Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 6

Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Частка 1
У Кіеве ды Оршы
Кацярына

Оглавление

Вярнуўшыся ў Оршу пасля вайны, Караткевіч пайшоў у 8-ы клас мясцовай школы № 1. Літаратуру ў яго выкладала Кацярына Іванаўна Грыневіч, якой на той час споўнілася 28 гадоў. Разам з вучнямі яна выпускала рукапісны літаратурны альманах, дзе друкаваўся Уладзімір, а таксама арганізавала драматычны гурток. Адной з пастановак стаў «Рэвізор», у якім будучы пісьменнік выканаў ролю Добчынскага.

Як узгадваў Леанід Крыгман, аднакласнік Караткевіча, «усе юнакі нашага класа былі закаханыя ў нашу настаўніцу літаратуры. Але наймацней Валодзя. Аднойчы мы з Юрыкам (Юрый Падва, іх аднакласнік. – Д. М.) залезлі на адрын, дзе Валодзя звычайна пісаў і хаваў свае творы. Мы знайшлі яго сшытак з вершамі і ўзялі яго. Там былі рамантычныя вершы, прысвечаныя Кацярыне Іванаўне. Справа амаль дайшла да бойкі, калі Валодзя даведаўся аб крадзяжу. Ён не размаўляў з намі цэлы месяц. Але потым мы зноў сталі неразлучнымі сябрамі».

Мяркую, тут можна казаць хутчэй пра юначае захапленне, чым каханне. Аднак той жа Пушкін без ваганняў уключыў у свой «Донжуанскі спіс» жонку Мікалая Карамзіна. Таму, на маю думку, імя Кацярыны Іванаўны таксама мусіць быць унесена ў спіс. Як сведчыць Л. Крыгман, Караткевіч перапісваўся са сваёй настаўніцай да канца жыцця. У аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў ЦНБ захоўваюцца тэлеграма і паштоўка ад Кацярыны Іванаўны, якія датуюцца прыкладна 1980 годам. У тэлеграме яна віншуе свайго былога вучня з выхадам чарговай кнігі і выказвае ўдзячнасць за падарунак (хутчэй за ўсё, Караткевіч адправіў ёй асобнік) (АРКіР. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 676. Арк. 1), у лісце віншуе са святам 1 Мая (АРКіР. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 676. Арк. 2). На пачатку 1990-х гадоў Кацярына Іванаўна жыла ў горадзе Мантурава Кастрамской вобласці. Далейшы яе лёс, а таксама іншыя падрабязнасці біяграфіі пакуль застаюцца невядомымі.

Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Подняться наверх