Читать книгу Шал (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 8
Аповесці
Пераход
7
ОглавлениеВосеньскі дзень быў цёплы, з неба ярка свяціла рэдкае ў гэты час года сонца, і быццам нічога ў іх жыцці не змянілася: Лідка па-ранейшаму адмоўчвалася на яго прапановы вярнуцца ў горад, хоць, як ён заўважаў, і тут адчувала сябе няўтульна і пастаянна трывожна азіралася і нервова ўздрыгвала ад кожнага незнаёмага ёй гуку ці шолаху. Урэшце, як аказалася, нездарма. Харчовыя прадукты – хлеб і кансервы – у іх заканчваліся, і ён пачаў ставіць сілкі на зайцоў, бачыў вандроўных дзікоў, але пакуль што не паляваў на іх. Часта даволі далёка адыходзіў ад хаты, а ружжо браў з сабой, строга наказаўшы дзяўчыне нікуды не адыходзіць, а лепш быць з ім разам. Але яна не любіла лес і кожны раз ішла туды з ім з вялікай неахвотай.
У гэты дзень ён з раніцы пайшоў праверыць сілкі, якія прыстасаваў зусім недалёка, і таму, а можа проста з прычыны розных неадчэпных думак, якія затлумілі голаў, не ўзяў з сабой «тулку». Праз якія паўгадзіны ён праверыў сілкі, але ў іх ніхто на гэты раз не трапіў, і ў душы ён быў нават такім раскладам падзей задаволены, бо не любіў забіваць жывёл. Раса прамачыла яму ногі ў чаравіках, а ногі ад часу заражэння заўсёды былі яго слабым месцам, і ён адразу вырашыў павярнуць назад.
Якраз у гэты момант яму нагадаўся нібы нейкі далёкі і адразу прыглушаны крык, і ён моцна ўстрывожыўся. Ён на хвіліну знерухомеў, прыслухоўваючыся, але больш нічога не пачуў. У зоне былі людзі, і Антон Лашкевіч ужо добра ведаў і тое, што тут іх не так і мала: бадзягі, бамжы, дробныя зладзеі, злачынцы, якія-небудзь старыя, што ўпарта вярталіся да сваіх хатаў, хоць іх калі-нікалі зноў вывозілі за дротавую мяжу. Урэшце, апошнім часам на іх проста махнулі рукой.
Ён адразу заспяшаўся назад, нават перайшоў на бег, думка пра дзяўчыну ўжо не выходзіла ў яго з галавы.
На двары яе не было, ён паклікаў, але безвынікова, і, плюнуўшы ў думках на перасцярогу, убег у хату і адразу спыніўся, сціснуўшы зубы. Бандыты.
За сталом сядзеў стары знаёмы, Захар, побач з ім, збоку, жукаваты, чорнавалосы прыгажун з нядобрым тварам – як ён здагадаўся, гэта быў славуты Разак, пра якога казала яму Лідка, сама дзяўчына ўкленчыла ў куце. З вачэй яе цяклі слёзы. Ружжо, якое ён так неабдумана пакінуў у хаце, цяпер ляжала на стале, пад рукой у Захара.
– Вось, – усміхаючыся пачаў той, – ты за каго нас трымаў, дурань? Засумаваў тут без бабы, дык удумаў нашу прыкішэніць? А мы ж цябе яшчэ ў той раз папярэдзілі: за драйф заплаціш.
– Чаму ж вы тады яго не абшманалі? – спытаў жукаваты. – Яна ў хаце, пэўна, і хавалася. Я дык бабу па паху ўчую за кіламетр.
– Ён жа нам бярданай сваёй пагражаў, так, пейзан? Ты з якога калгаса ўцёк, ёлуп?
– Э-э, не, – сказаў Захар, – ты памыляешся. Ну, які ён селянін?
– А хто ён, па-твойму?
– Аблічча ў яго не сялянскае. Ты хто? Скажаш праўду – лёгка цябе закапаем. Не будзеш доўга пакутаваць.
– Ды не чапайце вы яго! – крыкнула ў роспачы Лідка. – Ён проста хворы! Паміраць сюды прыехаў. З горада.
– Гэта праўда? – спытаў жукаваты па мянушцы Разак. – А на што ты хворы, ёлуп калгасны? З выгляду – не скажаш, быццам вось-вось возьмеш адразу і зажмурышся.
Чалавек па імені Антон Лашкевіч расцяў асмяглыя вочы.
– Ад гэтага ніхто не ўратуецца. А я сваё адбаяўся.
– А ведаеш, татуля, што мы са Смолам па тваёй віне па лесе да ночы парыліся? – сказаў Захар. – А ты дзеўку нашу тым часам у хаце схаваў. Гэта як табе дараваць, дурык?
– Гавару вам, ён хворы! – зноў выкрыкнула Лідка.
– Змоўкні, з табой яшчэ разбірацца будзем, – вышчарыўся на Лідку Разак. – Не падобна, што ён хворы ці нямоглы, і не бачна, што з бальшака з’ехаў. Можа, ён мент паганы, змяніў афарбоўку – і нешта тут вышуквае?
– Ды годзе, – сказаў Захар. – Які ён, на хрэн, мент? Я мянтоў нюхам чую.
– Ён былы вайсковец, – зноў уступілася Лідка.
– Ты праўда – вайсковец? Дык ты – «швейк»?
– Вам – якая розніца?
– А ў зоне навошта?
– Адпачываю.
– А такое ты бачыў? – Разак выцягнуў з нагруднай кішэні дазіметр і тыцнуў у яго бок, – Колькі тут намалявана зараз рэнтген, ведаеш? У гэтых месцах больш месяца заставацца – сабе на згубу. А ты, пэўна, вырашыў вось з ёй, – ён кіўнуў на Лідку, – пладзіцца і размнажацца…
– Карацей. Што з ім рабіць будзем? – спытаў Захар.
– Падумаем. Намыліцца ўцякаць – страляй.
– Адказаць жа за тое, што нас у мінулы раз дурыў, – павінен. Хіба што на правёж яго.
– Ну, а калі ён пасля ў горад? А там – у мянтарню?
– Мянты ў цёплых кабінетах сядзець любяць, а сюды ў зону – адразу адказняк.
– Ну, правёж, дык правёж.
Ён услухоўваўся ў іх слоўную гульню і разумеў велічыню небяспекі. Праз кроў яны ўжо, па ўсім бачна, пераступалі, і такіх заўсёды цягне да краю. Г-э-х, як неабдумана ён зрабіў, пакінуўшы тут ружжо.
– Станавіся на калені, прасі прабачэння, – загадаў яму Захар. Ён, відавочна, куражыўся і, пэўна, не без уплыву наркатычнай дозы.
Чалавек па імені Антон Лашкевіч падумаў, а потым марудна ўкленчыў.
– Прашу.
Абодва адразу накінуліся на яго. Білі нагамі, ён блакаваў удары як мог, ведаў што ў кожнага з іх у кішэні па ствале, і цяпер у яго ніякіх шанцаў.
Лідка закрычала, пачала хапаць іх ззаду за рукі, але і яе адразу збілі з ног. Урэшце ім надакучыла, і яны стаміліся.
– Ну, цяпер ты можаш тут адпачываць, – сказаў напаследак Разак. – Толькі калі яшчэ раз цябе ў гэтай хаце ўбачым – табе гамон.
Праз некалькі хвілін яны сышлі, забраўшы дзяўчыну з сабой. Ён чуў, як галасы іх паступова сціхалі, і прымусіў сябе падняцца. Ружжо яны, відаць, знеслі. Боль, – падумаў ён. Усё-такі ён яшчэ адчувае боль, – але, не зважаючы, паварушыў рукамі, потым нагамі – пераломаў не было, і ён сунуў у кішэню нож, які трымаў у схованцы за печкай, знайшоў апошні акраец хлеба і з гэтым выйшаў з хаты. Напрамак ён ведаў і спадзяваўся, што неўзабаве дагоніць бандытаў і іх паланянку. Як ён акрэсліў задачу, трэба было спачатку высачыць іх жытло, іх лежку, ну а потым ужо дзейнічаць па абставінах.
Ён рухаўся з цяжкасцю, часта спыняўся, прыслухоўваючыся, і ўрэшце пачуў наперадзе іх галасы. Яны доўга ішлі так, увесь час, як ён вызначыў, на поўдзень, а ён, хаваючыся, рухаўся следам.
Заімжэла, а потым прайшоў невялічкі дробны дождж. Тыя, каго ён адсочваў, пайшлі шпарчэй, і праз якія паўгадзіны дасягнулі чарговай кінутай вёскі. Як ён і здагадаўся, недзе тут была іх лёжка. Стаіўшыся ў хмызняку, ён назіраў, як яны падышлі да адной з хат – яна выдзялялася і сваімі памерамі, і бляшаным дахам, у адрозненне ад астатніх, крытых звычайным шыферам: пэўна, належала якому вясковаму начальніку, – і зніклі ў сярэдзіне.
Цяпер трэба было чакаць. Павінны ж яны часам кудысьці выходзіць: ці па адным, ці ўсе разам – тут ужо ўсё дыктавалася і вырашалася выпадкам.
Ён доўга ляжаў, працягваючы сачыць за хатай, у якой знаходзіліся тыя, хто яго цікавіў, – у рэшце рэшт, ён ужо ўсіх бачыў і ўсіх збольшага ведаў. Праблем, між тым, прыбаўлялася: цела яго пачало стынуць без руху, а рухацца было балюча і небяспечна. Ён абдумваў сітуацыю, у якой апынуўся, і не бачыў пакуль выйсця.
Тым не менш, ляжаць так далей не мела сэнсу, дый было ўжо зусім невыносна, і ён вырашыў перачакаць у якой закінутай хаце на ўскрайку вёскі, і пажадана, каб яму адтуль было бачна тое, што робіцца ў бандыцкім логаве.
Такую хату ён неўзабаве вызначыў і неўпрыкмет, зарослымі шчыльным бур’яном агародамі, прабраўся туды і зазірнуў унутр. У хаце было пуста, валялася непатрэбнае, напаўгнілое рыззё, паламаныя крэслы, частка акон была выбітая, і адтуль несла холадам. Стаяла і спарахнелая канапа, якую ён асцярожна перасунуў да акна, працёр шкло, лёг і стаў назіраць. Ад хады і нязначнай працы ён крыху сагрэўся, выцягнуў з кішэні хлеб і адкусіў некалькі разоў.
На нейкі час ён задрамаў кароткім напаўпрывідным сном – напаўсномнапаўтрызненнем. Яму прысніўся зімовы сад у бацькоў, і хоць было снежна, на яблынях віселі там-сям дробныя чырвоныя яблыкі, якія ён збіваў палкай у снег. Ён абудзіўся і прыпаў да акна: там нехта выходзіў на падворак – ён убачыў толькі чыюсьці спіну, якая адразу знікла за дзвярыма.
Дачакацца ночы, – падумаў ён, – тады яны паснуць, а нож пры ім, што ж, яны самі хацелі вайны, няхай адбудзецца так, як выпадзе лёс.
Але ўсё адбылося значна прасцей, і ён з надзеяй на далейшае падумаў, што яму зараз проста пашчасціла, калі ўбачыў, як ужо ў прысмерку тры постаці выслізнулі з хаты і скіравалі на поўдзень – як ён пачаў спадзявацца, у бок мяжы. За плячыма аднаго з іх ён убачыў абрысы аўтамата. Ён счакаў яшчэ хвілін з дзесяць – больш чакаць было рызыкоўна і ўвогуле, на яго думку, не варта, і з перасцярогай наблізіўся да хаты, ціха прыадчыніў дзверы і ўвайшоў.
Дзяўчына сядзела ў куце, апусціўшы галаву на рукі. Да кісці левай рукі вёў доўгі ланцуг, канец якога быў прымкнуты вялікім вісячым замком да трубы ацяплення – хата раней, пэўна, ацяплялася ад паравога катла.
– Ліда! – паклікаў ён ціха.
Дзяўчына ўскочыла на ногі, і ён убачыў, што адным канцом да ланцуга, а другім да кісці рукі яе прысцёгнутыя кайданкі.
– Ты Антон? Як ты мяне знайшоў? Не, не можа быць!
– Куды яны пайшлі? Адказвай, хутка!
– На мяжу. Яны мяне прывязалі, бачыш?
– Зараз, – сказаў ён і спытаў: – Дзе мая стрэльба, ведаеш?
– Схавалі ў тым пакоі, пад ложак.
Ён кінуўся туды і сапраўды выцягнуў з-пад ложка «тулку», пераламаў ствалы і ўбачыў, што патронаў у іх не было. Асцярожныя, вылюдкі…
– Калі яны вернуцца?
– Заўтра раніцай.
– Дзе ў іх інструмент? У кладоўцы?
– Так.
Ён сапраўды знайшоў там манціроўку, малаток і зубіла. Праз хвіліну ланцуг зваліўся з батарэі. Расшпіліць кайданкі яму было прасцей: таму-сяму яго калісьці навучылі ў войску.
– Збірайся! – загадаў ён. – Мы вяртаемся назад, а адтуль у горад. Я адвязу цябе туды, і нічога больш не бойся. Тое-сёе забяром і пойдзем.
Ён хацеў хутчэй забраць прыхаваныя ля сваёй хаты ў патайнічку патроны і зарадзіць ружжо, бо толькі пасля гэтага мог адчуваць нейкую ўпэўненасць за іх абаіх.
– Яны цябе заб’юць, нас заб’юць, ты іх яшчэ дрэнна ведаеш – гэта вылюдкі. І ў горадзе знойдуць.
– Даверся мне, – прыспешваў ён. – Усё роўна яны цябе знішчаць як небяспечную сведку, а так ты выратуешся.
Дзяўчына мітусілася па пакоі, разгублена азіраючы куты.
– Дарэчы, дзе яны сваю «шмаль» хаваюць? – спытаў ён.
– У шафе. І вось на стале частка. Я павінна была фасаваць.
Ён сабраў усё ў адзін груд, кінуў зверху аптэкарскія вагі, раструшчыў іх і ссунуў усё ў цэлафанавы пакет.
– Па дарозе ўсё знішчым, закапаем.
Лідка схапілася за галаву. Твар яе быў спалоханы, а рукі трэсліся.
– Ты хоць ведаеш, колькі ўсё гэта каштуе? Яны ж будуць шукаць нас да скону.
– Адшукаюць – сустрэнем. Цяпер рушым, бо да поўнай цемры трэба выйсці на дарогу, якая вядзе ў наш бок. І вось яшчэ: дзе тут у іх яда?
…Толькі вайсковае мінулае і набытыя там навыкі ды інтуіцыя дазволілі яму праз некалькі гадзін дабрацца да «іх» вёскі. Лідка без сіл павалілася на канапу, а ён яшчэ прыгатаваў тое-сёе з ежы і прымусіў яе павячэраць і збольшага паеў сам.
Да раніцы бандыты не вернуцца на сваю лёжку, а калі такое і здарыцца, то ноччу наўрад ці кінуцца сюды, ну а раніцай ён з Лідкай ужо будзе далёка адсюль, – меркаваў ён.
Спаў ён заўсёды чуйна, і тут, нават стомлены, адразу адрэагаваў на шолах і схапіўся за ружжо, што ляжала побач, але гэта была Лідка. Яна моўчкі лягла побач з ім і абхапіла яго рукамі. Яе па-ранейшаму трэсла.
– Вось, прачнулася і больш спаць не магу, – прашаптала яна. – Я баюся. Ты ж не асудзіш мяне за гэта?
Жаданне блізкасці нахлынула да яго раптоўна, і, па праўдзе, ён не чакаў гэтага. З жанчынамі, як ён калісьці вырашыў для сябе, бадай, скончана, і віной таму, вядома, яго хвароба. Ну, калі можа ён толькі сустрэне такую ж як сам, але спадзявацца на гэта, як спадзявацца выйграць у латарэю. У яго даўно не было жанчыны, і ўласцівы ўсяму жывому інстынкт патрабаваў свайго, хоць мінулае вайсковае жыццё не раз прывучала яго да ўстрымання. Урэшце, ён не збіраўся рабіць з усяго гэтага драматычных высноў.
Чамусьці дзяўчына адразу адчула яго стан, хоць ён аніяк не выказаў ёй пра тое. Рука яе праслізнула яму пад кашулю, на грудзі, і дзяўчына пачала пяшчотна лашчыць яго.
– Рукі ў цябе халодныя, – сказаў ён. – І лепш бы ты гэтага не рабіла.
Замест адказу дзяўчына моўчкі распранулася і сказала:
– Усё яшчэ б’е ліхаманка. Супакой зараз мяне і сам супакоішся.
– Але ж я табе быццам казаў пра так званы «сямейны ўжытак». Няма гарантый, што ты не зачэпіш хваробы.
Яна ўпарта ператварала ўсё ў жарт.
– Запарыў ты мяне сваёй хваробай. Хоць бы сказаў, што ў цябе. Пакуль жа я бачу здаровага дзядзьку. Як добра, што ты хочаш мяне. А я думала, ты зусім да мяне раўнадушны.
…Потым яны ляжалі ў напаўдрымоце, і ён спытаў:
– Цябе не білі на гэты раз? Пасля ўцёкаў?
– Яны спяшаліся на мяжу. Правёж, як яны кажуць, абяцалі па вяртанні. Я спужалася, калі яны цябе білі. Вельмі балела?
– Я амаль не адчуваю болю, – сказаў ён.