Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 14
Частка 2
ІМПЕРСКІ ПРЫНЦ
Раздел 2
ПРЫГОДЫ ПАЧЫНАЮЦЦА
ОглавлениеГданьск – Шчэцін – Трыбзес – Штральзунд – Гронінген
(жнівень – лістапад 1637 года)
Добры ад’езд – яшчэ не зарука шчаслівай дарогі. У справядлівасці гэтага сцвярджэння Багуслаў і яго спадарожнікі пераканалася ўжо ў Гданьску. Адтуль вандроўнікі меркавалі адплыць гандлёвым суднам да Любека, а там ехаць па сушы ў Нідэрланды, наведаўшы дарогай нямецкіх сваякоў князя. Але калатнеча з выплатай гандлёвага мыта паміж гданьцамі і каралеўскімі ўраднікамі прывяла да таго, што купецкія караблі баяліся заходзіць у порт, а тыя адчаюгі, што рашаліся выпрабаваць лёс, рабіліся закладнікамі. Падарожнікі два месяцы нудзіліся ў горадзе, чакаючы прыдатнага судна. А калі такое нарэшце знайшлося і выйшла ў мора, дык трапіла ў моцны шторм, які насіў іх па хвалях аж восем дзён. Ветразі былі безнадзейна сапсаваныя, і капітан аддаў загад вяртацца ў Гданьск. Праклінаючы ўсё на свеце, Радзівіл з таварышамі сышлі на бераг, ледзь трымаючыся на нагах.
– Я думаў, што канец прыйшоў, – мармытаў Стаброўскі і хутка вывернуў сабе пад ногі ўсё змесціва страўніка, запырскаўшы боты Невяроўскаму, за што і атрымаў добрага штурхаля ад зялёнага як трава Яна.
Пан Пуцята хацеў спыніць сварку, але млоснасць, што падступіла да горла, перашкодзіла, ды і ў змучаных юнакоў не было сіл біцца далей.
– Не, морам я больш не паплыву, – заявіў Багуслаў, які таксама трымаўся за жывот.
– А вашай княжацкай міласці гэта і не ўдасца, – трохі аддыхаўшыся, паведаміў Пуцята. – Капітан кажа, што карабель патрабуе доўгага рамонту…
Няшчасныя вандроўнікі таксама мелі патрэбу ў адпачынку і некалькі дзён прыходзілі ў сябе, а потым зноў паўстала пытанне, як падарожнічаць далей. У мірныя часы прасцей, вядома, было сушай, аднак цяпер падарожжа праз ахопленую вайной Памеранію, праз шведскія і аўстрыйскія войскі, здавалася самагубствам. І ўсё ж князь, стаміўшыся сядзець на месцы, гатовы быў рашыцца і на гэты адчайны крок.
– Я, пан Пуцята, так разумею наша становішча, – зазначыў Багуслаў, – што трэба альбо любой цаной рухацца наперад, або вяртацца з ганьбай дадому, на што я пагадзіцца не магу, – рашуча падкрэсліў ён, заўважыўшы, што выхавацель сабраўся пратэставаць. – Я напішу шведскаму губернатару Шчэціна і атрымаю ў яго пашпарт для далейшага падарожжа.
– Як можна? – спалохаўся пан Самуэль. – Да Шчэціна ж тры сотні міль, і дзе ж гэта бачана, каб з такой колькасцю людзей і рэчаў лезці проста ваўку ў пашчу! Не дай бог, яшчэ на марадзёраў нарвемся. Для разбойнікаў і шведскім пашпартам, і каралеўскім рэкамендацыям – адна цана… А выдаткі?! Ды такое падарожжа будзе каштаваць дзесяць з паловай талераў[74] з асобы! І гэта яшчэ без аплаты аховы, якую, з улікам небяспекі, трэба будзе павялічыць удвая!
– Я вазьму з сабой толькі тых людзей, якія добра трымаюць зброю і захочуць са мной жыццём рызыкнуць, – адрэзаў князь. – А з рэчаў – толькі самыя неабходныя. Паедзем у паштовых карэтах, калі трэба, дык і інкогніта, каб дарма не траціцца на ганаровыя бразготкі. А хто не прыме маю прапанову, няхай вяртаецца дадому. Гэта ўсё.
Шляхціцы, аднак, усе як адзін пагадзіліся ехаць далей. Пан Пуцята, зразумеўшы, што апошняя агаворка тычыцца і яго, пакінуў свае адгаворы, молячы неба, каб губернатар падарожную не даслаў. Неба было на баку Багуслава, таму, атрымаўшы чаканы пашпарт, ён адправіў вялікую частку рэчаў і некаторых са слуг дадому, а сам, наняўшы дзве паштовыя карэты і дадатковы ваенны эскорт для аховы ды заклікаўшы бога на дапамогу, адправіўся ў дарогу…
Нягледзячы на ўсе асцярогі пана Пуцяты, у Шчэцін яны прыбылі без прыгод. Адтуль князь, не губляючы часу, паспяшаўся ў Любек, спадзеючыся неяк праскочыць міма шведскіх і аўстрыйскіх войск, якія набліжаліся да горада. Але дзе там…
⁂
– Што я пачуў! – засопшыся, выдыхнуў Цадроўскі, што як віхор заляцеў у прыдарожную карчму, дзе начавалі нашы вандроўнікі.
Таварыства снедала, ляніва рухаючы яшчэ соннымі сківіцамі, бо ўсе прачнуліся на досвітку, каб хутчэй адправіцца ў дарогу: надоўга спыняцца ў гэтых ахопленых вайной краях было б вельмі неразумна.
– Ян, за табой шведы гоняцца або, можа, а-а-аўстрыйцы? – пазяхнуў Багуслаў, адгрызаючы кавалак смажанай каўбасы. – Што здарылася?
– Урангель[75]… Урангель ноччу стаў лагерам пад Грэйфсвальдам, – хутка загаварыў шляхціц. – Калі паедзем далей, праз тры-чатыры гадзіны трапім яму ў рукі! А напярэймы шведам з-пад Макленбургу ідзе велізарнае аўстрыйскае войска! Мяне пра гэта адзін купец папярэдзіў, які ехаў па справах і наткнуўся на ўрангелевых жаўнераў. Усё, што было, у небаракі забралі, добра, што хоць жывога пусцілі. Трэба вяртацца ў Шчэцін, бо і з намі тое самае будзе!
Пачуўшы гэта, усе прысутныя падхапіліся на ногі.
– Я так і ведаў, што апынёмся паміж двух агнёў! – не змаўчаў пан Пуцята, кінуўшы выразны погляд на Багуслава, які па-ранейшаму сядзеў. – Што ж цяпер рабіць?
Радзівіл нядоўга разважаў.
– Я думаю, нам бяспечней падарожнічаць пад шведскай аховай, – вырашыў ён і не стрымаў усмешкі, гледзячы на свой спалоханы почат.
– Пан Цадроўскі, сядзь і падсілкуйся трохі, я не ведаю, якімі стравамі нас Урангель пачастуе.
Ян так і сеў, дзе стаяў. Яго таварышы засталіся стаяць, не зводзячы вачэй з Радзівіла. Стаброўскі нервова рагатнуў, думаючы, што князь жартуе. Але той і не думаў смяяцца.
– Што ваша міласць хоча гэтым сказаць? – закаціў вочы выхавацель.
– Наведаем старога Урангеля і ўбачым, ці сапраўды ён такі добры ваяка, як пра яго кажуць, – патлумачыў сваю задуму Багуслаў. – Не бойся, пане Пуцята, – засмяяўся ён, бо рука выхавацеля пацягнулася да сэрца. – Хіба я не Радзівіл? Хіба не князь Свяшчэннай Рымскай імперыі? Ды шведскі фельдмаршал ад радасці скакаць будзе, для яго гэта гонар… Да таго ж, дзядзька раіў мне наведаць гэтага старога ваўка, калі будзе нагода, – дадаў ён. – І, шчыра кажучы, нам нічога больш не застаецца, як толькі выканаць яго пажаданне.
Імя князя Крыштафа зрабіла сваю справу, і пан Пуцята без лішніх слоў прыняў план Радзівіла, у глыбіні душы спадзеючыся, што купец нешта наблытаў і сустрэчы са шведскім войскам удасца пазбегнуць. Вандроўнікі паехалі далей, і ўжо пад Трыбзесам іх спыніў шведскі раз’езд. Камандзір зрабіў знак выйсці з карэты, пан Пуцята і шляхціцы так і зрабілі, а Багуслаў нават не зварухнуўся.
– Ta mig fan![76] Я загадаў выйсці з карэты! – вылаяўся афіцэр, зазіраючы ўсярэдзіну.
– Ветлівей, ты не з роўняй гаворыш, – перасцярог яго Радзівіл.
Натыкнуўшыся на цвёрды погляд юнага князя, афіцэр прыкусіў язык і павярнуўся да таварыша, які размаўляў з панам Пуцятам.
– Хто такія? – спытаў ён.
Пан Самуэль моўчкі працягнуў яму дарожны пашпарт ад каменданта Шчэціна. Глянуўшы ў яго, швед гучна свіснуў і азірнуўся на Багуслава.
– Прашу вашу светласць мне выбачыць, – злёгку пакланіўся і развёў рукамі: – Вайна!
Афіцэр сам узяўся суправаджаць падарожнікаў у шведскі лагер. Як і меркаваў Багуслаў, зірнуць на высокага госця сабралася ўсё шведскае камандаванне. Славуты фельдмаршал Герман Урангель аказаўся грубым пяцідзесяцігадовым мужчынам, а яго брутальныя звычкі сведчылі пра дрэннае выхаванне. Але Радзівіла ён сустрэў прыязна, адпусціўшы некалькі кампліментаў і самому князю, і яго сваякам, асабліва князю Крыштафу, з якім яму давялося сустракацца і на полі бою, і на дыпламатычнай ніве, падпісваючы мір у Штумсдорфе, а потым і пры святочным стале з гэтай нагоды.
– Добра, добра прыціснуў нас князь гетман у Інфлянтах, – зычліва гудзеў ён, частуючы вячэрай нечаканых гасцей. – Калі б вайна доўжылася яшчэ трохі, Швецыя б і Рыгі не ўтрымала, бо радзівілаўскай… то бок літоўскай стала б…
Гэта была шчырая праўда, і літвіны пачалі горда падкручваць вусы, а пан Рэйнольд, якому моцнае піва ўдарыла ў галаву, нават адкрыў рот, каб шчыра абурыцца і круцельствам французскіх ды шведскіх дыпламатаў, якія давялі да падпісання нявыгаднага для Вялікага Княства мірнага пагаднення, і глупствам палякаў, якія пагадзіліся на іх умовы. Але Багуслаў моцна сціснуў яму руку пад сталом. Юнаму князю хапіла мудрасці не звяртаць увагі на зачэпкі шведаў і згладжваць іх узважанымі жартамі і заслужанымі кампліментамі шведскаму войску і яго адважным генералам.
Пазнаёміўся Багуслаў і з сынам фельдмаршала – маладым капітанам кавалерыі Карлам Густавам[77]. Той узяўся паказаць дапытліваму госцю шведскі лагер, а пасля вячэры зладзіў князю і яго почату начлег у прыстойным намёце. Такая гасціннасць, зрэшты, была тыповай для таго часу, выхадцы з радавітых сем’яў, жадаючы паспрабаваць ваеннай удачы, часта наведвалі той ці іншы ваенны лагер, каб паваяваць пад рукой вядомага палкаводца.
– Бачыш, пан Пуцята, ты дарма хваляваўся, – падсумаваў Радзівіл, калі вандроўнікі, абачліва паклаўшы побач зброю, леглі спаць. – Шведы зусім не людаеды.
Пан Пуцята не змог запярэчыць, аднак падумаў, што засне спакойна толькі ў Галандыі, а яшчэ лепш – у Літве. І заснуў адразу ж як паклаў галаву на сядло. Юнакі – следам. Захроп нават Цадроўскі, што да гэтага часу не стамляўся праклінаць дзень, калі д’ябал падбіў яго паступіць на радзівілаўскую службу. Прыгоды ўжо нават пачалі яму падабацца – не такія яны, у рэшце рэшт, былі і страшныя…
Аднак надоўга забыцца ў абдымках Марфея падарожнікам не ўдалося. Яшчэ стаяла глухая ноч, як іх абудзілі поўныя жаху крыкі, страляніна, а трывожны голас трубы нават перакрываў бой баявых барабанаў. Зразумеўшы, што здарылася бяда, усе ўскочылі на ногі і, схапіўшы зброю, выскачылі навонкі, дзе панаваў хаос. Заспетыя знянацку сонныя людзі і коні мітусіліся ў гэтым пекле, шукаючы выратавання ці хаця б нейкага парадку. Жаўнеры шукалі камандзіраў, тыя клікалі сваіх воінаў, але іх немагчыма было пачуць у гэтым бязладдзі, бо кожны займаўся сваім лёсам і не меў часу думаць пра іншых. Спрабуючы зразумець, што адбываецца, Багуслаў схапіў за каўнер першага жаўнера, які трапіўся пад руку. Той пачаў вырывацца, спрабуючы вызваліцца.
– Was ist los? – крыкнуў князь яму ў твар. – Sag es doch![78]
– Österrikarna! – спалохана піскнуў той. – Det var rena infernot![79]
Ён паказаў рукой туды, адкуль даносіўся скрыгат зброі, і, вырваўшыся, пабег далей.
Князь уцяміў, што адбываецца, не са слоў, якіх не зразумеў, а па страху на твары шведа. Яго падазрэнне пацвердзіў і малады Урангель, што, лаючыся, выскачыў з намёта. Да драгунаў палкоўніка далучыліся і літвіны. Хутка нацягнуўшы баявыя даспехі, ускочылі на коней і панесліся з усіх ног на трывожны грукат барабанаў, які прыспешваў усіх рыхтавацца да бою…
⁂
Багуслаў, што з дзяцінства марыў аб ваеннай кар’еры, часта ўяўляў сабе, якім будзе першы ў яго жыцці бой. Уяўлялася яму, як пагодлівым сонечным днём ён садзіцца на белага, як снег, каня, і ляціць проста на варожыя шэрагі, што, як вясновая вада, расступаюцца перад ім. А ён крышыць ворагаў шабляй да поўнай перамогі. Князь не чакаў, што прымаць баявое хрышчэнне яму давядзецца ў поўным хаосе сярод тых самых шведаў, з якімі ён нядаўна збіраўся ваяваць, а тым больш у тым незайздросным становішчы, калі даводзіцца думаць не пра рыцарскую доблесць, а пра выратаванне жыцця. Усё адбывалася як у тумане. Стрэліўшы з пістоля ў твар нейкаму харвацкаму кавалерысту, Багуслаў краем вока паспеў убачыць, як вораг, абліўшыся крывавай юшкай, паваліўся на зямлю. Сам князь сышоўся ў двубоі з іншым імперцам, і праз імгненне яго шабля, са злавесным свістам разрэзаўшы паветра, прагна ўпілася ворагу ў грудзі. Храбусценне чалавечай плоці і пакутлівы праклён душы, якая развітвалася з целам, працялі сэрца юнака нібы нажом, а чырвоныя кроплі пралітай крыві запырскалі яму не толькі адзенне, але і душу. Першая пралітая кроў, першая смерць… Сціснуўшы зубы, Багуслаў прагнаў з вачэй крывавую заслону і ўмела адбіў удар наступнага ворага, які імкнуўся забраць яго жыццё, але замест таго знайшоў сваю пагібель…
Бой цягнуўся нядоўга. Мужная абарона шведскай кавалерыі не змагла стрымаць шалёную атаку краатаў[80], што заслужана лічыліся ўпрыгожаннем аўстрыйскага войска. Яны былі незамянімыя для вось такіх раптоўных нападаў, калі трэба было пасеяць паніку ў шэрагах праціўніка. Вокамгненна раскідаўшы слабую абарону, яны з крыкамі «Jesus, Marija» кінуліся граміць бязладныя шэрагі пяхоты, чый зладжаны роў «Gott mit uns»[81] хутка захлынуўся ў пакутлівым стогне параненых. Калі раніца абвясціла пра сябе халодным восеньскім святлом, хрыплы напружаны голас трубы скамандаваў адступленне…
Захапіўшы Трыбзес і ўзяўшы ў аблогу Грэйфсвальд, аўстрыйцы пачалі пераследваць шведскія войскі, якія хутка адыходзілі да Штральзунда. Аднак у іх не хапіла сіл, каб развіць свой поспех. Толькі дабраўшыся да горада, князь з таварыствам нарэшце змаглі перавесці дух і, успомніўшы мінулае, пагаварыць і пра будучыню. Некалькі воінаў з аховы Радзівіла загінулі ў баі, аднак для астатніх гэтая гісторыя шчасліва скончылася, хіба што Стаброўскі атрымаў драпіну, а пад панам Пуцятам забілі каня.
Аднак такой драбязой ніхто не пераймаўся. Выхавацель радаваўся, што Багуслаў застаўся цэлы і здаровы, а Самуля хвалявала зусім іншае.
– Хто б мог падумаць, што я калі-небудзь буду ў шведскім войску ваяваць! Што дома скажуць? – бедаваў ён.
– Супакой сумленне тым, што змагаўся на баку пратэстантаў і супраць каталікоў, – параіў Невяроўскі. – А дома трымай язык за зубамі.
– Выбіраць не даводзіцца, калі пра ўласнае жыццё ідзе гаворка, – справядліва заўважыў Радзівіл. – Але мой дом мае да шведаў занадта вялікі рахунак за спустошаныя ў мінулай вайне ўладанні, каб я мог ганарыцца гэтым боем…
Ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але змоўк, заўважыўшы смяротна бледны твар Цадроўскага, які, хоць і сядзеў сярод таварышаў, аднак так паглыбіўся ў свае думкі, што нікога не заўважаў.
– Што з табой, Ян? – занепакоіўся князь.
Шляхціц не адказаў, і пан Пуцята, які лепш за Багуслава зразумеў, што адбываецца з юнаком, падаў яму поўны келіх гарэлкі.
– Да дна, – строга загадаў ён, калі Цадроўскі паспрабаваў адмовіцца. І шляхціц, падпарадкаваўшыся, выпіў.
Гаючы напой падзейнічаў адразу – прынамсі развязаў язык, і Ян пачаў выказваць усё, што было ў яго на сэрцы.
– Я застрэліў аднаго, потым біўся на шаблях… Ударыў, і галава саперніка трэснула як гарбуз, і раскалолася напалам… Усё было як у тумане. Я памятаю, як ударыў другога, а затым сышоў з каня і назіраў, як у яго вачах згасала жыццё. Вакол свісталі кулі, і мяне толькі цудам не закранула… Я забіў не яго, а сваю душу…
– Ну і дурань жа ты! – перапыніў Невяроўскі. – Лепш забіваць самому, чым дазволіць нейкаму паганаму аўстрыяку забіць сябе.
– Усё ж ты нядрэнна трымаўся, – парадаваў Цадроўскага Стаброўскі. – А я думаў, ты памрэш з перапуду, як толькі ворага ўбачыш.
Яны з Янам пераглянуліся і насмешліва зарагаталі.
– Замаўчыце абодва, – абарваў іх Радзівіл, бо перад яго вачыма таксама праляцелі жахі гэтага дня.
Ён павярнуўся да маршалка, і той, падбадзёрвальна ўсміхнуўшыся, напоўніў келіх і для яго. Адчуўшы, як пякучая вадкасць апаліла горла, князь пакінуў верадзіць душу і міжволі паморшчыўся:
– Якая брыдота! Пан Пуцята, здаецца, мы мелі з сабой яшчэ цэлы мех вугорскага?
– Ён загінуў разам з добрай паловай рэчаў вашай княжацкай міласці, калі крааты дагналі наш абоз, – адазваўся выхавацель.
Нягледзячы на дрэнную навіну, ён усміхаўся. Радзівіл спадылба зірнуў на яго і нечакана для сябе засмяяўся ў адказ. Пераглянуўшыся, засмяяліся і шляхціцы. Смяяліся ад шчасця, што выстаялі ў баі – нават не з праціўнікам, а з самімі сабой. Пралітая сёння кроў уразіла юныя душы і загартавала сэрцы. Усе адчувалі сябе бывалымі ваярамі: іх дзяцінства палегла на полі бою.
А Ян Цадроўскі першы і апошні раз у жыцці напіўся так, што мала богу душу не аддаў. Назаўтра яго выварочвала доўга і цяжка, аднак Багуслаў нават словам яго не папракнуў, толькі пахваліў за мужнасць.
Назаўтра паўстала пытанне, што рабіць далей. Штральзунд быў магутнай крэпасцю, аб якую нядаўна абламаў зубы сам Валенштэйн[82]. Можна было бяспечна жыць пад аховай яго ўмацаванняў, пакуль не знойдзецца магчымасць пакінуць горад морам. І пан Пуцята горача адстойваў гэты самы нудны, хаця і самы бяспечны спосаб падарожжа. Але Багуслаў, махнуўшы рукой на ўсе засцярогі выхавацеля, скарыстаўся сваім тытулам прынца Свяшчэннай Рымскай імперыі і з невялікім канвоем наведаў галоўны аўстрыйскі лагер, дзе засведчыў сваю пашану прынцу Медычы. Назіраючы, якія высокія ўшанаванні імперскія галоўнакамандуючыя аддаюць іх юнаму князю, выхаваныя па польскіх звычаях Невяроўскі і Стаброўскі, якія суправаджалі Радзівіла ў гэтай паездцы, зусім разгубіліся. І было чаго! У Рэчы Паспалітай княжацкія тытулы, не падмацаваныя пасадамі і значнымі прыбыткамі, не каштавалі нічога, і Радзівілы мелі дома вялікую вагу не дзякуючы імені, а праз свае значныя дзяржаўныя пасады. Аднак аказалася, што за межамі іх Айчыны тытулы, якімі так пагарджала шляхецкая брація, абараняючы пастулаты «залатой вольнасці», адчынялі любыя дзверы і забяспечвалі вялікую павагу з боку моцных гэтага свету.
Нягледзячы на цёплую сустрэчу, князь не стаў затрымлівацца ў гасцінных аўстрыйцаў, а працягнуў шлях у Гамбург і Брэмен. Нарэшце адкрылася прычына такой спешнасці – Багуслаў хацеў узяць удзел у грандыёзнай аблозе Брэды, якую ўжо некалькі месяцаў ладзіў галандскі штатгальтар Фрыдрых Генрых Аранскі. Але, прыбыўшы ў Дэлфзейл, князь з велізарным расчараваннем даведаўся, што аблога ўжо скончылася капітуляцыяй іспанцаў.
Цяпер нішто не перашкаджала Багуславу сесці за кнігі. Так ён і зрабіў, прыбыўшы ў Гронінген, каб паступіць у мясцовы ўніверсітэт. Пан Пуцята, які не скора прыйшоў у сябе пасля падарожжа і не пераставаў славіць бога за тое, што яно шчасліва скончылася, быў сам не свой ад радасці.
74
Назва срэбных манет, якія былі ў абароце на тэрыторыі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Талеры ўтрымлівалі ў сярэднім 29,5 г срэбра. Няцяжка падлічыць, што падарожжа Радзівіла каштавала нямала.
75
Герман Урангель (1587–1643) – шведскі фельдмаршал, генерал-губернатар шведскіх Інфлянтаў.
76
Чорт пабірай! (швед.)
77
Граф Карл-Густаў Урангель (1613–1676) – знакаміты шведскі адмірал і фельдмаршал, удзельнік і пераможца шэрагу бітваў часоў Трыццацігадовай вайны і польскага «Патопу», генерал-губернатар шведскай Памераніі (1648).
78
Што здарылася? Кажы! (ням.)
79
Аўстрыйцы!.. Там сапраўднае пекла! (швед.)
80
Так называлі харвацкую кавалерыю (размоўнае).
81
Ісус, Марыя…. З намі бог (ням.).
82
Альбрэхт Венцэль Айзебіус фон Вальдштэйн, больш вядомы як Валенштэйн (1583–1634) – герцаг Фрыдландскі і Мекленбургскі, князь Саганскі, генералісімус, адзін з галоўнакамандуючых войскаў Свяшчэннай Рымскай імперыі падчас Трыццацігадовай вайны.