Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 7

Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Частка 1
У Кіеве ды Оршы
«Алёнка»

Оглавление

Дзяўчына, якую клікалі Алёнка, дзейнічае адразу ў двух празаічных творах Караткевіча. Гэта аповесць «У снягах драмае вясна» і раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі». У гэтай частцы гаворка пойдзе толькі пра Алёнку з рамана (прычыны будуць патлумачаны ў наступным раздзеле).

Згодна з сюжэтам твора, галоўны герой Андрэй Грынкевіч быў знаёмы з Алёнкай Століч яшчэ ў дзяцінстве. Потым яны вельмі доўга не бачыліся і сустрэліся ўжо маладымі людзьмі. Закахаліся і вырашылі пабрацца шлюбам. Але іх шчасце было нядоўгім, бо дзяўчына загінула ў аўтамабільнай катастрофе.

У паэме «Плошча Маякоўскага», што была ўключана ў раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», Караткевіч пісаў:

«Любая, ты памятаеш, была вясна.

Вясна на гэтай зямлі?

Проста ў машыну ляцела сасна,

У неба ўзняўшы крылы галін».


Пэўны час я лічыў такі сюжэтны паварот твора літаратурным прыёмам, які абгрунтоўваў, чаму Грынкевіч да сустрэчы з маскоўскай выкладчыцай Ірынай Горавай жыў «як у сне» і нікога не кахаў. Тым больш жахліва было ўбачыць радок у лісце Караткевіча да Янкі Брыля ад 29 лютага 1960 года: «Ведаеце, мне ніколі не шанцавала з вялікім каханнем. Два разы прыйшло да мяне сапраўднае. І аднойчы яно загінула падчас аўтакатастрофы на шашы Мінск—Орша». У рамане трагедыя адбываецца якраз на гэтай магістралі.

А цяпер звернемся да двух лістоў Караткевіча, адрасаваных Ю. Гальперыну. На першы погляд, там змешчана супярэчлівая інфармацыя. У першым лісце (студзень 1955 года) – абставіны цяжка зразумелыя: «2я – не любила меня (а может и да, но получилась какая-то ерунда), об этой истории Валька хорошо знает, мы с ним дружить начали из-за ссоры по этому поводу». У другім лісце (люты 1957 года) сцвярджаецца, што дзяўчына памерла. Але пры больш дакладным аналізе ўсё становіцца зразумела.

Згадка пра аршанскага сябра пісьменніка Валянціна Краўца сведчыць, што гэтая гісторыя звязана з Оршай. У свой час бард Зміцер Бартосік запісаў успаміны В. Краўца для адной з радыёперадач. Дык вось, паводле слоў вядучага, сяброў «звёў выпадак. Сам таго не ведаючы, Валянцін Кравец стаў супернікам Караткевіча ў любоўным трыкутніку. Аднойчы Валянцін праводзіў дахаты ўпадабаную дзяўчыну, у якую, як высветлілася пазней, быў закаханы і Уладзімір». Як узгадваў Кравец, «і адным цудоўным вечарам я ішоў, а з Воўкам мы былі амаль ворагамі, мы не размаўлялі, два супернікі. А калі я аказаўся кінуты, я ішоў паўз дом Валодзі Караткевіча, а домік у іх быў невялікі, драўляны домік. Там ляжала вялікае бервяно, на якім сядзеў Валодзька і чагосьці думаў. Праходзячы міма, я спытаў: “У тебя спички есть?” Ён кажа: “Есть”. Я падышоў, закурылі. Слова за слова, і пачалі мы… “Што такое «Я»”? Вядомае філасофскае пытанне. І мы прагаварылі з ім некалькі гадзінаў. Я яму паведаміў пра сваё няшчасце. Карацей, з гэтага моманту пачалася наша дружба».

Што датычыцца рознай інфармацыі ў двух лістах, дык на момант напісання першага з іх Караткевіч даўно не бачыўся з «Алёнкай». На момант другога дзяўчына загінула. Паколькі фінал гісторыі, апісанай у рамане, адпавядае рэчаіснасці, можна прызнаць верагоднымі і іншыя падзеі, што згадваюцца ў творы.

Такім чынам, перад намі часавы прамежак студзень 1955 —люты 1957 гадоў. Але ў сярэдзіне 1956-га, закончыўшы навучальны год, Уладзімір вярнуўся ў Оршу з вёскі Лесавічы Кіеўскай вобласці, дзе настаўнічаў. А ўжо восенню, у верасні або ў кастрычніку 1956 года, ён узнавіў перапіску са Святланай (гл. далей).

Таму найбольш верагодна, што сустрэча Уладзіміра і «Алёнкі» адбылася летам 1955 года, калі будучы пісьменнік прыязджаў у родны горад падчас летніх вакацый (калі б такія стасункі мелі месца летам 1956-га, Уладзімір наўрад ці змог адразу ж ліставацца з С. М.). Аргументы на карысць такой версіі – асобныя фрагменты рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Згодна з творам, вяселле мусіла адбыцца «восенню, у верасні», а сама трагедыя здарылася летам, у жніўні.

Таму, на маю думку, узаемаадносіны будучага пісьменніка з «Алёнкай» неабходна падзяліць на два перыяды. Пачатак першага невядомы. Яго фінал варта абмежаваць як мінімум 1949 годам (часам ад’езду на вучобу ў Кіеў), а як максімум – 1941-м (у выпадку, калі сяброўскія адносіны доўжыліся да вайны). Другі меў месца прыкладна ў 1955 годзе.

Цікава, што дзяўчына Алёнка згадваецца яшчэ ў адным вершы Караткевіча – «Балада аб нашэсцях», змешчаным у зборніку «Мая Іліяда». У творы расказваецца пра дзяўчыну з Прыдняпроўя, якую захопнікі прынеслі ў ахвяру. Застаецца толькі здагадвацца, ці мае гэты вобраз сувязь з рэальнай Алёнкай.

Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Подняться наверх