Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 24

І
Электрычка да Стакгольма
23

Оглавление

На пачатку семестра, каб лепш пазнаёміцца, мы згулялі ў “снежны ком”. Трэба было называць сваё імя, казаць, што ты любіш рабіць, а потым паўтараць усё, што сказалі астатнія перад табой. Я сядзела апошняя.

“Мяне завуць Алена, я люблю фатаграфаваць, Ніна любіць чытаць кнігі, Зэйн – катацца на ровары, Ванг Вэй – слухаць музыку, Ясмін любіць жыццё, Сулаф любіць падарожнічаць, Эміко – гатаваць, Тунтэматон любіць трэніравацца, Фартун любіць гаварыць”.

Фартун – усмешлівае дзяўчо з Самалі, яна суседзіць з Тунтэматон у Нургордэне і часта займаецца з нашай групай. Яе куратар – Лопэ з фатаграфічнай лініі, гэтак жа, як і ў Эвеліны.

Фартун можа размаўляць толькі гучна. Яна нават выказала сваё захапленне тым, як мы з Нінай умеем перамаўляцца шэптам.

– А вось ты, наадварот, гаворыш вельмі голасна! – зрабіла ёй заўвагу Эміко, якая часта абураецца, калі Фартун перабівае выкладчыцу Марту.

Тунтэматон жа мяркуе, што Фартун проста кепска чуе і таму так гучна размаўляе.

– Я хацела пафарбаваць валасы ў срэбны і ўнізе блакітны, – распавядае Фартун на перапынку, – а цырульніца кажа, што больш пасавалі б чырвоныя адценні, “бо вы ж афрыканка”. Але я ўсё адно мару пра срэбны!

Пакуль жа яе дробныя кудзеры залацяцца на сонцы, як навюткі каштан, толькі што вызвалены ад скуркі.

Зэйн хаміць Фартун, можа сказаць ёй па-арабску “Заткніся!”, а нядаўна скамечыў і кінуў у сметніцу аркуш з заданнем, які яна папрасіла перадаць Ванг Вэю, бо той праз працу раней сышоў з урока.

Тым не менш Фартун дзялілася з Тунтэматон меркаваннем, што Зэйн усё-ткі вельмі добры чалавек. Днямі ён запрасіў яе да сябе на кухню ў абед і прапанаваў частавацца чым заўгодна з ежы. Фартун сціпла ўзяла яблык – яна веганка. А яшчэ Зэйн зваў яе прыходзіць да яго ў пакой, каб разам рабіць хатняе заданне.

– Яна малая і наіўная і верыць, што ўсе людзі добрыя, – кажа Тунтэматон.

– Э-э-э, можа табе пагаварыць з ёй, каб яна пільнавалася? – адказваю.

– Я не ведаю, што Фартун мне на гэта скажа. Усім заўважна, які ён, а яна ўсё адно лічыць, што ён добры.

– Дакладна… У яе не заржавее абвясціць: ”Ты такі добры, Зэйн, а вось Тунтэматон сказала мне пільнавацца з табой!”

– Менавіта!

Мы пасміхаемся, уявіўшы сітуацыю. Але насамрэч не хацелася б, каб Фартун трапіла ў гісторыю.

На заснежаны востраў

Подняться наверх