Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 8
Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Частка 1
У Кіеве ды Оршы
Святлана
ОглавлениеУ 1949 годзе Уладзімір паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта і зноў прыехаў ва Украіну, дзе вучыўся наступныя пяць гадоў (да 1954-га). Менавіта з часам студэнцтва будучага пісьменніка звязана яго каханне да яшчэ адной дзяўчыны. Доўгі час былі вядомы толькі яе ініцыялы: С. М. Нядаўна атрымалася ўдакладніць імя. Дзяўчыну клікалі Святлана.
Знаёмства з вобразам гэтай гераіні ўпершыню адбылося на старонках аповесці «У снягах драмае вясна», напісанай у 1957 годзе. Сястра Караткевіча знайшла яе ў пісьменніцкім архіве ў Оршы перад самай смерцю Уладзіміра Сямёнавіча. Для таго часу аповесць была занадта смелай рэччу, якая рашуча асуджала праявы сталіншчыны ў грамадскім жыцці, таму пры жыцці творцы яна не друкавалася. Сюжэт коратка можна акрэсліць так. Студэнт Уладзіслаў Берасневіч пакахаў дзяўчыну Алёнку. Яна адказала ўзаемнасцю на ягонае пачуццё. Перад Уладзіславам адкрываліся перспектывы навуковай кар’еры: ён быў адным з рэальных кандыдатаў на залічэнне ў аспірантуру. Але кар’ерыст Маркіч наладзіў супраць Берасневіча паказальны працэс з традыцыйнымі для таго часу абвінавачваннямі (ішоў 1952 год). Паверыўшы ў падман, Алёнка адраклася ад каханага, а той вымушаны быў пакінуць універсітэт і з’ехаць настаўнікам у вёску. І толькі праз некалькі гадоў Берасневіч сустракаецца з Алёнкай, яны разумеюць, што іх каханне не згасла, і дамаўляюцца сустрэцца зноў, каб, магчыма, больш не расставацца.
Наколькі адпавядае рэчаіснасці гэты сюжэт? Зноў звернемся да лістоў Караткевіча, адрасаваных Ю. Гальперыну. У першым з іх сітуацыя неакрэсленая: «…3я – э да ладно, чего толковать». А вось другі ліст расстаўляе ўсе кропкі над «і»: «И была одна в Киеве. Ну я знаю, для других она другая, а для меня та самая (вылучана Караткевічам. – Д. М.)» (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Арк. 4).