Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 29
І
Электрычка да Стакгольма
28
ОглавлениеВерасень залаты, неба блакітнае, паветра крыштальнае, дубовыя галіны над намі ў вышыню імкнуцца. Ад фікі да абеду прасядзелі з Тунтэматон за кавай і размовамі на тэрасе Стурагордэна. Мяркуецца, што мы працуем над дакладам.
– Ведаеш, напэўна, тое, што Мацільда не прыбіраецца, для мяне не настолькі важна, колькі тое, што яна ўсё ж харошы чалавек. Чым больш я з ёй размаўляю, тым больш пераконваюся, што яна маральнейшая і разумнейшая за многіх.
– Таму мне і падабаюцца шведы. Яны могуць выглядаць адвязнымі ў юнацтве, але, як правіла, у іх ёсць прынцыпы.
– Вы гаворыце паміж сабой па-шведску! – задаволена ўсплёсквае рукамі нашая куратарка Марта, прамінаючы нас. Мяркую, не ў апошнюю чаргу з гэтай прычыны мяне і Тунтэматон размеркавалі ў адну групу для самастойнай працы. Бо Марта шчыра прызналася, што нас з Нінай адмыслова выправілі ў розныя, каб мы не балбаталі па-руску.
Адразу пасля заняткаў мы і праўда па інерцыі размаўляем на шведскай. Я і з Мацільдай пасля заняткаў троху гавару па-шведску. Але ўсё адно потым маладушна пераходжу на англійскую. У Мацільды яна бездакорная. Зрэшты, усе мае замежныя мовы, апроч шведскай, церпяць заняпад, па-англійску мне пачынае не хапаць словаў. Адна замежная выціскае другую. Калі быць дакладнай, то Тунтэматон і я гутарым адна з адной на англа-шведскай мяшанцы.
Толькі па-шведску, апроч тых, хто працуе ў школе, я гавару з Ясмін, Сулаф і Эміко, чыя шведская лепшая за англійскую.
На фіцы Эміко пачаставала нас джэмам з яблыкаў, якія назбірала побач са школай. Пазней я даведаюся, што Эміко наагул майстрыха гатаваць японскія і шведскія прысмакі – бадай, магла б адчыніць сваю кавярню. Паводле адукацыі яна музыка і кампазітарка. Астрыд расказвала, што летась на выпускным Эміко грала на піяніна. Я хацела б паслухаць яе музыку, але не патрапіла выпрасіць у Эміко нават інтэрнэт-спасылкі. Эміко – бескампрамісны інтраверт, робіць толькі тое, што лічыць патрэбным.
Расказалі ёй, як па дарозе з фатаграфічнага музея ў Стакгольме мы з Тунтэматон сустрэлі японскіх турыстаў.
– Эміко! – нехта з іх паклікаў маленькую дзяўчынку.
Нашая Эміко здзіўляецца, што гэтак маглі назваць малую, паколькі ў Японіі не так, як у Еўропе, дзе тыя самыя імёны то набіраюць папулярнасць, то губляюць. Ейнае імя старамоднае. Паводле нашай аднагрупніцы, цяпер японскія бацькі збольшага самі прыдумляюць новыя імёны.
Эміко зусім не падабаецца раман, раздзелы з якога Марта дае нам у якасці хатняга задання. Толькі я заблыталася, чаму менавіта, бо акцэнт Эміко даволі складаны для мяне.
– Гэта таму, што там мала забойстваў, а яна любіць больш вострасюжэтныя? – перапытваю пазней у Тунтэматон.
– Ды не, акурат таму, што там вядзецца пра забойства, а яна такое не любіць.
– Вось што здараецца, калі весці размовы на кепскай шведскай.
– Дакладна, можна зразумець усё наадварот.
Калі Эміко развіталася і пайшла, мы перайшлі на англійскую.
– Па-шведску! – гучыць пільная заўвага.
Зноў Марта! Не ўпускае моманту нас паўшчуваць.
Складана гэта адсочваць, але, напэўна, мая шведская і праўда прагрэсуе. Днямі я ездзіла на сустрэчу з калегай і даволі ладную частку размовы ўтрымалася размаўляць па-шведску.
Многія ў школе думаюць, што я з Расіі, даводзіцца часта папраўляць і тлумачыць, што не, не адтуль. Назва Беларусь уведзеная ў шведскія слоўнікі, але людзі прызвычаіліся казаць “Белая-Расія”.
Тунтэматон з гэтай нагоды схіляецца да крывіцтва.
– Пра Белую-Расію за мяжой заўжды будуць думаць як пра Расію. А іншай назвы няма?
– Ну, некаторыя хацелі б назву Крывія.
– Вось Крывія – добра. Трэба гэтую назву прыняць.