Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 11

Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Частка 1
У Кіеве ды Оршы
Святлана
Пасля ўніверсітэта

Оглавление

А ў 1954-м будучы пісьменнік закончыў Кіеўскі ўніверсітэт і паехаў працаваць настаўнікам у вёску Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці. Анатоль Верабей адносіць да гэтага года рускамоўны верш «Я молчу. Давным-давно забыл я…». У творы ёсць наступныя радкі:

«Вон он, поезд, в дымке исчезает…

От души твоей меня увёз. <…>

Расставанье будет невесёлым,

Встреча вряд ли будет веселей…

Впереди ж пока родные сёла

И печаль великая полей».


Апошняя цытата, хутчэй за ўсё, сведчыць, што Уладзімір наведаў Оршу пасля заканчэння ВНУ і перад ад’ездам у вёску. Увесь гэты час Караткевіч думае пра Святлану і піша для яе. Верш «Матчына душа», які даў назву першай кнізе паэта, відаць, узнік летам 1954 года. Бо менавіта гэтым часам датуецца аўтограф на рускай мове «Ты теперь у теплого моря» с прысвячэннем «С. М.-к» (датаваны 18 ліпеня 1954 года). Вядомы і больш позні беларускамоўны аўтограф пад назвай «Прадмова да песні» і з пазнакай «Прысвячаю С. М.», які А. Верабей датуе канцом верасня-снежнем 1955 года. Малады пісьменнік спадзяваўся скарыць сэрца дзяўчыны сваёй першай кнігай: «Почему не остался, почему не убедил, почему? Ждал всё, вот явлюсь и брошу книгу» (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Арк. 4 адв.).

Сапраўды, старонкі «Матчынай душы» літаральна дыхаюць каханнем. Яго найлепшая любоўная лірыка прысвечана якраз Святлане:

«Ёсць дробязі, што поўныя значэння:

Каханне першае растопіць лёд

І нават палавік у цёмных сенях

Век памятны, як казкі першых год.

Мо толькі для таго яно прыходзіць,

Каб мы запамяталі на вякі,

Як пахнуць рыбаю начныя воды,

Як у траве мігаюць светлякі».


(«Зімняя элегія»).

Разважаючы пра гісторыі свайго кахання, Караткевіч пісаў у лісце да Гальперына 7 студзеня 1955 года: «…э да ладно, чего толковать» (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 11. Арк. 6 адв.). Такая ацэнка прынцыповая, бо ў іншых лістах будучы пісьменнік быў шчыры з сябрам і дзяліўся з ім сваімі сардэчнымі справамі. Таму, хутчэй за ўсё, у той час Уладзімір яшчэ не меў ніякай пэўнай інфармацыі пра Святлану.

У любым выпадку, паміж хлопцам і дзяўчынай каменным мурам стаялі былыя канфлікты. У вершы «Иней» Караткевіч пісаў:

«Я вдогонку песню посылаю,

Может, хоть она догонит нас.

Может, догоняя, поцелует

Губ тепло, ресницы, холод век,

Всю тебя, извечно дорогую,

Но потерянную мной навек».


Здавалася, усё скончана…

Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Подняться наверх