Читать книгу Шал (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 2
Аповесці
Пераход
1
ОглавлениеЦемра пакрысе згушчалася ў кутах убогага жытла, прасочвалася ў акно, падступала да ложка. Чарговая ноч надыходзіла, і тут нічога нельга было змяніць.
Чалавек прымушаў сябе засынаць без транквілізатараў, бо гэта было да таго ж і небяспечна, альбо спаў днём.
Трэба было берагчы элементы сілкавання, бо электрычнага святла, вядома, тут не існавала, і таму чалавек уключаў транзістар пераважна ў пачатку гадзіны, каб паслухаць навіны і заадно праверыць час, а потым выключаў. Так і цяпер, але неспадзявана загучала песня: на незразумелай яму мове, меладычная, у старой традыцыйнай манеры – пра далёкі-далёкі Амстэрдам – гэта слова часта паўтаралася, і ён даслухаў да канца, а потым выключыў транзістар. Урэшце, што яму да таго Амстэрдама?
Чалавек меў імя. Яго звалі Антон Лашкевіч.
Каб крыху ўзбадзёрыцца, – да таго ж надышоў час запаліць лямпу, – ён апрануў ватоўку і выйшаў з хаты ў мокрую імжачную шэрань. Сутонела. Ён насцярожана прыслухаўся і агледзеў, азірнуўшыся, вуліцу. Але навокал было, як і заўсёды, пуста, змрочна і шэра, толькі рыпелі калі-нікалі ад ветру дрэвы ды цурчэла ў бочку тонкім струменем вада з-пад страхі. За хатай туліліся старыя азяроды з рэшткамі бульбоўніка, цягнуўся выган, а за ім на даляглядзе цямнеў лес. Там ужо збіралася на ноч. Праз брамку ён выйшаў на зарослую пустазеллем, у лужынах, вуліцу і зноў азірнуўся, але адкуль каму тут узяцца акрамя тых, каго ён чакае, – але іх пакуль не было.
Дом, дзе ён запальваў на ноч газніцу, стаяў насупраць і глядзеў на яго трыма вокнамі, пад якімі апантана, запознена і самотна буяў куст сухацвету.
Ён агледзеўся і ціха паклікаў:
– Гэй, сабака! А потым пачакаў і зноў:
– Гэй, пёс!
Але ён ведаў, што калі пёс сапраўды недзе паблізу, то звычайна не адклікаецца, а хаваецца і моўчкі назірае за ім. Сабака быў тут, пэўна, адзінай жывой хатняй істотай, але ўпарта не падыходзіў, і ў вачах жывёлы, калі яны сустрэліся аднойчы з чалавечымі, ён прачытаў непаразуменне і жах. Шмат дзён таму, як ён толькі прыйшоў сюды і апынуўся на вуліцы, сабака моўчкі выбег яму насустрач, моўчкі пацягнуўся следам, а калі ён перастаў зважаць, імкліва падбег ззаду і – таксама моўчкі – нямоцна ўкусіў за нагу.
На зарослай травой вуліцы чаравікі адразу сталі мокрыя. Ён скіраваў назад у хату, бо ўспомніў пра запалкі, адшукаў іх, узяў ружжо і зноў выйшаў на вуліцу, прайшоў, ціснучыся ля плота, адшукаў тонкі дроцік, які нацягнуў дзеля сігналізацыі – дроцік быў цэлы, ён пераступіў і акуратна прыстасаваў яго на старое месца, а потым адчыніў дзверы хаты насупраць. Трэба было падрыхтавацца да ночы, калі ён не спаў, а назіраў – гэта моцна стамляла. На яго адразу дыхнула цвіллю, і ён вырашыў пазней прапаліць, але ж яму тут не заставацца, толькі пакіне гарэць лямпу, каб бачна было, што ў доме-падманцы нехта ёсць, а сам будзе пільнаваць у «сваёй» хаце, сачыць ля акна – павінны ж яны некалі прыйсці.
Хата, пэўна, належала ў мінулым калгаснаму спецыялісту: аграному, заатэхніку ці мо проста брыгадзіру, бо на адзінай паліцы стаялі некалькі кніжак па сельскай гаспадарцы. На сцяне ў зале віселі яшчэ колькі чорна-белых партрэтаў у танных рамках: мужчына ў нязграбным пінжаку і пры гальштуку, малады жаўнер сарамяжліва ўсміхаўся ў аб’ектыў, дзяўчынка з лялькай у руцэ, жанчына з сурова падцятымі вуснамі. Разбітае люстэрка між імі напалавіну паабсыпалася на падлогу. Развярэджаны тэлевізар валяўся ў куце, пустая шафа была без дзверцаў. Пабеленая грубка за дашчатай перагародкай адным сваім бокам месцілася ў спальні. Там стаяў металічны ложак, матраца на ім не было, побач дзіцячая калыска. Шпалеры амаль усюды нехта быццам знарок падрапаў, і там-сям на іх ужо плямамі выступіла цвіль. У пярэдняй стаяў стол, ляжаў пусты газавы балон са збітым венцілем, але пліты не было; побач валялася рыззё, крэсла і зэдлік.
Ён сеў на зэдлік, адхіліў паркалевыя фіранкі, зірнуў на вуліцу, прыслухася, зноў старанна захінуў фіранкі і запаліў лямпу. Газы ў яго было яшчэ дзён на пяць-шэсць – ён наліваў у лямпу да верху і гэтага якраз хапала на дзве ночы (з перапынкам на дзень і зноў да наступлення святла). Ён дастаў з кішэні запалкі, запаліў кнот і асцярожна насунуў зверху шкляны каўпак. У пакоі стала светла, ён убачыў свой цень на сцяне, узяў ружжо, тыцнуў руку ў кішэню – патроны былі на месцы, і адразу заспяшаўся да дзвярэй.
Прыкметна сцямнела, і на неба выпаўзла з-за хмар млявая, у дымцы, поўня. Нечага як быццам не ставала, і ён прыслухаўся, азірнуўся навокал, але ўсё, здаецца, было як раней: стаяў уводдалі цьмяны ўжо лес, загадкава і змрочна цямнелі зарослыя пустазеллем хаты па баках вуліцы, толькі імжа больш не сыпала з неба і дрэвы не рыпелі пад ветрам, бо самога ветру зусім не адчувалася, можна было прайсці па вуліцы з запаленай свечкай, і ён сказаў:
– Адзін я, Госпадзі.
Стаяла навокал нават вязкае маўчанне, і зорак не было на небе, схавалася неўзабаве поўня, і ён расцяў вусны і зноў прамовіў сам сабе:
– Гэта я, Антон Лашкевіч.
Але сказаў у пустэчу, бо аніякага гуку ў паветры не пачуў, словы, выціснутыя з горла, быццам растварыліся ў гукаізаляцыйнай кабіне, у якой запісваюцца на плёнку.
Ён прыслухаўся і рушыў па вуліцы да «сваёй» хаты, зноў праверыў сігналізацыю – тонкі дроцік над сцежкай, хутка пераадолеў тыя некалькі дзясяткаў метраў праз вуліцу і асцярожна, каб не ляпаць, праслізнуў у дзверы. У хаце ўжо было зусім цёмна, але ён рухаўся ўпэўнена – па звычцы накінуў на дзвярны прабой кручок, падышоў да акна, да якога ўсутыч быў прысунуты ложак, і агледзеў адсюль самую хату-падманку. Абрысы яе ўжо былі размытыя цемрай, толькі ярка свяцілася акно, святло з яго падала і на дзверы веранды: калі хто мусіць зайсці, то ён убачыць. Вядома, калі сам не засне. Але на тое, каб не заснуць, існуе прыстасаваная ім дротавая сігналізацыя. Варта зачапіць нагой дроцік, – а той хто не ведае, абавязкова зачэпіць, як бы асцярожна не рухаўся ў цемры, – і ў яго хаце адразу бразне пустая бляшанка над парогам. Гэта ён пачуе, нават калі засне, тут ужо спрацуе нервовая сістэма.
На стол злева ад ложка чалавек па імені Антон Лашкевіч паклаў ружжо (пачак патронаў ляжаў там жа і яшчэ былі ў кішэні), лёг на ложак (ён падклаў, каб той быў вышэй, пад ножкі колькі кніжак з паліцы) і таму мог сачыць за хатай насупраць лежачы. Ён зірнуў на гадзіннік і ўключыў транзістар. Шкала засвяцілася, і ён пачуў:
«Чалавечая святасць – яна адна рэальная, хоць яе немагчыма ні ўбачыць, ні пачуць. Усё астатняе толькі атрыбуты, маскарад, маніфестацыі, выхадкі, адчай, безнадзейныя крыкі ў цемнаце і маўчанні…»
Гэта пэўна, вырашыў ён, прагучала канцоўка нейкай перадачы, а потым пачуў, як сапраўды аб’явілі час, і ён праслухаў навіны, але доўга думаў не пра іх, а менавіта пра святасць. Раптам туга сціснула яму грудзі, але ён звыкла стрымаў свае пачуцці.
Транзістар змоўк. Ён прыслухаўся. Слых у яго стаў абвостраны, і ён чуў самыя ціхія гукі, але часта растлумачыць сэнс іх усіх не мог. Рыпне дзе дрэва, крыкне якая начная птушка, зашамаціць лісце, прабяжыць часам дзікі звер. Заўсёды звінелі некалькі камароў, тут яны, як ва ўсіх драўляных хатах, не пераводзяцца і зімой, хоць і не кусаюць. Апошнім часам ідуць дажджы, а хутка і снег выпадзе. Яму тады спатрэбяцца лыжы, запас дроў, больш ежы і ўсё іншае. А пакуль навокал яшчэ брудныя дахі, зялёныя ад цвілі парканы, старое сена, пажары, асабліва калі гарыць сухая трава ці лес. А так усё як і раней: зеляніна дрэў, брукаваныя дарогі, кінутыя дамы, крамкі, вось толькі людзі… Урэшце ён цяпер да скону, адзін.
Ён расплюшчыў вочы і сказаў сам сабе:
– Не спаць, бо пакуль не выпадае.
І зірнуў у акно. Месяц заліў на кароткі час штучным святлом мёртвую вуліцу і хаты, ужо напалавіну зарослыя пустазеллем, з праваламі выбітых шыбаў, абваленыя хлеўчукі і зноў схаваўся ў хмару, і ўсё, акрамя асветленага акна ў хаце-падманцы, патанула ў цемры.
Ён не хацеў бы сустракацца з людзьмі. Зусім. Але ўсё роўна да яго прыйдуць. Пачнуць зноў дашуквацца: хто, адкуль, навошта? А яму трэба, каб усё вырашалася само. У яго свая вайна. Ён адчуў, як варухнулася ў ім прыхаваная злосць, і сказаў, нібы звяртаючыся да чужога:
– Спакойна, бо ўжо нішто не варта чагонебудзь.
Але замест голасу пачуў хрыплы шэпт, які адразу прапаў у цішыні і цемры. Толькі вось дзяўчына. Загадкавая яна часам была, і самае галоўнае, што не здрадзіла, але лепш цяпер пра яе не думаць. Лепш пра нешта іншае, пра тое, напрыклад, колькі бляшанак кансерваў і боханаў хлеба засталося ў рукзаку. Да таго ж, сабака. Хлеб ішоў і на яго. Антон Лашкевіч пакідаў яму і крыху на дне бляшанкі, але ўпэўненасці, што ўсё з’ядаў менавіта сабака, а не якія пацукі, не было.
Камар тонка звінеў у цемры, потым да яго далучыўся яшчэ адзін. Камары адчуваюць цяпло жывой істоты за дзясяткі метраў. Але цяпер яны вялыя, прайшоў іх час. Пазвіняць і зноў затояцца. Цікава, дзе хаваецца той сабака? Ні разу нават не забрахаў, мусіць, зусім здзічэў. І баіцца, пэўна, ваўкоў. Ці дзікоў.
Месяц зноў на кароткі час выбег з-за хмары, і святла ў акне хаты-падманкі паменела, а потым месяц знік, і тая хата па-ранейшаму была як невялічкі маяк. Маяк-падманшчык.
Ён стаў слухаць, як звініць у вышыні, недзе пад столлю камар, сціхае і зноў звініць.
Цеплыня пяшчотна ахутала яго – грэла ватоўка, колькі ўжо часу прайшло, – падумаў ён, – і тут пачуў крокі за дзвярыма, дарэчы, зачыніў ён іх ці не? І чаму не спрацавала сігналізацыя? Але позна ўжо было бегчы, і ён толькі глядзеў, як дзверы адчыніліся і – не, гэта было немагчыма, неверагодна – Лідка нерашуча ступіла праз парог і агледзела яго сваім неспакойным позіркам. Ён бачыў яе стомлены, нервовы твар.
Ён падхапіўся з ложка і памкнуўся да яе, але дзяўчына спыніла:
– Не падыходзь, не трэба. І ён здзівіўся сам сабе, што трымціць ад радасці.
– Лідка! Ну, скажы хутчэй – усё няпраўда?
Але яна адмоўна пахітала галавой і сказала зноў сваё:
– Ну, бачу, што чакаеш, не падыходзь. І ён мусіў спытаць пра зусім неістотнае:
– А як ты дзверы адчыніла? Я ж кручок накінуў.
Але дзяўчына адказала:
– Ну што ты, як малы, пытаеш, бачыш жа – дзверы не зачыненыя, але ж у мяне мала часу, я табе хачу сказаць, што яны прыйшлі, ты чуеш?
– Але ж мы так даўно не бачыліся, давай сядзем, пагаворым, я сумаваў без цябе, чуеш, я сумую без цябе, – сказаў ён.
Яна быццам адразу зачапілася за гэтую яго думку і спытала:
– А ты кахаў мяне, ну хоць трохі, бо казаў, што – не?
І ён адказаў тую праўду, якая жыла ў яго падсвядомасці.
– Так, раней сапраўды не кахаў, бо мне нельга, сама разумееш. Тады Лідка сказала супакоена:
– Дзякуй, які ты харошы, а зараз бывай. Ён хацеў схапіць яе за руку, каб спыніць, але схапіў пустату і – прачнуўся.
Чалавек па імені Антон Лашкевіч, як і раней, ляжаў у цемры, на ложку, і за шклом цягнулася ноч, свяціўся прастакутнік акна ў хаце-падманцы, а кручок на дзвярах быў накінуты на прабой, ён добра бачыў гэта са свайго кута. Ён доўга так ляжаў, не варушачыся і адчуваючы, як паступова адплывае і раствараецца пачуццё пяшчоты – моцнай і кранальнай, якой, магчыма, даўно не адчуваў ні да кога, так, ні да кога. Ён аблізаў перасохлыя вусны і сказаў у цемру:
– Ну дзякуй, Лідка, што прыйшла, папярэдзіла, бо я тут зусім адзін і – на Пераходзе…
І зусім ачуняўшы, знайшоў і схапіў чаравікі, сунуў у іх ногі, акуратна зашнураваў, бо гэта таксама важна, – прамільгнула ў яго галаве, – потым не будзе часу, а дробязь можа іншым разам вырашыць усё. Значыць, яны прыйшлі, калі Лідка папярэдзіла. Дзякуй, Лідка. Цяпер пачнецца невялічкае паляванне, і я вельмі заняты, Лідка, але ўсё роўна дзякуй за тое, што лёс нас звёў.
Ён таропка распіхаў па кішэнях патроны, усе, якія ляжалі на стале і ў пачку, пераламаў ружжо і ўпэўніўся, што яно зараджана.
Гэта была дубальтовая «тулка» – «ТОЗ-54» са звычайным драўляным прыкладам, з двума куркамі, якія, праўда, узводзіліся без шчоўкання, што ён лічыў вялікім плюсам у сваіх абставінах; гільзы былі «папкавыя» і латунныя, а куля – «спадарожнік» – круглая, з моцным рыкашэтам, і далечыня паражэння ўсяго толькі да сямідзесяці метраў. Са зброяй увогуле было складана, і гэтае «блатное» ружжо, канфіскаванае ў браканьераў, ён купіў раней за невялікія грошы.
– Ціша.
Ён прыслухаўся: звінеў камар, ці, можа, яму падалося, можа звягнула сігналізацыя? Лідка прыснілася не дарэмна: сёння яны павінны прыйсці. На іх думку, ён тут сядзіць, як мянтуз пад карчом. Толькі б прыйшлі, бо горш за ўсё чакаць. У нас і так краіна суцэльнага чакання. Але Лідка ж ніколі не снілася яму, нават пасля таго, што здарылася, – значыць, яны прыйдуць.
Чалавек прыслухаўся і зірнуў на гадзіннік. Стрэлкі спыніліся на першай гадзіне. У роце было суха і хацелася піць, але піць цяпер не выпадае. Акно ў хаце-падманцы праз вуліцу роўна струменіла святло. Ён лёг на ложак, ужо ў чаравіках, і зноў пачаў глядзець.
Усё было быццам тое ж самае, але ўжо і не тое, бо нешта змянілася, ці яму нагадалася, хіліла ў сон, ён пазяхнуў, вочы самкнуліся, думкі пачалі блытацца, але неспадзявана ўздрыгнуў і сэрца яго закалацілася – звягнула пустая бляшанка, значыць, спрацавала сігналізацыя, і тут жа ўбачыў, як да асветленага акна хаты-падманкі крадзецца цень.
Ён намацаў ружжо і бязгучна выслізнуў за дзверы, прабег у цемры па вуліцы і ўбачыў постаць незнаёмага, які, хаваючыся, зазіраў у асветленае акно; ціха скараціў адлегласць, не выпускаючы таго з поля зроку: незнаёмец стаў бокам і зноў зазірнуў у акно. У святле месяца, што выбег з-за хмары, Антон Лашкевіч убачыў у яго руцэ пісталет.
Мінула хвіліна, другая. Незнаёмец нырнуў пад акном і, крадучыся, падышоў да дзвярэй. Зразумелыя былі яго думкі: калі ў хаце гарыць святло, значыць, там нехта ёсць, і трэба паспрабаваць ціхенька адчыніць дзверы. Незнаёмец сапраўды абмацаў клямку на верандзе і пацягнуў на сябе. Дзверы нават не рыпнулі, і ён, – а цяпер Антон Лашкевіч не сумняваўся, што гэта быў «магіла», іх цяперашні выканаўца прысуду, – праслізнуў унутр. Зараз ён адчыніць дзверы ў хату і трапіць у святло. Антон Лашкевіч перабег паласу травы, апынуўшыся ў цені хлеўчука, убачыў, як дзверы пачалі ціха расчыняцца, і постаць незнаёмца трапіла ў святло, і тады скамандаваў:
– Кідай ствол, ну, хутка!
І адступіў убок, і правільна зрабіў, бо незнаёмец крутануўся і стрэліў на голас. Антон Лашкевіч адначасова націснуў на курок – «тулка» выбухнула полымем, незнаёмец дзіка крыкнуў і зваліўся ў дзвярах.
Незнаёмец ляжаў на падлозе, сціскаючы рукамі жывот, газавы пісталет, перароблены на баявы, валяўся побач. Антон Лашкевіч нагой адкінуў яго, нахіліўся і ўбачыў хлопца гадоў дваццаці пяці з гожым тварам, які глядзеў на яго чорнымі, вар’яцкімі вачыма. Ён пазнаў яго.
– Ты адзін? Выцягнуў з яго кішэні нож і дадаў:
– Гавары, ну.
– Не забівай! – прахрыпеў хлопец.
– Адзін прыйшоў? А хлопец выдыхнуў:
– Перавяжы, я жыць хачу, не забівай!
Антон Лашкевіч расхінуў хлопцу куртку, кашуля была ў крыві, на жываце пульсавала рана, ён закрыў яе, а хлопец спяшаўся, прасіў:
– Дапамажы!
– Дзяўчыну ты апусціў? – спытаў Антон Лашкевіч. – Ты і ёсць так званы Разак? Ну, вось і сустрэліся.
Хлопец засоўгаў рукамі.
– Баліць, ай як баліць. Ён ікнуў, твар у яго бляднеў.
– Яны прыйдуць сюды разам, і табе гамон.
– Мне і трэба, каб усе, – сказаў чалавек на прозвішча Антон Лашкевіч. Хлопец зноў залямантаваў:
– Памажы! Але раптам асунуўся долу і крыкнуў хрыпла:
– Ну, страляй, сука! Страляй!
Але Антон Лашкевіч забраў пісталет і выглянуў за дзверы веранды. На панадворку было ціха, толькі з хаты несліся стогны і енк, а потым ён вярнуўся і ўбачыў, што ў хлопца пачалася агонія, ён шкроб рукамі падлогу, а неўзабаве выцягнуўся і заціх. Антон Лашкевіч падняў яго, падцягнуў да крэсла і пасадзіў, рукі і галава мёртвага ўпалі на стол, са спіны здавалася, што ён спіць седзячы. Чалавек па імені Антон Лашкевіч праверыў лямпу, кнот гарэў добра, і выйшаў з хаты.
Ён у цемры дабрыў да свайго двара, знайшоў бочку з вадой і памыў у ёй рукі, потым зайшоў у хату, зачыніў дзверы, паклаў ружжо на стол і зноў лёг на ложак.