Читать книгу Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча - Дзяніс Марціновіч - Страница 16
Раздзел І. «Донжуанскі спіс» Караткевіча
Частка 1
У Кіеве ды Оршы
Святлана
Хто яна, Святлана?
ОглавлениеДругое пытанне датычыцца асобы, пра якую ішла гаворка. Спярша атрымалася высветліць яе ініцыялы – С. М. Акрамя згадкі ў лісце да Ю. Гальперына (гл. вышэй) існуюць іншыя факты. Верш «Матчына душа», які даў назву першай кнізе Караткевіча, відаць, пачаў пісацца ў ліпені 1954 года. Бо менавіта гэтым часам датуецца аўтограф на рускай мове «Ты теперь у теплого моря» с прысвячэннем «С. М.-к», які знаходзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У БДАМЛМ захоўваецца беларускамоўны аўтограф пад назвай «Прадмова да песні. Прысвячаю С. М.», які датаваны прыкладна 1955 годам.
Пэўны час мяне не пакідала думка, што пад ініцыяламі «С. М.» хаваецца Муза Сняжко, аднакурсніца Караткевіча па Кіеўскім універсітэце. Але цяпер можна ўпэўнена адкінуць гэтую версію. Нават калі пасунуць убок ускосныя акалічнасці (неадпаведнасць першаму скарачэнню – «С. М.-к», а таксама традыцыя спярша скарачаць імя, а не прозвішча: Муза Сняжко, а не Сняжко Муза), застаецца галоўны аргумент: пасля заканчэння ўніверсітэта Муза Яўгенаўна некаторы час працавала ва Украіне, а потым перабралася разам з мужам Эрыкам Іванавічам у Архангельскую вобласць. Пасля вярнулася на Радзіму, дзе шчасліва жыве і дагэтуль. Нагадаю, што абранніка С. М. клікалі Міхаіл.
Існуе некалькі аргументаў на карысць таго, што дзяўчыну клікалі Святлана. Перш за ўсё, менавіта такі чалавек узгадваецца ў адным з лістоў Караткевіча да Гальперына (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 11. Арк. 13). У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ захоўваецца цыдулка да Уладзіміра ад невядомай нам Святланы (гл. вышэй). Але галоўны аргумент – цытаваны вышэй невялікі ліст, дзе ідзе размова пра Святлану М. На жаль, пакуль няма пэўнай інфармацыі, якая б дазволіла дакладна ідэнтыфікаваць асобу дзяўчыны, якую кахаў Уладзімір Караткевіч. Найбольш просты шлях – знайсці спісы выпускнікоў, якія ў сярэдзіне 1950-х гадоў закончылі кіеўскія ВНУ, і суаднесці іх з імем і скарачэннем прозвішча. Будзем спадзявацца, што збор дакладных звестак застанецца справай часу.