Читать книгу Яблыневы Маёнтак - Аляксандар І. Бацкель - Страница 10

жыць

Оглавление

Гаспар К. прачнуўся, прыняў душ, выпіў кавы ўпрыкуску з кавалачкам шакалядкі, апрануўся ў горад, узяў торбу, паклаў туды гаманец, ключы ды мабільны тэлефон і, замест таго каб ісьці на працу, вырашыў зьмяніць лад свайго жыцьця, бо яму раптам усё падалося досыць нудным, шэрым і бессэнсоўным.

Гаспар К. выйшаў з дому і пайшоў у невядомым кірунку. ішоў ён так каля гадзіны, пакуль сапраўды не заблукаў, бо кожныя трыста крокаў ён збочваў па чарзе то ў левы бок, то ў правы, і такім чынам апынуўся ў невядомых мясьцінах, але гэтага яму было мала, каб зьмяніць жыцьцё, і ён злавіў таксоўку і наказаў кіроўцу, каб той вёз яго такім чынам: тры кілямэтры проста, а потым паварот у правы бок, ізноў тры кілямэтры проста, а потым паварот у левы бок, і так ён мусіць праехаць сто кілямэтраў.

праехаўшы сто кілямэтраў, Гаспар К. заплаціў кіроўцу, які глядзеў на яго вялікімі вачыма, і выйшаў з машыны акурат на бераг невядомае ракі.

Гаспар К. ішоў па беразе доўгі час, і недзе бліжэй да шостай ён знайшоў стары човен, на якім спусьціўся па рацэ на восемдзесят кілямэтраў і ступіў на бераг акурат у цэнтры абсалютна невядомага гораду.

Гаспар К. завітаў у бліжэйшую кнайпу, выпіў мясцовага піва, зьеў тры беляшы і пайшоў у бліжэйшы шматпавярховік, дачакаўся, пакуль з пад’езду хтосьці выйдзе, увайшоў, спыніўся каля ліфта і пачакаў, пакуль той сам адчыніць перад ім дзьверы, ступіў у кабіну і з заплюшчанымі вачыма націснуў на кнопку.

Гаспар К. прыехаў на чацьвёрты паверх і таксама з заплюшчанымі вачыма націснуў на званок.

ён пазваніў у кватэру нумар сорак чатыры, і яму адчыніла дзьверы жанчына. яна глядзела на Гаспара К. зь цікавасьцю, бо той быў апрануты ня так, як прынята ў іхным невялікім горадзе, і да ўсяго пазваніў у дзьверы аб адзінаццатай.

я Гаспар К., я раніцай выйшаў з дому, каб зьмяніць жыцьцё, і цяпер я буду жыць у вас.

нават ня ведаю, што вам сказаць, у мяне трое дзяцей, муж і маці, і ўсе мы жывем у трохпакаёўцы. можа быць, толькі калі на кухні… але вы праходзьце, ужо позна, вы напэўна стаміліся… хм… ну калі лёс, кажаце, то чаму б і не пажыць вам з намі, але вы будзеце другім мужам, першынство вам ніхто не дасьць, – адказала жанчына, якая акурат на днях бачыла сон, быццам бы да яе ў дзьверы пазваніў незнаёмец.

Яблыневы Маёнтак

Подняться наверх