Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 26
І
Электрычка да Стакгольма
25
ОглавлениеЗамест заняткаў для ўсяго курса сёння прайшла лекцыя рэпарцёра, які падчас журналісцкага даследвання быў затрыманы разам з калегам-фатографам і правёў чатырыста трыццаць восем дзён у эфіёпскай турме. Рэшту дня я валялася ў ложку праз кволасць, што напала на мяне. Мацільда бегала туды-сюды. Часам дзверы адчыняліся, з’яўлялася Мацільдзіна рука, што-небудзь клала на стол ці, наадварот, брала са стала – і дзверы зачыняліся. Мацільда прыйшла спаць пасля адзінаццатай і перад сном абвясціла:
– Заўтра я падымуся на заняткі своечасова!
– Добра, а то я вагаюся, будзіць цябе ці не, – адказваю.
Вучымся мы абедзве ў тым жа корпусе, дзе і жывем, дайсці да вучэбных кабінетаў – тры хвіліны. Але Мацільда ўжо часта спазнялася на заняткі, бо прасыпала.
Я думаю пра сённяшнюю лекцыю. Перад палонам партызаны падстрэлілі журналіста ў плячо, а фатографа – у руку. Нам паказвалі на фота рану апошняга: у ёй была бачная костка, пачалося запаленне і гніенне.
– Спадабалася табе лекцыя? – пытаю ў Мацільды.
– Было цікава.
– Прыкра, што я разумела не ўсё. Вось як яны маглі трываць боль ад такіх страшных ран?
– Ён казаў, што яны былі настолькі радыя, што іх не застрэлілі, ажно боль ад ран адыходзіў на другі план.
– Мне так шкада мясцовую журналістку, якая так і засталася ў той турме, адкуль іх вызвалілі, і астатніх вязняў таксама шкада, там жа ўсе палітычныя.
– І мне. Гэта так важна, што яны пра гэта расказваюць…
Мацільда калісьці сказала, што мае намер вучыцца ва ўніверсітэце на журналістку.
– А ты калі-небудзь спрабавала пісаць артыкулы? – пацікавілася я тады.
– Не-а.
Не ведаю, ці дабярэцца Мацільда да журналістыкі, але мяркую, што да сарака яна можа вырасці ў крутую цётку, нейкае зерне ў ёй ёсць.