Читать книгу Шал (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 9
Аповесці
Пераход
8
ОглавлениеНа досвітку яны выйшлі з хаты і больш за дзве гадзіны прабіраліся ўжо знаёмай яму сцежкай праз лес, выйшлі з зоны, ехалі на аўтобусе, пакуль урэшце на пачатку дня не набрылі да чыгуначнай станцыі. Ружжо, якое ён нёс на сабе, перад тым як садзіцца ў транспарт, ён разабраў на тры часткі: прыклад, цаўё і ствол. Паасобку яны змясціліся ў яго дарожнай сумцы і не прыцягвалі лішняй увагі.
У электрычцы, хоць перадусім ён паспеў пагаліцца, абодва ў сваёй вопратцы нагадвалі бамжоў, але іх ніхто не заўважаў – бамжы раз-пораз так і вандруюць – парамі.
Лідкіна кватэра, як ён і здагадваўся, ужо была перапрададзеная, і не адзін раз, а двойчы. Тут наскокам разбірацца не мела сэнсу, новыя жыльцы з ім проста не пажадалі гаварыць. Гэтая справа, меркаваў ён, павісне надоўга, і нават у пракуратуры ад падманутых заўсёды ледзь не адмахваюцца: куды глядзелі раней? Самі і вінаватыя, калі вас разводзяць на лохаў. У чымсьці яны мелі рацыю.
Затое пашанцавала з даўнім знаёмым, камендантам інтэрната. Той сустрэў яго добразычліва і выслухаў з разуменнем. Не задаваў лішніх пытанняў, бачыў, што наведвальнікам не да тлумачэнняў. Гэта быў сціплы на словы, сярэдняга ўзросту, хударлявы, яшчэ адносна малады чалавек з сівымі на выгляд скронямі. Калісьці, думаў Антон Лашкевіч, іх, нібы сляпых, сляпыя ж правадыры гвалтам загналі ў горы чужой краіны, дзе іх шукалі кулі і заядалі вошы. Камендант, бадай, таксама на сваім асабістым Пераходзе, вось толькі адзіноты, пэўна, пазбаўлены. Хоць, хто ведае чужое жыццё?
Камендант паказаў ім пакойчык, уручыў дзяўчыне ключ і ў сваю чаргу папрасіў яе папрацаваць тут які месяц-два за прыбіральшчыцу – зарплата, вядома, невялікая, але ж у яе становішчы выбіраць не даводзіцца. Хіба не так?
Яна з удзячнасцю згадзілася, і камендант пайшоў.
– Ну, мне пара, – сказаў Антон Лашкевіч. Дзяўчына знерухомела.
– Куды ты пойдзеш? Да жонкі?
– Не. Мне трэба вяртацца назад.
– Але ж гэта… гэта самагубства. Яны… Ён перасцерагальна зрабіў ёй знак замаўчаць. – Іх усяго трое, і мяне вучылі ваяваць, а іх – не.
– Ты ж адзін, і ты, як кажаш, хворы.
– Сапраўды, адзін я, Госпадзі, – прамармытаў ён.
– Пра што ты? Мне за цябе страшна, зразумей.
Тым больш, з-за мяне ўсё, я вінаватая. Ён паціснуў плячыма.
– Якая розніца.
– А мне што рабіць? Пайсці з заявай, як ты раіш? Дык яны мяне адшукаюць і тады што?
– Цябе возьмуць пад абарону. Урэшце, як хочаш. Табе вырашаць. Шукаць цябе, на маю думку, ніхто не будзе, бо яны зразумеюць, што рабіць гэта ўжо позна. Будуць думаць, што ты збегла, запалоханая, як мага далей.
– Згода. Я ўсё зраблю, як ты кажаш. Зробім разам. Ты толькі не сыходзь.
Ён паклаў на тумбачку рэшткі грошай, якія знайшоў у кішэнях.
– Бывай, Лідка, – сказаў ён. – Дзякуй і табе за ўсё. Можа пабачымся.
Ён расчыніў дзверы, азірнуўшыся напаследак – Лідка з пакутлівым выразам на твары стаяла пасярэдзіне ўбогага пакойчыка, сціснуўшы рукі, і глядзела на яго. Ён выйшаў.
Чалавек па імені Антон Лашкевіч не стаў заходзіць ні да жонкі, ні да дачкі, нават званіць ім – усё гэта было даўно ў мінулым. К вечару ён зняў з рахунку грошы, напакаваў сумку прадуктамі і неўзабаве апынуўся на вакзале, дзе сеў у электрычку. Цягнік крануўся, і горад паплыў назад ліхтарамі, светлафорамі, вокнамі, за якімі рыхтаваліся спаць ці ўжо спалі, і вокнамі, за якімі скакалі пад музыку і пілі гарэлку мужчыны і жанчыны, злачынцы і іх ахвяры, проста шукальніцы прыгод і проста шлюхі, гандляры, якія меркавалі, як пераступіць закон, і тыя, хто ўжо яго пераступілі, і ўсе людзі, безабаронныя перад абставінамі і перад лёсам.
Нейкі жвавы стары, з катэгорыі тых, хто не выносіць адзіноты, што сядзеў насупраць, памкнуўся распачаць з ім гутарку, дарога ж доўгая, і пацікавіўся, куды ён едзе з такой вялікай і, як бачна, цяжкай сумкай, і ён усміхнуўся і адказаў:
– У Амстэрдам.