Читать книгу Шал (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 4
Аповесці
Пераход
3
ОглавлениеШмат перадумаўшы, чалавек па імені Антон Лашкевіч прыняў рашэнне з’ехаць у зону адчужэння і жыць менавіта там: па-першае, у зоне можна знайсці жытло, якую-небудзь кінутую хату, па-другое, ён будзе там адзін, ну, а па-трэцяе, яму, былому сялянскаму хлопцу і вайскоўцу не прывыкаць да выжывання ў экстрэмальных умовах. Ён яшчэ ў сіле, будзе ўжываць медпрэпараты, якія яму выпісалі, і яму не складзе вялікай праблемы назапасіць на зіму дроў, схадзіць за дзесяцьпятнаццаць кіламетраў у прадуктовую краму і прынесці адтуль рукзак з прадуктамі, падстрэліць якога дзікага звера, рыхтаваць сабе такую-сякую ежу. Жылі ж раней людзі ў натуральных умовах і выжывалі, нават паспяхова працягвалі свой род. Праблема была толькі ў адным: ці здолее ён быць абсалютна адзінокім. Але ж жыў так у сярэднявеччы Святы Лазар, таксама адзначаны гэткай жа, як і ў яго, жахлівай хваробай, часам і называюць яе менавіта хваробай Святога Лазара. Жывуць жа неяк астатнія хансенознікі, а ў свеце іх нямала – як ён даведаўся ад доктара, больш за пятнаццаць мільёнаў.
Прайсці ў зону аказалася нескладана. Хату, у якой, ён лічыў, спыніцца надоўга, ён знайшоў праз некалькі дзён. Вёска, да якой яна калісьці належала, была даўно кінутая, напалову спаленая, засталіся толькі некалькі расцягнутых, разрабаваных дамкоў, зарослых пустазеллем. Дзесьці ў дзясятку з гакам кіламетраў дыхаў закратаваны ў саркафаг, але так і не ўтаймаваны рэактар. Радыяцыя? Ён вырашыў, што яму ў гэтай сітуацыі не дадзена права выбару – што ёсць, тое і будзе. Жывуць людзі і ў радыяцыі.
Туга апаноўвала яго, асабліва вечарамі, калі згасала святло, а далёкае сонца хуткаплынна скатвалася за далягляд і ўрэшце знікала за сцяной лесу. Але ж была ў гэтым тужлівым адчаі і нейкая своеасаблівая псіхалагічная асалода: вось, меркаваў ён, я дайшоў да апошняй рысы, гэта край, але ж я не скараюся і не апускаюся да ляманту, праклёнаў і пустых і бяссэнсавых нараканняў на свой лёс, які ўгатаваў яму такую пастку.
А потым ён заўважыў, што зона – жывая. На тэрыторыю, якую ён лічыў ужо сваёй, часам забягалі дзікі, але, учуўшы чалавека, адразу знікалі, дзесьці паблізу блукаў сабака – няблага было б яго прыручыць, іншым разам меркаваў ён, праляталі птушкі, выкідваў з падземнай схованкі зямлю крот, неяк ён убачыў лісіцу, а потым амаль з-пад ганка яго хаты выпаўз на сцежку вуж. Але не гэта было самым важным. Аднойчы ён пачуў далёкія галасы людзей, але хоць і застаўся чакаць – да яго так ніхто і не наведаўся, а потым неяк заўважыў, што на ўскрайку леса бліснуў сонечны зайчык, – як ён адразу вызначыў, гэта было шкло бінокля: значыць, за ім нехта сачыў.
Ён стаў больш пільны, правёў вакол хаты непрыкметную дротавую сігналізацыю, а ў ствалы ружжа ўставіў па патроне і трымаў яго заўсёды пад рукой.
Вечарамі і з надыходам цемнаты чалавек па імені Антон Лашкевіч ляжаў і думаў пра ўсякае. Ці кахала яго па-сапраўднаму жонка, якая засталася дзесьці там, у вялікім горадзе? А дачка? Як яна паставілася да яго знікнення? Што такое, напрыклад, святасць? І ці сапраўды яна – адна рэальная рэч, а ўсё астатняе – безнадзейныя крыкі ў цемры? Ці жыў ён, напрыклад, па тэме заданай яму аднекуль з нябачнай вышыні, альбо цяпер, ужо на Пераходзе, расцярушыў сваё жыццё на дробны, неістотны друз? Ці дасягнуў ён сваёй мэты? Ці была яна ў яго ўвогуле? Можа, спадзяваўся ён, у яго яшчэ не ўсё страчана, а татальная адзінота, якая звалілася на яго, нясе ў сабе шанц на своеасаблівую душэўную перамогу?
Дагэтуль усё яго жыццё забірала войска. Магчыма, калі б ён рос у забяспечанай сям’і, ён выбраў бы сабе іншы шлях. Часам ён адчуваў неасэнсаваны ўнутраны покліч да вайсковага парадку, але калі шчыра – ён не любіў армію, марыў – а служыць да сарака пяці яму заставалася зусім няшмат – заняцца потым зусім іншым: прачытаць шмат кніжак (а ён любіў чытаць і выкарыстоўваў дзеля гэтага кожную вольную хвіліну), засесці за камп’ютар, завесці якую сваю справу альбо падступіцца да чаго-небудзь, што яго апошнім часам цікавіла, – парапсіхалогіі, напрыклад. Цяпер усё гэта – пустыя мары, а рэальнае толькі адно – зарослая пустазеллем, кінутая хата і яго абсалютнае адзіноцтва.