Читать книгу Яблыневы Маёнтак - Аляксандар І. Бацкель - Страница 5

сэнс

Оглавление

няма нічога больш бессэнсоўнага, чым чалавечае стаўленьне да сэнсу жыцьця і сьмерці, бо жыцьцю нельга надаваць шмат сэнсу, а сьмерць ня трэба ўводзіць у стан сакральнага, паколькі жыцьцё ўжо само па сабе – дзіўны стан існаваньня на мяжы з абсурднаю «барацьбою» між тым, як знайсьці сябе і сваё месца, і новымі батончыкамі «сьнікерс»: «забі на голад: еш, глядзі футбол, пі піва».

калі сапраўды на гэтае жыцьцё паглядзець аб’ектыўна – мы існуем выпадкова, і нашыя сьмерці ня мусяць быць для нас чымсьці высокім і пампэзным. сёньня, напрыклад, жанчына памерла, бо карова, якую яна вяла дадому (дарэчы, незразумела, дзе яна яе вяла!) спужалася аўтамабільнай сыгналізацыі і штурханула сваю спадарыню, а тая ўпала і галавою ўдарылася аб машыну, якая была запаркаваная побач.

добра, а цяпер уявіце – нашыя дзяды вадзілі кароваў з пашы ў кардынальна іншых умовах: не было ніякіх сыгналізацый і дакладна немагчыма было ўпасьці ад таго, што цябе штурханула карова, калі ты яе вёў з лугу, дзе тая ела канюшынку, праз запаркаваныя машыны. і галавою акурат аб «фольксваген»…

а як людзі камэнтуюць такую сьмерць! – «тупая сьмерць», «сьмешна»… можна падумаць, яны тут усе на гэтай плянэце памруць пад фанфары ды з гонарам, і пры гэтым будуць выглядаць як валадары і анёлы.

усё падаецца сьмешным і зусім не патрэбным, калі спрабуеш паглядзець, як і што адбываецца навокал, напрыклад, вачыма майго сабакі Карнэля, для якога сусьвет – дасканала зразумелы, лягічны і прыўкрасны. і, калі я спрабую спасьцігнуць яго разам з Карнэлем, я адразу ўспамінаю словы аднаго выбітнага і амбітнага амэрыканскага стэндап-актора Джорджа Карліна аб тым, што, можа быць, сэнс існаваньня людзей у тым, што Богу быў патрэбны плястык? людзей ня стане, як бы яны ні паміралі – ад каровак, альбо ўпаўшы з ложка, з гонарам, аточаныя сваімі дзецьмі, альбо прыгожа праз каханьне, альбо зусім ніяк, бо іх заб’юць блізкія сябры, якім пра забойства казалі шэптам на вуха коткі або нарэзаны тонкімі скрылькамі сыр.

пасьля нас застанецца толькі плястык, які зямля ня здолее перастрававаць, а ўсё іншае – згарыць і згніе на гэтай сьвятой і трывушчай Зямлі.

Яблыневы Маёнтак

Подняться наверх