Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 18

Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Частка 2
У Маскве

Оглавление

Раіса

У 1958 годзе Караткевіч перабраўся ў Маскву, дзе паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы, створаныя пры Літаратурным інстытуце. Заняткі адбываліся на Цвярскім бульвары ў будынку былой гарадской сядзібы XVIII стагоддзя, дзе ў 1812 годзе нарадзіўся Аляксандр Герцэн. Цікава, што гэты ж дом узнаўляецца Булгакавым у рамане «Майстар і Маргарыта» як Дом Грыбаедава, дзе размясціўся МАССАЛІТ.

Гэтаму перыяду прысвечаны раман Уладзіміра Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Яго маскоўскія старонкі пачынаюцца з сітуацыі, калі галоўны герой, Андрэй Грынкевіч (спісаны з самога Караткевіча), сустракаецца з Марыяй Крат. Апошнім часам у літаратуразнаўчых артыкулах, прысвечаных пісьменніку, адкрыта гаворыцца пра галоўнага прататыпа гераіні. Гэта чачэнская паэтэса Раіса Ахматава. Пра іх узаемаадносіны пісаў сам Караткевіч, напрыклад у лісце з Оршы ад 11 студзеня 1959 года сябру па курсах, латышскаму пісьменніку Ераніму Стулпану: «Очень скучаю по Москве, по Раисе, по всей нашей компании. Как все-таки хорошо у нас. И как мы будем после двух лет расставаться – не понимаю» (АРКіР. Ф. 11. Воп. 1. Адз. зах. 276. Арк. 1). 9 красавіка таго ж года ў лісце Ю. Гальперыну: «Ведь ясно же каждому, что у меня с Руан» (так ён называў Р. Ахматаву ў перапісцы. – Д. М.; БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 14. Арк. 20). Пра гэта ж сцвярджаецца ў публікацыі «Комсомольской правды в Белоруссии» ад 30 ліпеня 2009 года («Короткевич встречался с чеченкой-поэтессой»), ёсць празрысты намёк ва ўспамінах Ніны Молевай, выкладчыцы Вышэйшых літаратурных курсаў («за первым столом неразлучная пара Владимир Короткевич и красавица чеченка Раиса Ахматова. Общая симпатия была на стороне Раи Ахматовой: народ, депортированный в Сибирь не за преступления – за простую этническую принадлежность. Всегда исполненный горечи взгляд и отчаянная привязанность к сыну, который звал В. Короткевича отцом и дожидался окончания занятий его и матери в садике Литературного института. В памяти осталось даже имя затравленного обстоятельствами малыша: Марат»). Дарэчы, менавіта сыну прысвечаны зборнік Раісы «Иду к тебе» (Масква, 1960), а таксама шэраг вершаў.

У ліставанні з Ю. Гальперыным таксама згадваецца сын Р. Ахматавай: «Вось сын у яе цудоўны. Як прыязджае – цэлымі днямі з ім дурэў бы… Зіркаты такі, вясёлы. I мяне вельмі любіць. Каб можна было, – узяў бы аднаго сына, без яе». У «Леанідах…» Андрэй Грынкевіч кажа, што «сын у яе (Марыі. – Д. М.) добры». А калі яго сябра Вайвадс кідае рэпліку: «Свайго завесці трэба», дык Андрэй адказвае: «А ты не думаў, што заводзіць сына ад чалавека, якога не кахаеш, свінства».

Раіса Ахматава нарадзілася на два гады раней за Уладзіміра Караткевіча, у 1928 годзе ў Грозным у сям’і шаўца. У 1944-м, калі будучая паэтэса заканчвала дзявяты клас, яе разам з сям’ёй выслалі ў Казахстан. Такі лёс напаткаў каля 500 тысяч чачэнцаў за «супрацоўніцтва» з немцамі. Як спецпаселенка Раіса працавала ў калгасе. Потым закончыла педагагічнае вучылішча і выкладала ў школе. У 1953 годзе пачала выступаць у друку з вершамі, нарысамі, апавяданнямі.

Як толькі з’явілася магчымасць, Раіса вярнулася на радзіму. Гэта адбылося ў 1956 годзе, а ў 1958-м у Ахматавай выйшла першая кніга «Республика родная». Неўзабаве Раісу накіравалі на вучобу ў Маскву на Вышэйшыя літаратурныя курсы, дзе яна пазнаёмілася з Караткевічам.

«Што звяло? – разважае ў рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» галоўны герой. – Шкадаванне да яе, чыё жыццё склалася так няўдала, любоў да яе сына, цудоўнага маленькага чалавечка… Ну, яшчэ абыякавасць да таго, з кім ідзеш. Таму што з усімі аднолькава… I яшчэ боязь пустэчы поруч з сабой».

Хто быў мужам Раісы Ахматавай і бацькам Марата, невядома. У кнізе «Трудная любовь», якая выйшла ў 1963 годзе ў Маскве, аўтарка пазначана як Ахматава (Ібраева). Магчыма, менавіта гэта было яе прозвішча па мужу.

У «Леанідах…» адносіны паміж Андрэем і Марыяй ускладняюцца з-за беспадстаўнай рэўнасці гераіні. «Дрэнна толькі, што апошнім часам яна яго бязглузда, па-дурному раўнуе. Дарэмна. Не паграшыў пакуль што ні ўчынкам, ні позіркам. Жанчыны, наогул, бываюць дурнымі ў рэўнасці: не ведаюць, што калі мужчыну ўвесь час беспадстаўна раўнаваць, то ён нарэшце можа сапраўды пусціцца ва ўсе цяжкія грахі – “калі ўжо раўнуюць, дык няхай хоць недарэмна”. Вось і гэта: пачала з жартоўнай рэўнасці, потым уцягнулася, і зараз ёй сапраўды здаецца, што кожная сустрэчная жанчына толькі і думае, каб зрабіць замах на мяне».

Між тым усё пачалося з жарту. 7 мая 1959 года У. Караткевіч пісаў Ю. Гальперыну пра гэты эпізод: «Чего не люблю в людях – навязчивости. Сие качество и возбудило подозрения Р. (я ее навязчивость не замечал и, будь я один, был бы даже рад). Но хватит. Твое замечание о том, что “недоверие, не появись оно сегодня, а появилось бы завтра по какому-либо другому поводу”, глубоко справедливо. Я знаю, что это так и сделал свои выводы (падкрэслена У. Караткевічам. – Д. М.).

Началось все с того, что Р. и ее соседка, сидя в компании И. (Інны – маскоўскай знаёмай У. Караткевіча. – Д. М.) и еще одного сволочеватого парня, пару раз весьма прозрачно намекнули на недопустимость такого поведения. Кажется, И. не поняла, а я потом этим сестрам-разбойницам дал хорошую головомойку, – лучшей они за всю жизнь не получали. Вежливость с моей стороны была истолкована ими как нечто большее, – и вот началось.

Милый друг, я страшно люблю свободу, даже от будущей жены буду требовать ее в достаточной степени (не злоупотребляя ею, конечно), но если меня будут глупо ревновать, сковывать, стремиться создать вокруг меня зону пустыни – развод» (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 14. Арк. 23, 23 адв.).

Неўзабаве Караткевіч закахаўся ў сваю выкладчыцу Ніну Молеву, таму яго адносіны з Р. Ахматавай былі непрацяглымі (яны могуць быць прыкладна датаваныя 1958–1959 гадамі). Зрэшты, не зусім справядліва ацэньваць узаемаадносіны Раісы і Уладзіміра, грунтуючыся толькі на думках апошняга. Але Р. Ахматава не пакінула ўспамінаў.

Магчыма, варта звярнуцца да вершаў паэтэсы таго перыяду? З аднаго боку, усе яны прасякнуты каханнем. З другога – няма ніякіх адсылак да рэальных асоб. Аднак, мяркую, адзін з твораў якраз можа быць прысвечаны Караткевічу. Зноў звернемся да кнігі «Трудная любовь». Яна з’явілася ў 1963 годзе. Але ўлічваючы факт, што выданне складаецца з перакладаў, арыгінальныя творы відавочна былі напісаны раней. Працытуем адзін з вершаў цалкам:

«Пусть будет так:

Не обо мне ты пишешь,

Пусть каждая строка твоя —

О ней.


Ты моего дыхания

Не слышишь,

Ты глаз моих

Не видишь столько дней.


Но тень моя

У твоего порога

Все бьется,

Как у берега прибой.


Пусть я одна.

Но я не одинока:

Я тень твоя,

И я всегда с тобой».


Падставай для атаясамлення лірычнага героя твора з Караткевічам стала фраза «…не обо мне ты пишешь, / Пусть каждая строка твоя – / О ней». Гаворка відавочна ідзе пра паэта. Тым больш Раіса ведала Ніну Молеву. Зрэшты, гэта пакуль толькі версія.

У далейшым Раіса Ахматава стала самай вядомай чачэнскай пісьменніцай савецкай эпохі. Доўгі час яна ўзначальвала Саюз пісьменнікаў Чачэна-Інгушскай АССР (1961–1983), а таксама Вярхоўны Савет рэспублікі (1963–1985), атрымала званне народнай пісьменніцы (1977). Памерла ў 1992 годзе. Шэраг даследчыкаў мяркуюць, што поўны архіў яе твораў, які складаў больш за 600 тэчак, быў знішчаны падчас Першай чачэнскай вайны. Той жа думкі прытрымліваецца і чачэнскі пісьменнік К. Ібрагімаў, які цяпер узначальвае Саюз пісьменнікаў рэспублікі. У лісце да аўтара гэтых радкоў ён напісаў: «…на вялікі жаль, усё, што захоўвалася ў асабістым архіве Раісы Салтмурадаўны, знішчана вынікамі вядомых і Вам падзей у гады баявых дзеянняў на тэрыторыі нашай рэспублікі. Нават у блізкіх ёй людзей (нявестка, якая стала бежанкай) нічога не захавалася».

Цікава, што на працягу жыцця Раіса, відаць, працягвала пэўныя стасункі з суперніцай. У адной з публікацый К. Ібрагімаў узгадваў пра сустрэчу з Н. Молевай. Тая «распавяла, што на пачатку 90-х гадоў Р. Ахматава прыехала да яе і прывезла на захоўванне дыван, сказаўшы, што ў рэспубліцы пачынаюцца смутныя часы. Дыван незвычайны. Ён належаў імаму Шамілю. Папрасіла захаваць яго» (Н. Молева паклала дыван, які датаваўся XI стагоддзем, у банкаўскую скрыню, занесла ў каталог, а пазней вярнула яго ў Чачню). Зразумела, што такі візіт быў бы немагчымы, калі б былыя суперніцы не падтрымлівалі пэўныя адносіны на працягу ранейшых гадоў. Але ў тыя часы Р. Ахматавай і Н. Молевай ужо не было каго дзяліць. Зрэшты, праз гады, у 2009-м, Ніна Міхайлаўна напісала артыкул для газеты «Литературная Россия», дзе назвала Раісу «жонкай» Караткевіча. Што гэта: канстатацыя грамадзянскага шлюбу, дробная жаночая помста ці спроба адвесці ўвагу ад сябе? Магчыма, наступны раздзел дапаможа адказаць на пытанне.

Ніна, або Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева. Рэканструкцыя адносін

Постаць Ніны Міхайлаўны Молевай, доктара гістарычных навук і кандыдата мастацтвазнаўства, аўтара шэрагу навуковых і мастацкіх твораў, добра вядомая ў Беларусі. У 1958–1960 гадах яна выкладала гісторыю мастацтваў, дакладней «Псіхалогію стварэння мастацкага твора (на матэрыяле гісторыі сусветнага мастацтва)» на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, дзе вучыўся Уладзімір Караткевіч. Агульнапрызнана, што Н. Молева стала прататыпам Ірыны Горавай у рамане пісьменніка «Нельга забыць». Тым не менш і цяпер гісторыя іх узаемаадносін з’яўляецца таямніцай, якая патрабуе свайго тлумачэння.

Адзначым, што ні У. Караткевіч, ні Н. Молева ніколі не казалі адкрыта пра свае пачуцці. Больш за тое, у 2009 годзе Ніна Міхайлаўна казала ў інтэрв’ю газеце «Комсомольская правда в Белоруссии» наступнае:

«– Нина Михайловна, в вас был влюблен Владимир Короткевич…

– Ни сном, ни духом! <…> Когда мне говорят о любви Короткевича ко мне, я всегда это слушаю с определенной неловкостью. Все, что я о нем знаю, это то, что может знать школьный учитель о своем ученике.

– Владимир Семенович признавался вам в любви?

– Что вы! Это было просто исключено.

– Но, говорят, именно из-за чувства к вам он не мог долго жениться.

– Конечно, мне, как любой женщине, очень лестно это слышать. Но не было никаких личных отношений».

Меркаванне Ніны Міхайлаўны псіхалагічна зразумелае, бо ніхто не жадае выносіць на агульнае агляданне ўласныя душэўныя таямніцы даўніх часоў. Але яе інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

Частка мае падзагаловак «Рэканструкцыя адносін», паколькі ў ёй аб’яднаны розныя крыніцы. З аднаго боку, гэта шэсць лістоў пісьменніка да Н. Молевай, якія былі перададзены апошняй у Цэнтральны маскоўскі архіў-музей асабістых збораў (надрукаваны ў зборніку «Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы»). Перапіска У. Караткевіча з сябрам Юрыем Гальперыным (арыгіналы лістоў захоўваюцца ў БДАМЛМ) і Янкам Брылём (апублікавана ў 1990 годзе ў зборніку «Шляхам гадоў»). З другога – непасрэдна творчасць пісьменніка: раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», вершы і паэмы.

Нават улічваючы, што раман аўтабіяграфічны, узнікае пытанне: наколькі можна давяраць мастацкаму тэксту? Сам Караткевіч наўмысна пісаў у пачатку кнігі: «Усе імёны і падзеі ў гэтым рамане – выдуманыя. Усякае падабенства з рэальна існуючымі людзьмі з’яўляецца выпадковым». Зрэшты, такія фразы звычайна змяшчаюцца, калі падабенства больш чым відавочнае. Асцярожны Анатоль Верабей адзначаў у кнізе «Абуджаная памяць», што «і персанажы твора, і мясціны, якія апісваў пісьменнік, пад уздзеяннем ягонай фантазіі набывалі сваё, самастойнае мастацкае жыццё». Каб разабрацца, якое значэнне ў рамане маюць сапраўдныя падзеі і людзі, раздзел пабудаваны наступным чынам. Літаратурны фрагмент у рамане па магчымасці суадносіцца з цытатай эпісталярнай спадчыны. Але ў любым выпадку, дадзеная праца з’яўляецца рэканструкцыяй, аўтарскай версіяй узаемаадносін паміж У. Караткевічам і Н. Молевай. Таму перанясёмся на паўстагоддзя ў мінулае, у Маскву часоў «адлігі». На календары – канец 1950-х гадоў…

Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Подняться наверх