Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 3

Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Уводзіны, або Навошта нам «Донжуанскі спіс»?

Оглавление

«Донжуанскі спіс»… Якая ў вас, шаноўны чытач, асацыяцыя з гэтым словазлучэннем? Мяркую, большасць адразу згадае асобу Аляксандра Пушкіна і доўгі спіс з 37 жаночых імёнаў, напісаных паэтам на старонцы альбома яго даўняй знаёмай Лізаветы Ушаковай. Разгадаць таямніцу асоб, якія хаваюцца за сціслымі запісамі, ужо не адно стагоддзе з пераменным поспехам імкнуцца пушкіністы ўсяго свету.

У чым бачыцца станоўчая роля такога дакумента? Ён прыцягвае ўвагу да асобы аўтара, дапамагае высветліць прататыпы герояў у празаічных і паэтычных творах. Удакладніць, хто натхняў паэта на стварэнне таго ці іншага шэдэўра. Пазнаёміць чытачоў з лёсамі жанчын, якіх кахаў пэўны творца. А таксама вызначыць храналагічныя этапы ў пісьменніцкай творчасці. Нездарма сярод мастацтвазнаўцаў ёсць традыцыя вылучаць у біяграфіі некаторых творцаў пэўныя перыяды, якія наўпрост звязаны з іх асабістым жыццём. Напрыклад, менавіта так многія даследчыкі ўспрымаюць мастацтва Пабла Пікасо. Акрамя таго, Караткевіч – рамантык, таму разглядаць яго творчасць без уплыву на яе жанчын мы не можам.

Імкненнем вырашыць усе гэтыя задачы і тлумачыцца стварэнне аўтарам гэтых радкоў даследавання пад назвай «“Донжуанскі спіс” Караткевіча». Паколькі тэма асабістага жыцця кожнага творцы з’яўляецца надзвычай далікатнай, я карыстаўся двума падыходамі. Першы, «дакументальны», заснаваны на ўспамінах і эпісталярнай спадчыне, якія не выклікаюць ні ў каго пярэчанняў.

Другі падыход можна ўмоўна назваць метадам уважлівага чытання тэксту, калі ўвага звяртаецца на біяграфіі галоўных герояў і іх падабенства ці супадзенне з жыццёвымі рэаліямі аўтара. Рызыка, вядома, тут надта вялікая: паспрабуй зразумець, што тут праўда, а што праява багатай фантазіі. Адна памылка можа скіраваць ход даследавання не ў той бок. Такім чынам, другі падыход пераўтвараецца для некаторых аматараў прыгожага пісьменства ў сапраўдную гульню, своеасаблівае разгадванне рэбусаў ці крыжаванак. Адначасова гэта сапраўднае паляванне за прататыпам галоўнага героя ці гераіні з абавязковымі для гэтага жанра элементамі: высочваннямі, засадамі і пагонямі. Каб не заблукаць на такім паляванні, аўтар гэтых радкоў імкнуўся па магчымасці супастаўляць два падыходы.

Заўважым, што «Донжуанскі спіс» Пушкіна складаўся з двух слупкоў. Паводле меркаванняў даследчыкаў, першы з іх уключаў імёны жанчын, якіх паэт кахаў моцна, другі – тых, якімі захапляўся. На маю думку, «Донжуанскі спіс» Караткевіча мусіць выглядаць наступным чынам:

1. «Нонка»;

2. Кацярына;

3. «Алёнка»;

4. Святлана;

5. Раіса;

6. Ніна;

7. Навэла;

8. Натэла;

9. Валянціна;

10. Л.;

11. Н. Д.;

12. Нэла (?)

13. Галіна;

14. Г. (?)

15. Валянціна.

Двукоссе азначае, што дакладнае імя і прозвішча дзяўчыны невядомае, таму ўжываецца імя гераіні, праз вобраз якой яна выведзена ў творах. Калі пасля імя або першай літары імя стаіць пытальнік, мы пакуль не можам дакладна сказаць, якімі былі адносіны Караткевіча да гэтых асоб.

На маю думку, «Нонку», «Алёнку», Святлану, Ніну і другую з Валянцін трэба аднесці да першага слупка (асобы, якіх Караткевіч моцна кахаў); Кацярыну, Раісу і першую з Валянцін – да другога слупка (асобы, якія падабаліся Караткевічу). Што датычыцца Навэлы, Натэлы, Л., Н. Д., Нэлы, Галіны і Г., пытанне пакуль застаецца адкрытым.

Хоць, калі кіравацца храналогіяй, паслядоўнасць «Донжуанскага спіса» павінна быць наступнай: «Алёнка» – «Нонка» – Кацярына – Святлана – «Алёнка» – Святлана – Раіса – Ніна – Навэла – Натэла – першая Валянціна – Н. Д. – Галіна – другая Валянціна (час узаемаадносін з Л. пакуль невядомы, адносіны з Нэлай і Г. пакуль застаюцца пад пытаннем).

Зразумела, той-сёй з чытачоў можа абвінаваціць аўтара гэтых радкоў у празмерным інтарэсе да асабістага жыцця пісьменніка. Шэраг аргументаў на карысць такога даследавання былі агучаны вышэй. Дадам, што ўся кніга засноўваецца менавіта на дакументальных, архіўных матэрыялах, тут няма нейкіх мастацкіх фантазій. Акрамя таго, шэраг матэрыялаў, што былі выкарыстаны пры даследаванні, ужо надрукаваны. Перапіска паміж Я. Брылём і У. Караткевічам выходзіла ў зборніку «Шляхам гадоў»; фрагменты ліставання з Ю. Гальперыным друкаваліся ў «Нёмане» яшчэ ў 1990-я гады; успаміны ўкраінскага пісьменніка М. Амельчанкі пра Навэлу і Натэлу, гераінь «Донжуанскага спіса», з’явіліся ў часопісе «Полымя»; у тым жа выданні можна знайсці ўспаміны Валянціны Паповай (Чакалавай). Калі з’явіцца Збор твораў У. Караткевіча ў 25 тамах, што выходзіць з 2012 года, туды будзе ўключана ўсё яго ліставанне з Гальперыным. То бок, значная колькасць фактаў не з’яўляюцца таямніцай і знаходзяцца ці неўзабаве будуць знаходзіцца ў адкрытым доступе.

Спадзяюся, што кніга выкліча цікавасць як у чытачоў, так і ў прафесійных даследчыкаў Караткевіча, дапаможа разгадаць белыя плямы ў яго біяграфіі. А таксама падштурхне да стварэння паўнавартаснага жыццяпісу нашага класіка, які пакуль адсутнічае.

А цяпер запрашаю чытачоў у падарожжа па «Донжуанскім спісе».

Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Подняться наверх