Читать книгу Яблыневы Маёнтак - Аляксандар І. Бацкель - Страница 12

хуткасьць

Оглавление

чалавек, які хутка жыў, не любіў чэргі і чаканьне ў любых праявах. ён шалёна сьпяшаўся выканаць усё як мага хутчэй, каб пасьпець з плянамі, пасьпець нажыцца, надыхацца, набегацца, накахацца. усё ён выконваў хутка і пасьпешліва і праз гэта пакутаваў: апошнія кроплі траплялі ў сподняе, выпітая вялікімі і хуткімі глыткамі вадкасьць даводзіла да ёкаўкі, адрыжкі й дыярэі, канчаў ён хутка, бо колькі можна рухацца, спаў кароткімі снамі, працаваў так: выканаў хутка ўсё як мае быць па пляне – і рэшту вольнага часу сядзеў ды глядзеў на гадзіньнікі, подумкі прысьпешваючы хвілінную стрэлку.

ён аднойчы ехаў у тралейбусе, і той так доўга і марудна рухаўся, што наш герой ня вытрываў, кінуўся да кабіны кіроўцы ды пачаў крычаць на яго: «а ну давай, а ну хутчэй, сьмялей цісьнем газ, хутчэй, хутчэй, хутчэй!» – і кіроўца праскочыў на сьветлафор, які ўжо міргаў, што для тралейбуса – цуд.

чалавек быў нястрымным у сваім тэмпе, ён нават старэў хутчэй за астатніх, быццам і ў гэтым сьпяшаўся. можа быць, ён бы і памёр самотным, бо хто ж будзе зь ім жыць, калі той не жыве, але кожны час спаборнічае за любую хвіліну, як аднойчы, калі ён бег па бегавой дарожцы ў спорт-клюбе і лічыў свае рухі, да яго падышла жанчына, новы інструктар, і агаломшыла яго: «а ну-ка ногі ў рукі і пайшоў шпарчэй! што гэта за млявасьць! раз, два, раз, два, хутчэй, хутчэй, хутчэй!»

і хуткі чалавек закахаўся, і гэта здарылася зь ім імгненна і незваротна.

Яблыневы Маёнтак

Подняться наверх