Читать книгу Яблыневы Маёнтак - Аляксандар І. Бацкель - Страница 3

вада

Оглавление

вада для мяне асабіста ня толькі вадкасьць, якая робіць мяне жывым і зьяўляецца асноўным складнікам майго арганізму. вада для мяне ў першую чаргу стыхія, падмурак жыцьця. і зразумела, што для людзей, самых сумнеўных істотаў гэтай плянэты і падобных хутчэй да мурашоў, ніж да заваёўнікаў і цароў Зямлі, вада – элемэнт першай неабходнасьці. і мне падабаецца гэтая вадкасьць, і мне вельмі прыемна адчуваць на сваёй галаве кроплі дажджу, і вось ужо які дзень запар ідуць залевы… і мой маёнтак, што знаходзіцца ўсяго на некалькі мэтраў вышэй за іншыя, суседнія, аточаны цяпер рэкамі і рачулкамі, і я адчуваю, як лёгка магу скаціцца разам з домам уніз і паплыць кудысьці далёка, туды, за гарызонт, дзе вада вадаспадам ляціць у космас і з аблокамі вяртаецца, і сіні кіт плыве ў далячынь, нясе плянэту ўсё далей і глыбей у бязьмежны сусьвет, ажно пакуль усё не ператворыцца ў адну маленечкую кропку на зялёным небасхіле для іншых істот-мурашоў, якія так залежаць ад сьвятла, што фотасынтэзуюць усё навокал.

для мяне вада як стыхія стаіць на першым месцы, а за ёю па чарзе ідуць зямля, паветра і агонь, і я бачу людзей праз прызму стыхій, і мне падаецца, што ўсе людзі адпавядаюць той ці іншай стыхіі, і калі на сьвет зьяўляецца геній, а гэта бывае раз на стагодзьдзе, то гэта ўжо пяты элемэнт. элемэнт, датычны альхіміі…

думаю, усе мае погляды на стыхіі можна пабачыць – як звонку, так і між радкоў – у маім першым рамане.

Яблыневы Маёнтак

Подняться наверх