Читать книгу Яблыневы Маёнтак - Аляксандар І. Бацкель - Страница 21

пляншэтнік

Оглавление

Міхась зь дзяцінства быў вялікім аматарам кніг, ён зьбіраў сваю адмысловую бібліятэку, калекцыянаваў кнігі сэрыямі і меў такіх самых сяброў, каб было пра што пагутарыць, чым абмяняцца, але аднойчы, калі яму споўнілася дваццаць тры, ён, доўга вагаючыся, усё-ткі вырашыў набыць сабе пляншэтнік, каб адразу шмат кніг з сабою насіць, сядзець у анлайнбібліятэках, пісаць на лайвліб рэцэнзіі.

першы месяц для Міхася прайшоў непрыкметна хутка, бо ён заліў адразу шэсьць кніг Набокава, вырашыў перачытаць аднаго зь любімых пісьменьнікаў. потым ён засеў за пляншэтнік грунтоўней і напампаваў адразу ўсе кнігі Рамэна Гары і Луі Фэрдынанда Сэліна, пачаў чытаць спачатку «Белага сабаку», але пасьля трох старонак перакінуўся на «Падарожжа на край ночы», прачытаўшы пяць старонак, ён успомніў, што калісьці пачынаў чытаць «Абяцаньне на досьвітку», і пачаў чытаць гэтую кнігу, зрабіў праз восем старонак закладку і выйшаў у галоўнае мэню, бо, калі пачаў чытаць, захацеў упэўніцца ў аўтабіяграфічнасьці кнігі, і з браўзэра на яго пасыпаліся ўкладкі: вікіпэдыя, лайвліб, фан-сайт аўтара, колькі камэнтароў з форумаў і некалькі старых сайтаў з пыльнаю інфармацыяй… праз гадзіну Міхась ужо гартаў Хэмінгуэя, бо пасьля сёрфінгу па сайтах апынуўся па спасылках на сайце Хэма, таму што аб’ядноўвала двух пісьменьнікаў самагубства, ды яшчэ калі да гэтага далучыць высокае стаўленьне да Хэма і порцыю эпігонства яго творчасьці самім Букоўскі… які ў сваю чаргу лічыў геніем Сэліна… карціна набывала вусьцішны лес цытат і біяграфій… так Міхась, пачаўшы некалькі дзясяткаў кніг, ня скончыў ніводную. усё неяк па-хуткаму, адкідаючы раманы дзеля таго, каб пагугліць, удакладніць, а таксама праверыць пошту, працытаваць і лайкнуць той ці іншы пост у фэйсбуку альбо пазначыць у сваім статусе штосьці кшталту: «ізноў адкрываю для сябе Гюго».

насамрэч які там Гюго?! Міхась усё часьцей пачаў адкрываць замест кніг браўзэр па справах і не. гэта стала своеасаблівым рытуалам: прачнуўся, уключыў пляншэтнік, праглядзеў пошту, сацсеткі, адкрыў-закрыў кнігу, пагуляўся ў «Цукеркі Краш», потым праверыў, ці аднавілася гульня «Жэлешкі Сплэш», потым прачнуўся… і з кожным новым месяцам запампаваныя кнігі з закладкамі на першых старонках усё множыліся, і, калі б яны мелі сваё фізычнае ўвасабленьне, даўно ўжо ўяўлялі б сабою адну вялікую купу кніг – клясычная прыкмета сучаснага сьвядомага шараговага чалавека, якому патрэбная мазаічная павярхоўнасьць, кароткая, хуткая і каб не напружвала.

Яблыневы Маёнтак

Подняться наверх