Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 5

Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Частка 1
У Кіеве ды Оршы
«Нонка»

Оглавление

Дзяўчына з такім імем (Нонка Юніцкая) з’яўляецца галоўнай гераіняй аповесці У. Караткевіча «Лісце каштанаў». Сябры і знаёмыя, якія добра ведалі пісьменніка, адзінагалосна сцвярджалі пра аўтабіяграфічны характар твора. Даследчык Анатоль Верабей пісаў у сваёй працы «Абуджаная памяць», што аповесць была адным з «самых аўтабіяграфічных твораў» Караткевіча. Васіль Быкаў адзначаў у прадмове да караткевічаўскага двухтомніка: «Гэта адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка, напісаны на матэрыяле першых пасляваенных гадоў, праведзеных ім у Кіеве. Дакладна і лёгка выпісаныя вобразы юнакоў і дзяўчат вялікага горада з яго нялёгкім пасляваенным бытам грунтуюцца на пэўных прататыпах, і нават трагічны фінал аповесці ўзяты з жыцця, пабудаваны на аснове канкрэтнага факта». На карысць гэтага сведчаць шэраг супадзенняў паміж біяграфіямі аўтара і героя. Напрыклад, у аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» Караткевіч пісаў: «А потым пачалася вайна. Бамбёжкі. Эшалоны. Пачуццё бездапаможнасці падлетка… Бунтаваў супраць гэтага пачуцця. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Затрымлівалі, вядома. А з інтэрната таму, што здарылася звычайная на вайне рэч: доўгі час не ведаў, дзе бацькі і ці жывыя яны наогул, а калі жывыя, то дзе, за лініяй фронту або паспелі эвакуіравацца.

Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне. Пасля давялося ўцякаць і адтуль. На Урал, у наваколле Кунгура. Выпадкова даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу. З вялікімі цяжкасцямі (без пропуска і білета) дабраўся да іх. У Арэнбургу скончыў шосты клас. Потым нядаўна вызвалены Кіеў (Беларусь яшчэ была акупіраваная)».

А вось урывак з аповесці «Лісце каштанаў»: «Інтэрнат на Урале, некалькі беспаспяховых уцёкаў. Урэшце, уцёк зусім і некалькі месяцаў беспрытульнічаў. Краў, што праўда, толькі ў чужых гародах. Даходзіла да таго, што пасвіў у паўночным Казахстане вярблюдаў – хочаце верце, хочаце не. Дзівам адшукаў бацькоў… Пасля былі вызвалены два невялічкія лапікі Беларусі, і “продка” майго паслалі на вызваленую тэрыторыю, некуды пад Лёзна.

… Якраз у гэты момант праязджаў праз наш горад мой дзядзька, якога перавялі з Далёкага Усходу на фронт, і ўзяў нас з сабою ў вялікі паўдзённы горад, ад якога немцы адкаціліся куды далей, чым ад Лёзна». Заўважым, колькі ў абедзвюх цытатах агульнага! Значыцца, асноўныя падзеі аповесці былі ўзятыя з жыцця.

Акрамя таго, галоўны герой «Лісця каштанаў», Васілька Стасевіч, чыім прататыпам з’яўляўся сам Караткевіч, жыў у тым жа доме, што і Уладзімір у 1944 годзе. Дарэчы, будынак на цяперашняй вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 52 (былыя назвы Фундуклееўская і Леніна) захаваўся дагэтуль. Цяпер у моцна перабудаваным доме знаходзіцца офіс кампаніі «Люфтганза».

У сакавіку 2012 года я ездзіў у Кіеў і размаўляў з украінскімі знаёмымі Караткевіча. Дзякуючы гэтаму магу з пэўнасцю назваць прататыпа аднаго з сяброў Васількі. Ім з’яўляўся Карла Скрыпчанка, які ў далейшым пераклаў шмат твораў пісьменніка на ўкраінскую мову. Як лічылі некаторыя мае суразмоўцы, ён, па сутнасці, манапалізаваў творчасць Караткевіча (пераклаў «Лісце каштанаў», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», сумесна з іншымі – «Чазенію», «Зямлю пад белымі крыламі»). Цікава, што ў творы герой з імем Карл з’яўляўся немцам. Тады ў будучым неабходна высветліць, пад імем якога героя выступаў у аповесці Скрыпчанка.

Адна з сюжэтных ліній «Лісця каштанаў» – каханне паміж Васількам Стасевічам і Нонкай Юніцкай. У творы яе партрэт выглядае наступным чынам: «…дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацёрла каленкам аб каленка, ускінула галаву – чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад – і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар’яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі». Пра гаворку гераіні Караткевіч пісаў: «Гэта быў той паўдзённы жаргон, на якім гамоняць вялікія чарнаморскія партовыя гарады. Я не маю ні сілы, ні ўмення, ні, шчыра кажучы, жадання перадаваць усе гэтыя тропы, ідыёмы, усю безліч жывых інтанацый. Ды гэта і немагчыма, таму што больш за словы гралі тут паўдзённыя жэсты, міміка, рухі ўсяго цела. Гэта было – жах як “па-малдаванску” і дзіўна, жах як прыгожа. Дый тып яе, калі разабрацца, быў дзіўны. Тут табе і ўкраінская і малдаўская, а можа, і кропля цыганскай крыві».

Чаму аўтар гэтага даследавання ўпэўнены, што ў Нонкі быў рэальны прататып? У абодвух лістах, якія цытаваліся вышэй, фігуруе дзяўчына, якая з’ехала («Из них одна уехала», «одна уехала»). Для аповесці характэрны менавіта такі фінал. Нонка і Васіль цудам застаюцца жывымі (астатнія героі з іх кампаніі падарваліся на мінах: яны шукалі зброю, каб збегчы на фронт) і з’язджаюць з Кіева. Мяркую, тое ж адбылося з іх прататыпамі. Караткевіч, як вядома, выправіўся ў Оршу, рэальная Нонка з’ехала ў невядомым для нас кірунку. Калі б дзяўчына засталася ў горадзе, яна магла б сустрэцца з Уладзімірам падчас навучання таго ў Кіеўскім універсітэце. Дарэчы, на маю думку, Караткевіч мог паступіць туды якраз для таго, каб адшукаць рэальную Нонку. Бо яна магла вярнуцца ў горад свайго юнацтва.

Для аб’ектыўнасці, у эпілогу твора героі сустракаюцца праз гады ў Кіеве і бяруць шлюб. Але, хутчэй за ўсё, ён быў прыдуманы, а пісьменнік і дзяўчына, якая стала прататыпам Нонкі, ніколі больш не ўбачыліся. Перыяд узаемаадносін будучага пісьменніка з дзяўчынай можна датаваць 1944 годам, калі ён жыў у цёткі ў Кіеве.

Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Подняться наверх