанне пісталета таму на галаву. Чалавек рохкнуў і заваліўся на яго, і ён ударыў знізу каленам у падбародак і адчуў, як галава таго адкінулася назад і хруснулі шыйныя пазванкі, выкруціў з аслабелай яго рукі ствол – навобмацак гэта быў наган – і сунуў яго за пояс.
Ён счакаў, нахіліўся над беспрытомным целам і, вядома, пазнаў яго, пазнаў яшчэ раней, калі ляжаў на дарозе: гэта быў бандыт па мянушцы Захар. Чалавек па імені Антон Лашкевіч прыслухаўся, потым сцягнуў у таго з твару рэспіратар, з галавы бейсболку і надзеў іх на сябе.
Ноч ахінала ўсё навокал. Месяц жухла заблішчаў, выпаўз з-за хмары, і ён убачыў зарослыя вуліцу і парканы, уніклыя ў зямлю хаты, цемень кустоў і тую хату-падманку. А потым месяц схаваўся зноў.
Між тым ледзь-ледзь, але пачынала ўжо світаць. Ад зямлі цягнула холадам, і паветра было золкае. Пальцы на руках амаль не адчувалі прыклада «тулкі», якую ён зноў асцярожна перакінуў на грудзі.
Пэўна, сабака па сваёй звычцы напаў моўчкі, зусім побач грымнула кароткая аўтаматная чарга, а потым пачуліся віск і екатанне.
Але дзякуючы гэтай неспадзяванай паслузе ён адразу ўведаў, дзе зараз затаіўся апошні з яго пераследнікаў, засёк тое месца і асцярожна рушыў насустрач. Інтуітыўна ён адчуваў, што толькі дзёрзкая рашучасць дапаможа яму, бо са святлом супраць «калаша» ён са сваёй «тулкай» ператворыцца ў звычайную мішэнь.
– Смол… – ледзь чутна прашаптаў ён яго мянушку, зноў пасунуўся наперад і паўтарыў шэптам: – Смол, Смол…
– Ты, Захар? – постаць Смола нечакана паднялася з зямлі проста перад ім, і ён, ужо націскаючы на курок, зразумеў, што яго хітрасць удалася: бандыт, пабачыўшы ў цемры бейсболку і рэспіратар, прыняў яго за свайго і цяпер цалкам расплачваўся за гэта.
«Тулка» грымнула, Смола адкінула назад, падаючы, ён нешта няўцямна выкрыкнуў і паспеў усё-такі скарыстаць аўтамат. У паветры загрукатала. Кулі віскнулі з левага боку, плячо апякло, потым наступіла цішыня, і Антон Лашкевіч раптам зразумеў, што ўсё скончана.
Смол, між тым, у агоніі яшчэ соўгаў нагамі, аўтамат быў дзесьці побач з ім, і Антон Лашкевіч знайшоў яго навобмацак, а потым зайшоў у хату, кінуў ужо непатрэбную зброю ў кут і сцягнуў з сябе куртку і кашулю. Левая рука была прастрэлена ў плячы навылет, але амаль па датычнай, і як ён адразу вызначыў, рана была несур’ёзная. Так, яму, можна сказаць, добра пашанцавала. Бінты заўсёды былі ў яго кішэні (ён часта перавязваў абгарэлы палец на назе), і эластычны бінт таксама – ён спыніў кроў і збольшага зрабіў сабе перавязку.
– Я жывы, Госпадзі… – сказаў ён у цішыні, – і ворагі мае пасаромлены і абняслаўлены…
Нябожчык, адзіны яго маўклівы слухач, паранейшаму сядзеў за сталом, схіліўшы галаву на рукі. Гарэла, міргаючы, газніца, ад чаго на сценах варушыліся прывідныя цені.
Ліхаманка падступала да яго, але ён ведаў, што гэта звычайная з’ява пасля нервовага напружання, якое, вядома ж, звязана са смяротнай небяспекай. Калісьці ён ужо праходзіў праз такое, і не раз.
Чалавек па імені Антон Лашкевіч вярнуўся ў «сваю» хату, выцягнуў запасеную раней і схаваную на які выключны выпадак бутэльку гарэлкі, адкаркаваў, выпіў з рыльца палавіну, лёг на ложак і праз нейкі час забыўся кароткім, трывожным сном.
Апоўдні ён з цяжкасцю адцягнуў трупы падалей, не зважаючы на боль у плячы, закапаў іх у кінутай меліярацыйнай канаве і паволі агледзеўся навокал: на зарослыя кустоўем палеткі і выган, у парыжэлыя вершаліны лесу на даляглядзе і ў шэрую бездань неба, па якім бязгучна рухаліся такія ж бясколерныя, шэрыя аблокі, пасля чаго, стомлены, знерухомеў і сказаў у пустэчу ўжо звыклае:
– Вось я і зноў адзін, Госпадзі.
2007 г.