Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 13

Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Частка 1
У Кіеве ды Оршы
Святлана
Расстанне

Оглавление

Нечакана Караткевіч даведаўся пра навіну, якая сапраўды выклікала шок. 5 лютага 1957 года ён пісаў Гальперыну: «И вот сегодня получаю письмо от ее подруги и там “узаконили свои взаимоотношения С. М. (это она) и Миша”» (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп.2. Спр. 13. Арк. 4 адв.). Зноў-такі, у папярэднім лісце Караткевіч разважае пра магчымасць адказаць «так» ці «не». Пасля шлюбу гэта ўжо неактуальна. Тут будзе дарэчы нагадаць пра недатаваную цыдулку Уладзіміра, у якой ён абмяркоўваў Святлану М. з невядомым нам Мішкай (гл. вышэй). Цалкам магчыма, што тады Караткевіч пісаў свайму будучаму шчасліваму суперніку, а значыцца, ведаў яго асабіста.

Наогул, сітуацыя з вяселлем не такая адназначная, як здавалася. У двух празаічных творах сцвярджаецца адваротнае. У апавяданні «Ідылія ў духу Вато»:

«– Ты развялася?

– З кім?

– З Барысам.

– Каб развесціся, трэба спачатку выйсці замуж, – сказала яна».

І ў аповесці «У снягах драмае вясна» мы чытаем нешта падобнае:

«– Справа ў тым, што ты недачуў… Я не замужам… І, напэўна, ніколі не буду».

Але пра факт шлюбу сцвярджаецца ў вершы «Калі ў жамчужніцу пылінка трапіць…» (поўную цытату гл. ніжэй), дзе сустракаюцца наступныя радкі:

«Але развеяў шчасце, нібы дым,

Лісток, напісаны рукой чужою:

Ты замужам,

ты знікла,

ты з чужым».


Хутчэй за ўсё, шлюб сапраўды меў месца. Што датычыцца празаічных твораў, то Караткевіч хутчэй за ўсё імкнуўся пераканаць самога сябе ў свабодзе дзяўчыны.

Таму апошнія надзеі, якія маглі быць у пісьменніка, зніклі.

«И все же, я почему-то не верю», – напісаў ён Гальперыну 23 лютага (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Арк. 7). Да гэтага ліста быў прыкладзены верш «Калі ў жамчужніцу пылінка трапіць…», напісаны 13 лютага і прысвечаны С. М.:

«Няўжо былі вы: Пушча над азёрамі,

Асенні холад, здзірванелы шлях,

Два небы, дзве маленькіх карты зорных,

Што ззялі блізка ў дарагіх вачах.

Але развеяў шчасце, нібы дым,

Лісток, напісаны рукой чужою:

Ты замужам,

ты знікла,

ты з чужым».


Сітуацыя атрымалася вельмі двухсэнсоўнай: дзяўчына з восені ліставалася з Уладзімірам і, хутчэй за ўсё, намякала на магчымасць будучага шчасця.

Паколькі Святлане не хапіла смеласці прызнацца, яна напісала ліст, а потым разам з Мішам з’ехала ў іншы горад (пра апошні факт можна сведчыць фраза «ты знікла»). Дзяўчына і Караткевіч наўрад ці афішыравалі ўласныя стасункі, таму пра іх ліставанне ніхто не ведаў. У той жа час адрас Уладзіміра магла мець толькі Святлана.

Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Подняться наверх