Читать книгу Шал (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 7

Аповесці
Пераход
6

Оглавление

– Ну вось, калі ты мне ўсе карты выклала, то паслухай і маю праўду, – сказаў чалавек па імені Антон Лашкевіч. – Але, можа ты хочаш спачатку паесці, цябе там хоць кармілі?

– Я вады вып’ю.

– Добра, потым паясі, – ён прынёс ёй вады ў бутэльцы і дадаў: – Пі з рыльца.

– Чаму? Вось жа конаўка.

– Не. Скажу табе адразу: мая праўда ў тым, што я небяспечна хворы. Можаш заразіцца.

– Дзіўна, – яна няўцямна глядзела на яго, – вы такі здаровы на выгляд дзядзька.

– Мяне завуць Антон, – сказаў ён, – і – давай на «ты».

– Як скажаце… як скажаш. І на што ты хворы, калі не сакрэт?

– На хваробу. Лепш табе не ведаць.

– Ды я ўжо амаль і здагадалася. СНІД? Дык зараз тысячы «вічнікаў» ходзяць па вуліцах. Я і то некалькіх ведаю.

– Не, – сказаў ён, – цёпла, але яшчэ далёка да гарачага. Ты пакуль адпачні – там у другім пакоі канапа ёсць, а потым будзем вырашаць, што рабіць далей: прыйдзецца адвезці цябе ў горад і, не марудзячы, у райаддзел міліцыі. Там усё ім раскажаш, як і што.

– У горадзе мяне ніхто не чакае, – пасля роздуму пачала яна разважаць. – Кватэра ўжо даўно не мая, дык куды мне ісці? На вакзал? А ў мянтарню я не пайду. І зліваць ім нічога не стану, аніякай інфармацыі.

– Гэта яшчэ чаму? – спытаў ён незадаволены.

– Няўпэўнена, што мне дапамогуць.

– Але ж трэба нешта рабіць.

– Пажыву крыху тут, калі вы… ты не супраць. У хаце прыбяру, суп які звару, вось толькі баюся, што яны сюды вернуцца. Праверыць, як і што.

– Зброя ў іх ёсць?

– Так. Пісталет, наган і аўтамат.

– Аўтамат? «Калашнікава»?

– Але. Так і называлі – «калаш».

Калі ён пачуў пра аўтамат, то міжволі моцна ўстрывожыўся. Супраць аўтамата ён са сваёй стрэльбай – нуль, патэнцыйны нябожчык. Заваляць, і на вялікай адлегласці, як жывёлу. Уся надзея толькі на тое, што яны зоймуцца сваім і не прыйдуць. А то ўвогуле сыдуць адсюль, сцерагуцца ж яны ад радыяцыі, ці іх накрые дзе-небудзь міліцэйскі патруль, альбо затрымаюць памежнікі.

Дзяўчыну, якая назвала сябе Лідкай, часам усё яшчэ нервова калаціла, і ён выйшаў на падворак, сарваў сцябло пустырніка – тут яго было шмат – і, распаліўшы ў печы, заварыў чай, даў ёй выпіць, сам прыгатаваў ёй спаць. Яна паслухмяна пайшла ў суседні пакой і неўзабаве сапраўды заснула.

Праблема, якую нечакана ён нажыў, між тым не давала яму спакою. Што рабіць з гэтай маладой і даверлівай істотай, якая так нечакана прыбілася да яго? А даверлівых ён ніколі не крыўдзіў, бо лічыў гэта за вялікі грэх. Тут доўга быць ёй не выпадае – з-за яго хваробы, у горадзе ж яна загіне без жытла і падтрымкі, а хутчэй за ўсё зноў апынецца рабыняй, ці яе проста знішчаць як небяспечную сведку, што найбольш верагодна.

Ён збольшага ведаў псіхалогію тых «удальцоў», якія згрупаваліся ў адну з тутэйшых банд і беспакарана гуляюць цяпер тут, у зоне адчужэння. Гэта яны, заражоныя вірусам 90-х гадоў, у істэрычным, на мяжы тупой маніякальнасці, жаданні ўзбагацець любым шляхам, не спыняцца зараз ні перад чым. І ўвогуле, меркаваў ён, увесь гэты край, дзе ў вёсках не ведалі замкоў, раптоўна можа апынуцца цалкам безабаронным перад нашэсцямі новых прыхадняў, якіх будзе гнаць сюды жаданне паразітаваць, ці пагоняць наступствы чарговай праблемы – глабальнага пацяплення, напрыклад; альбо звычайнай неўладкаванасці ў сябе дома, дзе становіцца не так лёгка жыць падманам, і шмат яшчэ чаго іншага.

Урэшце ён вырашыў, што праз пэўны час усё-такі пераправіць дзяўчыну менавіта ў горад, і ўспомніў, дарэчы, што ў яго там ёсць добры знаёмы, таксама былы вайсковец, які здолеў уладкавацца камендантам у інтэрнаце, і той быццам не павінен яму адмовіць, а ў любога каменданта заўсёды знойдзецца заначка ў выглядзе якога невялічкага пакойчыка. На пачатак ёй трэба будзе пажыць там і не вельмі высоўвацца, ні ў якім разе не з’яўляцца паблізу сваёй былой кватэры, пакуль не пракансультуецца з юрыстам і ўсё-такі заявіць у міліцыю.

Да цемнаты ён зноў праверыў сваю дротавую сігналізацыю і прыстасаваў вакол хаты яшчэ адну. Калі хто сюды завітае ноччу, то ён абавязкова пачуе.

Назаўтра дзяўчына, якая назвала сябе Лідкай, актыўна дапамагала яму ў хаце, прыбрала, нарыхтавала нешта з ежы, але ён адразу папярэдзіў яе, што яна будзе есці з асобнага посуду, а не з таго, якім карыстаўся ён, і забараніў ёй днём выходзіць на падворак, між іншым пацікавіўшыся ў яе, ці не бачыла яна ў сваіх былых крыўдзіцеляў бінокля. І дзяўчына ўспомніла, што так, сапраўды бачыла.

Спакваля ён назіраў за ёй: як яна завіхаецца ля печы, а распальваць яна не ўмела, ён рабіў гэта сам; мые бялізну – непадалёку быў калодзеж, таму раней ён і выбраў гэтае месца і гэтую хату; як аднойчы, нагрэўшы вядро вады, мылася на падворку голая, амаль не саромеючыся яго; ён тады думаў пра тое, што яго самота будзе яшчэ большай, калі дзяўчына сыдзе, а так – ён быццам пачаў ужо з ёй, адзінотай, звыкацца.

Ён заўважыў, што ўцякачка, якая назвала сябе Лідкай, – па-свойму прыгожая. Рослая, светлавалосая, вузкая ў клубах, з невялікімі грудзямі. Праз сваю даверлівасць, думаў ён, нашыя жанчыны часта дастаюцца ўсялякай хітрай навалачы. Была яна разумнай? Вядома, так, але ў звычайных межах, ва ўсякім разе ён ніколі не пачуў ад яе чагосьці незвычайнага ці дасціпнага: урэшце, у яе становішчы не да такіх тонкасцяў. Да таго ж, меркаваў ён, паміж імі два дзесяцігоддзі розніцы.

Тым не менш, паміж сабой яны гаварылі мала, перакідваліся словам-двума, больш маўчалі, але ён адчуваў у гэтыя хвіліны, што ім абодвум спакойна.

Ён падрабязна распытаў яе, як далёка адсюль і дзе перавалачная хата тых наркакур’ераў. Бандытаў было трое: двух ён ужо бачыў, а трэці пакуль не з’яўляўся, але, як ён высветліў, – гэта быў той самы, хто непасрэдна «кінуў» яе, выкраў, завёз у зону і прымусіў стаць іхняй паслугачкай. Той, каго яна даверліва калісьці пакахала.

Тут ён пацікавіўся пра тое, аб чым ужо даўно хацеў спытаць, але пакуль усё не вырашаўся:

– Цябе там гвалцілі?

І яна знерухомела на імгненне – не чакала – а потым адказала абыякава:

– Не сумнявайся.

І ў той жа дзень спытала пра тое, ці ёсць у яго сям’я, і чаму ён жыве тут, у зоне, можа, калі ён сапраўды хворы, яму варта было заставацца ў горадзе, пад наглядам лекараў.

Ён цярпліва адказаў, што сям’я ёсць, жонка і дачка, але ён сышоў з дому, каб не заразіць іх, – яго хвароба выключна заразная і, дарэчы, невылечная, але бывае і так, што звычайна для заражэння патрабуецца працяглае сямейнае сужыццё, ёсць нават пра яе такі тэрмін: «хвароба сямейнага ўжытку», і не толькі гэта, а і павышаная імунагенная ўспрымальнасць. Можна заразіцца і адразу – тут шмат цёмнага. І жонку, і дачку праверылі, – дадаў ён, – на шчасце, аналізы былі добрыя.

– Вось бачыш, – усміхнулася яна, – ты столькі пражыў з імі – і ніхто не пацярпеў.

Ён нічога не адказаў на гэта, але заўважыў, што яна дэманстратыўна пачала есці з яго посуду, піць ваду з агульнай конаўкі, хоць ён даў ёй на гэта паўлітровы слоік, знойдзены на верандзе, часам апранаць яго штармоўку ці ватоўку, і ўвогуле ўсутыч завіхалася каля яго.

Шал (зборнік)

Подняться наверх