Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 10
Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 7
КАХАННЕ КАРАЛЯ І ПАДДАНАЙ
ОглавлениеВаршава
(сакавік 1635 года)
У сакавіку 1635 года ў Варшаве меўся пачацца сойм. На яго прыбыў і князь Крыштаф у суправаджэнні пышнай світы са сваіх самых значных кліентаў і паважаных літоўскіх ураднікаў, а таксама ўласнай гусарскай харугвы, якая падкрэслівала моц яго дому. Князь меў намер нарэшце ўзяць у рукі вялікую гетманскую булаву. У карэце побач з князем сядзела і Катарына, якую бацька рашыўся паказаць на каралеўскія вочы. З’яўленне рудавалосай прыгажуні выклікала вялікае хваляванне сярод вяльможнага панства, асабліва сярод тых кавалераў, што стаміліся халасцякаваць. Князёўна, дзякуючы свайму багаццю і прыгажосці, была ці не самай выгаднай і жаданай нявестай ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Яшчэ не паспела княжацкая карэта завярнуць у двор варшаўскага палаца князя гетмана, як пад яго шчыльна прычыненыя вокны пацягнуліся хлопцы ў спадзяванні хоць мільгам пабачыць пяшчотны дзявочы твар ці паспрабаваць знайсці супольную мову з якой-небудзь з прыслужніц Радзівілаўны, каб лягчэй пратаптаць сцежку да сэрца князёўны. Але ўсіх іх спасцігла няўдача: Катарыны яны так і не ўбачылі, а прыслужніцы, настрашаныя князем Крыштафам, цураліся ўсіх прыхільнікаў гаспадыні, не спакушаючыся ні падарункамі, ні ласкавымі словамі. У гэтым натоўпе стаяў і Юрый Караль Глябовіч – анікштынскі і радашковіцкі староста, сын нябожчыка смаленскага ваяводы і віленскага кашталяна Мікалая Глябовіча. Усе Глябовічы былі прыгажуны, і Юрый таксама не быў выключэннем. У свае дваццаць гадоў ён лічыўся адным з самых стройных кавалераў пры каралеўскім двары. Па яго нябесна-сініх вачах сохла сэрца не адной дзяўчыны, але сам прыгажун не спяшаўся пакідаць свайго сэрца нідзе. Пад вокны гетманскай дачкі яго прывёў прыкры выпадак: князь Януш, якога кароль у той дзень затрымаў у сябе, так спяшаўся сустрэць бацьку і сястру, што, не знайшоўшы сваёй карэты на перапоўненым каралеўскім двары, скарыстаўся карэтай свайго сябра Глябовіча. Юрый, выявіўшы прапажу, усё ж адшукаў карэту князя і прыехаў у ёй да палаца Радзівілаў, спадзеючыся атрымаць назад сваю ўласнасць. Але аказалася, што Януш, вярнуўшыся дадому, адразу ж адаслаў пазычаную карэту назад да гаспадара, а княжацкі фурман не жадаў везці Глябовіча дамоў, не атрымаўшы на гэта дазволу Радзівіла. Пачуўшы такі адказ, пан Юрый прайшоў у палац і загадаў слугам далажыць князю Янушу пра сябе. Але тыя не адважыліся, бо князь гетман строга папярэдзіў, каб іх з сынам не турбавалі. Праклінаючы радзівілаўскую бесцырымоннасць, пан Юрый ужо вырашыў вяртацца дадому пешкі, як раптам адчыніліся бакавыя дзверы і з іх выйшла князёўна Катарына. Кінуўшы зацікаўлены погляд на госця, яна прайшла ў бацькавы пакоі, а Глябовіч быў так зачараваны яе прыгажосцю, што забыў і пра карэту, і пра ўсё на свеце. Як у тумане ён выйшаў з палаца і далучыўся да натоўпу прыхільнікаў, каб разам з імі да самай цемры бяздумна глядзець на зачыненыя вокны…
⁂
Пасля доўгага растання сустрэча бацькі і сына, вядома, была вельмі сардэчнаю. Гетман доўга трымаў Януша ў абдымках, а выпусціўшы, занепакоена агледзеў схуднелую за час хваробы фігуру і спакутаваны твар сына, на якім яшчэ дзе-нідзе відаць былі выродлівыя сляды воспы.
– Не так і дрэнна, – з палёгкай уздыхнуў ён. – Прынамсі, дзеўкі насамі круціць не будуць.
– Так, мне лёгка абышлося, – сказаў Януш. – Асабліва ў параўнанні з прынцам Казімірам, чыя агідная фізіяномія цяпер нагадвае чарвівы яблык…
Але, убачыўшы, што бацьку не падабаюцца такія словы, адкашляўшыся, спытаў:
– Як там Багуслаў?
– Наш разумнік расце як на дражджах, – ахвотна адказаў князь Крыштаф з добрай усмешкай, якая заўсёды з’яўлялася на яго твары пры згадцы пра пляменніка. – Зараз у Кейданах разам з сілезскім прынцам Хрысціянам Легніцкім, што да нас вучыцца прыехаў. Аднак я загадаў ехаць у Біржы, дзе архітэктар Піркен паглыбіць яго веды ў матэматыцы і ваеннай фартыфікацыі. І загадаў Саковічу, каб працягваў з княжычам фехтаваць, бо ў баі з прыёмаў месье дзю Берта мала толку будзе.
Пасля гэтых слоў бледны твар Януша зраўняўся колерам з чырвонымі шаўковымі стужкамі на яго камзоле з серабрыстага атласу.
– І ты давяраеш майго кузэна гэтаму сатане? – абурана ўсклікнуў ён.
– Вядома, – здзівіўся князь Крыштаф. – Адаму я б і жыццё даверыў… О, дачушка!
У пакой нячутна зайшла князёўна Катарына, і з яе прыходам думкі абодвух Радзівілаў вярнуліся да той справы, дзеля якой яны, уласна, і прыбылі ў Варшаву. Аднак дзяўчына, зразумеўшы, чаго чакае ад яе бацька, мела дастаткова розуму, каб усумніцца ў поспеху яго задумаў.
– Ужо шмат часу прайшло, як Уладзіслаў заляцаўся да мяне, – горка ўздыхнула яна. – Палюбоўніц у яго было пасля – не злічыць. А цяпер, кажуць, што кароль са Львова нейкую шлёндру прывёз, закахаўшыся ў яе па вушы. У каралеўскім палацы яе пасяліў, шляхецтва даў і ўсе ночы з ёй бавіць…
Князь гетман адразу ж здагадаўся, адкуль ідуць такія падрабязныя звесткі, і раздражнёна азірнуўся на сына:
– Ты не мог прытрымаць язык?
– Шыла ў мяшку не схаваеш, – адмахнуўся Януш. – Сам у гэтым пераканаешся, калі наведаеш каралеўскі палац. Відаць, дзяўчына немалых талентаў, я ніколі не бачыў караля такім шчаслівым.
– Вось бачыш! – Кася дакорліва паглядзела на бацьку і так страсянула галавой, што яе рудыя кучары аж заскакалі вакол аблічча.
– Ты, дачка, ужо сябе са шлёндрамі раўняеш? – холадна пацікавіўся князь Крыштаф. – Ты лепш паглядай у бок Ганны Вішнявецкай, бо, як паведамляюць мае інфарматары, князь Ярэма ўсё стараецца сястру каля караля пасадзіць і сам-насам іх пакінуць.
– І пасаг за яе ці не ў шэсцьсот тысяч абяцае! – дадаў Януш.
– Вось-вось. Але ты не сумуй, маё сэрца, – ужо зусім лагодна сказаў гетман, заўважыўшы, што дачка яшчэ больш нахмурылася. – Каб ты моцна караля да сябе прывязала, дык я ў шчодрасці Вішнявецкаму ні ў чым не саступіў бы! Ва Уладзіслава ў кішэнях вецер гуляе, і ні адна з еўрапейскіх прынцэс, якіх яму сватаюць, такога пасагу не прынясе… А пра Ядвіжку не гаруй – з ёй кароль хоць і начуе, ды на сталец не пасадзіць.
– Зраблю ўсё, што змагу, – ціха сказала Катарына.
⁂
На наступны дзень Радзівілы паспяшаліся ў каралеўскі палац, дзе, як заўсёды, было поўна людзей. Аж у вачах мільгацела ад рознакаляровых убораў яснавяльможнага панства і іх початаў, чырвоных кардынальскіх і ліловых епіскапскіх мантый, беганіны слуг, што насіліся туды-сюды з рознымі даручэннямі, а ў галаве звінела ад сотняў галасоў, якія гулі тысячамі надакучлівых мух. Аднак Радзівілы пачуваліся ў гэтай мітусні нібы рыбы ў вадзе, умела рассякаючы натоўп, што расступаўся перад імі, як мора перад Майсеем і сынамі Ізраілевымі. Пан Глябовіч таксама быў там. Жадаючы, каб яго прадставілі чароўнай князёўне, ён кінуўся наўздагон Радзівілам. Каб іх дагнаць, юнаку прыйшлося нямала пастарацца, і ўсё дарма, бо князь гетман зусім яму не ўзрадаваўся.
– А, пане Глябовіч, – халодна павітаўся ён і адразу ж патлумачыў прычыны сваёй няветлівасці:
– Мне сказалі, што ты перадаў некалькі кальвінісцкіх храмаў у сваіх уладаннях каталікам?
Юрый, які спадзяваўся на больш прыветную сустрэчу, сумеўся.
– Я павінен выканаць волю бацькі, запісаную ў тастаменце, – пачаў ён апраўдвацца. – А кальвіністам ніколі ніякай крыўды не рабіў і рабіць не буду. У рэшце рэшт, мой дзед спавядаў гэтую веру, а бацька на каталіка перахрысціўся, каб Смаленскае ваяводства атрымаць.
Ён горача зірнуў на Катарыну, якая ледзь прыкметна яму ўсміхнулася.
– Нябожчык смаленскі ваявода, хай зямля яму будзе пухам, у юнацтве яшчэ падаваў добрыя надзеі, але пад старасць зусім звар’яцеў, – спакойна адказаў князь Крыштаф. – І, здаецца, яго сын мудрасцю пахваліцца таксама не можа.
Юрый разгублена паглядзеў на Януша, але той адвярнуўся, усім сваім выглядам паказваючы, што згодны з бацькам.
– Ды слова гонару… – пачаў пан Глябовіч, але Радзівілы, холадна кіўнуўшы яму на развітанне, ужо пайшлі вітацца з канцлерам Альбрэхтам, які з крывадушна-салодкай усмешкай раскрыў ім абдымкі.
Пакуль сваякі абменьваліся вітаннямі, Катарына, гулліва схіліўшы галаву набок, разглядала пана Юрыя. Відаць было, што яго прывабнасць зрабіла на дзяўчыну ўражанне.
– Не звяртай увагі, пан староста, – прашаптала яна, і пяшчотны голас загучаў у вушах закаханага хлопца чароўнай музыкай. – Але, уціскаючы маіх адзінаверцаў, ты наўрад ці здолееш спадабацца бацьку.
Глябовіч кінуўся да яе.
– Клянуся выратаваннем уласнай душы, для вашай княжацкай міласці я б адкрыў кальвінісцкі збор у кожным мястэчку сваіх уладанняў, на кожным хутары…
Катарына засмяялася, бліснуўшы беласнежнымі зубкамі, і, абапёршыся на руку брата, пайшла далей.
– Я верны слуга чароўнай панны! – крыкнуў ёй пан Юрый і хацеў пабегчы следам, але яго спыніў пан Мікалай Абрахамовіч – адзін з найбліжэйшых сяброў князя Януша.
– Дарма стараешся, Глябовіч, – сказаў Абрахамовіч. – Гэтая ружа не для цябе расцвіла.
– А для каго ж? – воўкам паглядзеў на яго Юрый. – Можа, для цябе?
Яго рука міжволі сціснула шаблю, але пан Мікалай толькі зарагатаў.
– Сам убачыш…
Адштурхнуўшы Абрахамовіча, Глябовіч панёсся да аўдыенц-залы, няветліва распіхваючы тых, хто блытаўся пад нагамі. Зайшоў туды як раз своечасова, бо слугі ўжо зачынялі дзверы, і дворны маршалак, тройчы ўдарыўшы ў каменную падлогу сваім кіем, абвясціў пра выхад караля. Стаўшы на дыбачкі, Юрый за галовамі прыдворных разглядзеў, як сардэчна павіншаваў кароль літоўскага гетмана, і той ветліва адказаў на ласкавыя каралеўскія словы. Па завяршэнні прывітальных цырымоній князь Крыштаф сказаў:
– Сын паведаміў мне, што ваша вялікасць жадае бачыць маю дачку. Паколькі воля вашай вялікасці для мяне святая…
Катарына выступіла наперад і прысела ў цырымонным рэверансе, але не апусціла вачэй уніз, як зрабіла б на яе месцы любая дзяўчына. Схіліўшы набок галаву, яна паглядзела ў вочы каралю. Януш, які стаяў побач, задаволена ўсміхнуўся, заўважыўшы, што шчокі Уладзіслава пачырванелі. Вялікае каханне не забываецца, і ў справядлівасці гэтых слоў польскі валадар пераканаўся адразу ж, як убачыў Радзівілаўну. Яго сэрца забілася так часта і моцна, што той грукат павінны былі пачуць усе прыдворныя.
– Мы радыя бачыць цябе, княжа, і асабліва прыгажуню князёўну, – сказаў ён і, памаўчаўшы, дадаў: – Ясная панна стала яшчэ прыгажэйшай з таго часу, як мы мелі шчасце бачыць яе.
Катарына, міла пасміхнуўшыся, зноў прысела ў рэверансе. Кароль не зводзіў з яе вачэй, забыўшыся ў гэты момант пра ўсё на свеце. Спахапіўшыся, паведаміў, што жадае сам-насам перагаварыць з князем гетманам, пасля чаго прайшоў з ім у асобны пакой. Убачыўшы, што князёўна засталася толькі пад апекай брата, пан Глябовіч смела ірвануў наперад, аднак прыдворныя стаялі так шчыльна, што немагчыма было прабіцца праз той жывы заслон. А пакуль Юрый спрабаваў гэта зрабіць, вярнуўся князь Крыштаф, бо прыватная каралеўская аўдыенцыя працягвалася зусім нядоўга, і яны з дачкой пакінулі палац.
Пасля пан Глябовіч амаль штодня бачыў князёўну. Некалькі разоў яна была на каралеўскіх балях, але сядзела каля Уладзіслава, так што Юрый мог толькі любавацца яе прыгожым тварам, молячы бога аб тым, каб яна адчула яго погляд і адказала на яго сваёй усмешкай. Усявышні чуў малітвы, таму што калі іх вочы сустракаліся, Катарына ўсміхалася Юрыю куды больш шчыра, чым каралю, які таксама не зводзіў з яе вачэй. Затым князь гетман даваў у сваім палацы абед, на якім быў і яго вялікасць. Глябовіч таксама быў там і, набраўшыся нахабства, запрасіў князёўну на танец. Шаптаў ёй на вуха нейкія глупствы, шчаслівы, што яго словы выклікаюць не асуджэнне, а шчыры смех. Пасля танца кароль зноў завалодаў рукой і ўвагай чароўнай дзяўчыны, але Юрый ужо не звяртаў на гэта ўвагі. У яго нібы выраслі крылы, і яго душа ад шчасця паднялася так высока, што хацела дабрацца да бога, але яго хутка апусціў на зямлю князь Януш.
– Не глядзі ў той бок, пан староста, таму што для цябе там шчасця няма, – наблізіўшыся, параіў ён.
– Чаму? Я што, не раўня Радзівілам?
Глябовіч мог абражацца, бо ён належаў да аднаго з самых разгалінаваных і багатых родаў Вялікага Княства Літоўскага, які даў краіне многіх мудрых дзяржаўных мужоў, а яго маці была Марцыбела Ганна са знакамітых Карэцкіх, валынскіх князёў. Год таму ён страціў бацьку і брата, засяродзіўшы ў сваіх руках значныя сямейныя ўладанні. Нягледзячы на гэта, твар Януша кепліва таргануўся, бо словы «так, не роўня» ўжо круціліся ў яго на языку. Але Радзівіл не жадаў сварыцца з Глябовічам, якому сімпатызаваў, таму сказаў:
– Ты каталік, але калі б і не быў ім, дык бацька адносна будучыні сястры іншае меркаванне мае. Таму прашу цябе трымацца ад Касі далей.
Юрый застыў, быццам громам удараны. Хоць першае сапраўднае каханне і заспела яго знянацку, усё ж ён быў поўны рашучасці змагацца за сваё шчасце.
– Вы з князем гетманам можаце забараніць мне бачыцца з князёўнай, але кахаць яе мне ніхто перашкодзіць не можа, – кусаючы вусны, прамовіў ён.
Януш адкашляўся.
– Я цябе папярэдзіў, – сказаў ён, адыходзячы.
⁂
Вярнуўшыся дадому, Юрый доўга разважаў над словамі Януша, вырашаючы, ці не варта яму разлічыцца з князем па-рыцарску за такую пагарду. Але, зразумеўшы, што хоць пераможцам, хоць пераможаным ён Катарыну не атрымае, пан староста вырашыў скарыстацца з добрай парады і выкінуць з галавы ўсе думкі аб князёўне. Аднак уласная ўпартасць сыграла з Глябовічам злы жарт: чым больш ён спрабаваў забыць Радзівілаўну, тым часцей яе прыгожы твар уставаў у яго перад вачыма. Дайшло да таго, што пан Юрый мог думаць толькі пра князёўну. З думкай пра яе прачынаўся, снедаў, абедаў і вячэраў, і шчасліва засынаў, ужо загадзя ведаючы, што ў сне зноў убачыць яе ганарлівую ўсмешку і цёмна-сінія вочы. Таму і не здзівіўся, калі аднойчы вечарам, пакідаючы палац праз чорны ход, каб хутчэй дабрацца да сваёй карэты на малым двары, убачыў наперадзе стройную дзявочую фігуру, якая падалася знаёмай.
«Касенька!» – радасна падумаў Юрый, і, перш чым пан староста зразумеў, што мог і памыліцца, ногі самі панеслі яго ўслед за таямнічай дзяўчынай.
Заўважыўшы пераследніка, дзяўчына паскорыла крок, так што пану Глябовічу давялося амаль бегчы, каб яе дагнаць. Сэрца не падманула – гэта была Катарына! Убачыўшы знаёмы твар, яна з палёгкай уздыхнула і, прыціснуўшы руку да грудзей, спрабавала супакоіць сэрца, якое білася ад хвалявання і нечаканай пагоні.
– Гэта ты, пан староста, пераследаваў мяне? – смеючыся, запытала князёўна. – А я ўжо думала, гэта адзін з рабаўнікоў з дзікага шляху перабраўся ў каралеўскія пакоі!
– Сам не ведаю, як гэта адбылося, – пачырванеў Юрый, які толькі цяпер заўважыў, што сапраўды знаходзіцца ў той частцы палаца, дзе жыў Уладзіслаў. – Мае ногі самі пайшлі ўслед за вашай княжацкай міласцю…
– Дарма пайшлі, – строга перапыніла яго Катарына. – Цяпер ім лепш павярнуць назад.
Дзяўчына змоўкла, трывожна прыслухоўваючыся да галасоў у галерэі, дзе яшчэ некалькі хвілін таму нікога не было.
– Напрамілы бог, пан Глябовіч, ідзі адсюль, – папрасіла яна. – Цябе не павінны тут бачыць.
– Я кахаю цябе, – сказаў Юрый, і гэта было сапраўды тое, што ён хацеў сказаць. Дзяўчына пачырванела.
– Вам, пан староста, не выпадае гаварыць мне такія рэчы, а мне не трэба іх слухаць, – строга сказала яна, аднак куткі яе ганарліва сціснутых вуснаў міжволі падняліся, каб выпусціць на волю пяшчотную ўсмешку.
Зразумеўшы, што яго прызнанне не было для каханай непрыемным, Глябовіч кінуўся да дзяўчыны:
– Кахаю…
Аднак прыгажуня ўжо апамяталася, і яе твар зноў прыняў стрыманы радзівілаўскі выгляд.
– Спыніся, пан Глябовіч, – загадала яна так уладарна, як можа звяртацца толькі каралева да свайго падданага, і гэтая змена крыху працверазіла закаханага юнака, – ён застыў на месцы.
Між тым галасы з калідора няўхільна набліжаліся. Юрыю здалося, што ён пазнае смех Уладзіслава.
– Кароль, – прашаптаў ён і, прыслухаўшыся, сказаў: – І князь Альбрэхт!
Князёўна ўскрыкнула і кінулася да іншых дзвярэй, але тыя, як на ліха, былі зачыненыя. Яна спалохана азірнулася на Юрыя.
– Табе трэба схавацца. Хутка!
– Навошта? – здзівіўся Глябовіч, але Катарына схапіла яго за рукаво і пацягнула да вялікага каміна.
Уладзіславу не хапала грошай, таму, нягледзячы на халодную вясну, слугі тапілі толькі ў тых пакоях, дзе жыў кароль. Радзівілаўна падштурхоўвала, і пан Глябовіч пакорліва палез у схованку, дзе некалькі разоў чхнуў, бо там было поўна сажы.
– Цішэй, – прашыпела князёўна, спрытна падсоўваючы бліжэй адно, а потым і другое цяжкае разьблёнае крэсла, высокія драўляныя спінкі якіх надзейна прыкрылі камін.
Толькі яна гэта зрабіла, як дзверы адчыніліся і на парозе з’явіўся кароль. Ён быў апрануты па-хатняму і мала падобны на ўладара велізарнай краіны.
– О, мая Касенька! – усклікнуў ён, працягваючы да князёўны рукі, унізаныя каштоўнымі пярсцёнкамі. – Прабач, што змусіў цябе чакаць. Гэта князь канцлер затрымаў мяне размовамі аб маскоўскіх паслах, якія прыбылі, каб атрымаць назад той элекцыйны дыплом, па якім мяне калісьці маскоўскім царом абралі. Паўсюль мы яго шукалі, але так і не знайшлі.
– Што ж цяпер будзе? – спытала князёўна і, прысеўшы ў грацыёзным паклоне, паклала свае далікатныя ручкі ў каралеўскія далоні.
– Давядзецца нешта прыдумаць для паноў паслоў, небаракі баяцца вяртацца дадому. Кажуць, як не прывязуць гэтае пагадненне, цар ім галовы паздымае, – сказаў Уладзіслаў і пяшчотна дакрануўся вуснамі да яе тонкіх пальчыкаў.
– Ох, гэтыя маскоўскія парадкі, – закаціла вочы Катарына і паспрабавала забраць руку. – Здаецца, я чула голас дзядзькі Альбрэхта? – хітра дадала яна, бо кароль яе не адпускаў.
– Князь ужо сышоў, – паведаміў Уладзіслаў і, распалены жарсцю, прыцягнуў дзяўчыну да сябе.
З каміна данесліся падазроныя гукі, на якія яго вялікасць не звярнуў увагі, затое князёўна аж задрыжала. Кароль здзіўлена паглядзеў на яе:
– Што з табой, мая цудоўная панна?
– Холадна, – прастукала зубамі Катарына, якая сапраўды дрыжала, нібы ў ліхаманцы, але зусім не ад холаду, ды Уладзіслаў, вядома, не мог гэтага ведаць.
– Я разганю гультаёў, якія зусім не клапоцяцца пра здароўе свайго караля, – вылаяўся ён. – Хадзем у спальню, мая прыгажуня. Мабыць, гэта адзінае месца ў палацы, дзе можна сагрэцца. Прынамсі, калі я адтуль выходзіў, дровы ярка гарэлі… Але, сагрэўшы твае ручкі, ці ж адагрэю я тваё сэрца?
Катарына пачырванела. Калі за ёй і Уладзіславам зачыніліся дзверы, пан Глябовіч вылез са свайго сховішча. Твар і адзенне юнака былі густа перапэцканыя сажай, але яшчэ большая, беспрасветная чарната ляжала ў яго на душы.
– За што, літасцівы божа? – прашаптаў Юрый і пайшоў, нават не спрабуючы стрымаць слёз, якія здрадліва паліліся з вачэй.
Плакаў не ён адзін. У сваіх пакоях рыдала і Ядвіга Лушкоўская – ад сёння кароль праз свайго пасланца забараніў ёй трапляцца яму на вочы.